Лукі 7 глава

Евангелле паводле Лукі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Толкование Иоанна Златоуста

Пераклад Чарняўскага 2017

1 А калі напоўніў Ён Сваімі словамі вушы людзей, што слухалі Яго, накіраваўся ў Кафарнаўм.
2 А ў аднаго сотніка быў паслугач, які быў яму вельмі дарагі, моцна хворы і пры смерці.
3 І, калі пачуў ён пра Ісуса, паслаў да Яго старэйшын юдэйскіх, просячы Яго, каб прыйшоў і аздаравіў паслугача яго.
4 Калі яны прыйшлі да Ісуса, пераканаўча прасілі Яго, кажучы: «Варты ён, каб гэта яму зрабіў,
5 бо ён любіць наш народ, і пабудаваў нам сінагогу».
6 Дык Ісус пайшоў з імі. А калі ўжо быў недалёка ад дома, паслаў сотнік сяброў сказаць Яму: «Госпадзе, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой,
7 бо лічу, што і сам я не варты прыйсці да Цябе; але скажы слова, і паздаравее паслугач мой.
8 Бо і я — чалавек, пастаўлены пры ўладзе, маю пад сабой жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць, і паслугачу свайму: “Рабі гэта”, і ён робіць».
9 Ісус, пачуўшы гэта, падзівіўся на яго ды, звярнуўшыся да тых, што ішлі за Ім у натоўпе, сказаў: «Кажу вам, не знайшоў я такой веры ў Ізраэлі!»
10 І тыя, што былі адпраўлены дамоў, калі вярнуліся, знайшлі слугу здаровым.
11 І сталася пасля: адышоў у горад, які называецца Наін, і з Ім ішлі многія вучні Яго ды вялікі натоўп людзей.
12 А калі падыходзіў да брамы горада, якраз выносілі нябожчыка, адзінага сына маці сваёй, якая была ўдавой, ды мноства людзей з горада з ёю.
13 Калі ўбачыў яе Госпад, пашкадаваў яе ды сказаў ёй: «Не плач!»
14 І падышоў і дакрануўся да труны; а тыя, што неслі, спыніліся. І гаворыць: «Юнача, кажу табе, устань!»
15 І сеў той, які быў мёртвы, і пачаў гаварыць, і аддаў яго маці яго.
16 Дык усіх ахапіў страх і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» ды: «Бог наведаў народ Свой».
17 І разнесліся словы гэтыя пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсім наваколлі.
18 І паведамілі Яну яго вучні пра ўсё гэта.
19 Дык Ян паклікаў двух сваіх вучняў і паслаў іх да Ісуса, кажучы: «Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?»
20 Як толькі яны прыйшлі да Яго, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: “Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?”»
21 А ў гэты час Ісус аздаравіў многіх ад хвароб, і ад пакут, і ад ліхіх духаў ды многім сляпым даў зрок.
22 І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ідзіце і абвясціце Яну тое, што вы бачылі і чулі: сляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогя дабравесцяць;
23 і шчасныя тыя, што з Мяне не згоршацца».
24 І, калі адышліся пасланцы Яна, пачаў Ён казаць пра Яна да народа: «Што вы выйшлі глядзець у пустыню? Ці трысціну, якую вецер калыша?
25 Ды што выйшлі пабачыць? Мо чалавека, што апрануты ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў багатых шатах ды ў раскошы, у дамах царскіх жывуць.
26 Дык што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
27 Ён той, аб кім напісана: “Вось жа, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табою”.
28 Бо кажу вам: паміж народжаных жанчынамі няма прарока большага за Яна Хрысціцеля, але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго».
29 І ўвесь народ, які Яго чуў, і мытнікі славілі справядлівасць Божую, хрысцячыся хростам Янавым.
30 Фарысеі ж і заканазнаўцы адкінулі волю Божую аб сабе і не прынялі хросту ад яго.
31 Тады Госпад сказаў: «З кім мог бы параўнаць Я гэтае пакаленне людзей і да каго яны падобны?
32 Яны падобны да дзяцей, што сядзяць на рынку і кажуць адны да адных: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі, спявалі сумныя песні, а вы не плакалі”.
33 Прыйшоў Ян Хрысціцель, які хлеба не еў і віна не піў, — і вы кажаце: “Дэмана мае”.
34 Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есць і п’е, і вы кажаце: “Вось чалавек, абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў”.
35 І апраўдана мудрасць усімі яе сынамі».
36 Адзін фарысей запрасіў Яго да сябе паесці разам з ім; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, узлёг.
37 І вось, адна жанчына, што была ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Ён узлягае пры стале ў доме фарысея, прынесла алябастравую пасудзіну алейку,
38 ды, стаўшы ззаду каля ног Яго, пачала, плачучы, слязамі абліваць ногі Яго і абцірала валасамі сваёй галавы, ды цалавала ногі Яго і намашчала іх алейкам.
39 Бачачы гэта, фарысей, што запрасіў Яго, падумаў, кажучы ў душы сваёй: «Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго, бо яна — грэшніца».
40 І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сімоне, маю табе нешта сказаць». А ён гаворыць: «Настаўнік, кажы».
41 «Нейкі пазычальнік меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дынараў вінаваты, а другі — пяцьдзесят.
42 Але як не мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык скажы, які з іх больш удзячны яму?»
43 Сімон, адказваючы, сказаў: «Думаю, што той, якому болей дараваў». А Ён сказаў яму: «Добра ты рассудзіў».
44 І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сімону: «Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў Я ў дом твой, і ты не падаў Мне вады на ногі; а яна слязамі абмыла ногі Мае і валасамі сваімі абцёрла.
45 Ты Мне пацалунку не даў; а яна, як Я ўвайшоў, не перастае цалаваць ногі Мае.
46 Не намасціў ты галавы Маёй; а яна ногі Мае намасціла алейкам.
47 Дзеля таго кажу табе: адпускаюцца многія грахі ёй, бо многа ўзлюбіла. А каму менш адпускаецца, той менш і любіць».
48 Сказаў затым ёй: «Адпускаюцца грахі твае».
49 І тыя, што ўзлягалі разам з Ім, сталі гаварыць між сабой: «Хто Ён, што нават грахі адпускае?»
50 Затым сказаў Ісус жанчыне: «Вера твая збавіла цябе, ідзі ў супакоі».


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.