Лукі 2 глава

Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Комментарии Жана Кальвина

Пераклад Л. Дзекуць-Малея

1 І сталася ў тыя дні: выйшла ад ке́сара Аўгуста павяле́ньне зрабіць сьпіса́ньне па ўсёй зямлі.
2 Гэты сьпіс быў пе́ршы за гаспадараньня Кірынэя ў Сірыі.
3 І пайшлі ўсе́ запісвацца, кожны ў сваё ме́ста.
4 Пайшоў таксама і Язэп з Галіле́і, з ме́ста Назарэту, у Юдэю, у ме́ста Давідавае, званае Віфлеем, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
5 запісацца з Марыяю, заручанай з Ім жонкай, што была цяжарная.
6 Калі-ж яны былі там, надыйшоў час радзіць ёй;
7 і ўрадзіла Сына Свайго Пе́ршага, і палажыла яго ў жолаб, бо ня было ім ме́сца ў зае́зьдзе.
8 У той старане́ былі на полі пастухі, што вартавалі ўначы ля статку свайго.
9 І вось зьявіўся ім Ангел Гасподні, і слава Госпадава асьвяціла іх; і ўбаяліся страхам вялікім.
10 І сказаў ім Ангел: ня бойцеся! бо вось я абвяшчаю вам вялікую радасьць, што будзе ўсім людзям:
11 бо цяпе́р нарадзіўся вам у ме́сьце Давідавым Спасіцель, Каторы ёсьць Хрыстос Госпад;
12 і вось вам знак: вы зно́йдзеце Дзіця ў пялёнках, ляжучы́ ў я́сьлях.
13 І неўспадзе́ўкі зьявілася з Ангелам вялікае войска нябе́снае, сла́вячы Бога і гаворачы:
14 Сла́ва на вы́шынах Богу і на зямлі мір сярод людзе́й добрае волі.
15 І сталася, як адыйшлі ад іх Ангелы на не́ба, пастухі сказалі адзін аднаму: пойдзем у Віфлеем і паглядзім, што там зда́рылася, што абвясьціў нам Госпад.
16 І пасьпе́шна выйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, ляжучы ў жолабе.
17 Угле́дзіўшы-ж, расказалі аб тым, што было абве́шчана ім пра Дзіцятка гэнае.
18 І ўсе́, чуўшы, дзівіліся з таго, што расказвалі ім пастухі.
19 А Марыя захавала ўсе́ словы гэтыя, складаючы ў сэрцы сваім.
20 І вярнуліся пастухі, сла́вячы й выхваля́ючы Бога за ўсё, што чулі й бачылі, як ім сказана было.
21 І як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, названае Ангелам да зача́цьця Яго ў чэ́раве.
22 А калі скончыліся дні ачышчэньня іх па закону Майсе́яваму, прыне́сьлі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць перад Госпадам,
23 як сказана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіця мужчынскага полу, разрываючае чэрава, было ахвярава́на Госпаду (Выхад 13:2);
24 і каб прыне́сьці ў ахвяру, як сказана ў законе Гасподнім, дзьве́ гарліцы, ці двое галубяня́так.
25 І вось быў у Ерузаліме чалаве́к, на імя Сымэон. Ён быў чалавек справядлівы й пабожны, чака́ў пацяшэньня Ізраілявага; і Дух Сьвяты быў на ім.
26 Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўгле́дзіць сьме́рці, дакуль ня ўгле́дзіць Хрыста Гасподняга.
27 І прыйшоў ён па натхне́ньню ў царкву. І, калі бацькí прыне́сьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,
28 ён узяў Яго на рукі, багаславіў Бога і сказаў:
29 Цяпе́р адпускаеш слугу́ Твайго, Валада́ру, па слову Твайму, з мірам;
30 бо бачылі вочы мае́ спасе́ньне Тваё,
31 каторае Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў,
32 сьвятло для асьве́ты паганаў, і славу народу Твайго Ізраіля.
33 Язэп жа й Маці Яго дзівіліся сказанаму аб Ім.
34 І багаславіў іх Сымэон і сказаў Марыі, Матцы Яго: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і паўстаньне многіх у Ізраілю і на знак, якому працівіцца будуць,
35 і табе́ самай ме́ч пранікне ў душу, — каб выявіліся памышле́ньні многіх сэрцаў.
36 Тут была таксама Ганна прарочыца, дачка́ Фануілавая, з кале́на Асіравага; была яна ў ве́льмі старым ве́ку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў,
37 удава́ гадоў васьмідзесяцёх чатырох, каторая не адыходзіла ад царквы, постам ды малітваю служачы Богу дзе́нь і ноч.
38 І яна ў той час прыйшоўшы славіла Госпада і гаварыла аб Ім усім, што ждалі выбаўле́ньня ў Ерузаліме.
39 І калі яны́ выканалі ўсё па закону Гасподняму, дык вярнуліся ў Галіле́ю, у ме́ста сваё Назарэт.
40 Дзіцятка-ж узрастала і ўзмацоўвалася духам, напаўняючыся розумам; і дабрадая́ньне Божае было на Ім.
41 І кожны год бацькí Яго хадзілі ў Ерузалім на сьвята Пасхі.
42 І, калі Ён быў дванаццацёх гадоў, прыйшлі яны таксама, як звычайна, у Ерузалім на сьвята;
43 калі-ж, па сканчэньні дзён сьвята, варочаліся, застаўся хлопчык Ісус у Ерузаліме; і не заўважылі таго Язэп ды маці Яго;
44 але думалі, што Ён ідзе́ з другімі; прайшоўшы-ж дзе́нную дарогу, сталі шукаць Яго між сваяка́мі ды знаёмымі.
45 І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.
46 Праз тры дні знайшлі Яго ў царкве́, се́дзячы сярод вучыцялёў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх;
47 усе́ слухаўшыя дзівіліся з розуму і адка́заў Яго.
48 І, угле́дзіўшы Яго, зьдзівіліся; і маці Яго сказала Яму: Дзіця! што ты зрабіў з намі? Вось бацька Твой і я з вялікаю туго́ю шукалі Цябе́.
49 Ён сказаў ім: на што́ было вам шукаць Мяне́? ці-ж вы ня ве́далі, што Мне́ трэба быць у тым, што нале́жыць Айцу́ Майму?
50 Але яны не зразуме́лі сказаных ім словаў.
51 Ён пайшоў з імі і прыйшоў да Назарэту; і быў паслухмя́ны ім. І маці Яго захавала ўсе́ словы гэтыя ў сэрцы сваім.
52 Ісус жа рос розумам і ўзростам ды ў ласцы ў Бога і людзе́й.

Примечания:

 
Пераклад Л. Дзекуць-Малея
27 + вершы 37, 46 — царква = храм.
 
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.