Библия › Бокун › Песьня Песьняў

Песьня Песьняў

Песьня песьняў Салямона. «Няхай ён цалуе мяне пацалункамі вуснаў сваіх!» «Бо пяшчоты твае лепшыя за віно. Пах алейкаў тваіх салодкі. Алей разьліты — імя тваё. Дзеля гэтага дзяўчыны кахаюць цябе». «Цягні мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадару, у пакоі свае». «Будзем радавацца і весяліцца з табою, будзем узгадваць пра пяшчоты твае [больш], чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!» «Чарнявая я, і зграбная, дочкі Ерусалімскія, як намёты Кедара, як палатніны Салямона. Не глядзіце на мяне, што я смуглявая, бо сонца апаліла мяне. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, паставілі мяне пільнаваць вінаграднікі, а я не ўпільнавала вінаграднік мой. Распавядзі мне, каханьне душы маёй, дзе ты пасьвіш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між чародаў таварышаў тваіх». «Калі ня ведаеш гэтага, найпрыгажэйшая між жанчынаў, дык ідзі па сьлядах авечак, і пасьві казьлянятаў тваіх каля буданоў пастушыных. Да жаробкі ў калясніцы фараона я ўпадобніў цябе, сяброўка мая. Прыгожыя шчочкі твае пад кляйнотамі, шыя твая — у каралях. Мы зробім табе кляйноты залатыя з блішчыкамі срэбнымі». «Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разьліваў водар свой. Любы мой для мяне — як мяшэчак з мірам, які начуе на грудзях маіх. Любы мой для мяне — як гронка кіпровая ў вінаградніках Эн-Геды». «Якая прыгожая ты, сяброўка мая, якая прыгожая! Вочы твае — як галубкі». «Які прыгожы ты, любы мой, які цудоўны! Ложак наш — зеляніна, страха дому нашага — кедры, столь нашая — кіпарысы».

«Я — нарцыс Сарону, лілея даліны!» «Як лілея сярод церняў, так сяброўка мая сярод дзяўчатаў». «Як яблына сярод дрэваў лясных, так любы мой сярод хлопцаў. У ценю ягоным прывабным я села, і плод ягоны салодкі для паднябеньня майго. У дом банкетаваньня ён увёў мяне, і сьцяг ягоны нада мною — каханьне. Падмацуйце мяне пірагамі з разынкамі, асьвяжыце мяне яблыкамі, бо я млею ад каханьня. Левая рука ягоная пад галавою маёй, а правіцай сваёй ён абдымае мяне». «Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, сарнамі і ланямі палявымі, не будзіце і не падымайце каханую, аж пакуль сама не захоча». «Голас любага майго! Вось, ён ідзе, узыходзіць на горы, пераскоквае ўзгоркі. Любы мой падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць за сьцяною нашаю, заглядае праз вакно, зазірае праз краты. Адказаў любы мой і сказаў да мяне: “Уставай, сяброўка мая, прыгажуня мая, і прыходзь. Бо вось, зіма прайшла, дождж спыніўся і перастаў. Пралескі відаць на зямлі, час сьпяваньня настаў, і голас туркаўкі чуваць у зямлі нашай. Дрэва фігавае выдала пупышкі [свае], вінаград квітнее і разьлівае водар. Устань, прыходзь, сяброўка мая; прыгажуня мая, прыходзь! Галубка мая, [што жывеш] у расколінах скалы, у схове пад стромаю, пакажы мне выгляд твой, дай мне пачуць голас твой, бо голас твой салодкі, і выгляд твой прывабны”». «Лавіце нам лісаў, малых лісянятаў, якія нішчаць вінаграднікі, бо вінаграднікі нашыя квітнеюць». «Любы мой [належыць] мне, а я — яму, ён пасьвіць сярод лілеяў. Пакуль дзень дыхае [ветрам] і зьнікаюць цені, вярніся! Будзь падобны, любы мой, да сарны, да маладога аленя на гарах Бэтэр».

«На ложку маім уначы я шукала таго, якога кахае душа мая; шукала яго і не знайшла. “Устану і буду кружляць па горадзе, па вуліцах і па плошчах. Буду шукаць таго, якога кахае душа мая”. Шукала яго і не знайшла. Спаткалі мяне вартаўнікі, якія абыходзяць горад. “Ці ня бачылі вы таго, якога кахае душа мая?” Ледзь мінула іх, спаткала таго, якога кахае душа мая, схапіла яго і не пушчу, аж пакуль не завяду яго ў дом маці маёй, у пакой той, якая нарадзіла мяне». «Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, сарнамі і ланямі палявымі, не будзіце, не падымайце каханую, пакуль сама не захоча». «Хто яна, якая выходзіць з пустыні як слупы дыму, духмяная мірам і кадзілам, і ўсякімі водарамі, [што прывозяць] гандляры. Вось ложак Салямона. Шэсьцьдзясят волатаў вакол яго, з волатаў Ізраіля. Усе яны трымаюць мячы, спраўныя ў вайне, кожны мае меч пры боку сваім супраць страхаў начных. Драгі зрабіў для сябе валадар Салямон з дрэва Лібанскага; слупкі іхнія зрабіў са срэбра, прыслон — з золата, сядзеньне ягонае — з пурпуру. Сярэдзіна іхняя выслана каханьнем дачок Ерусалімскіх». «Выйдзіце і паглядзіце, дочкі Сыёну, на валадара Салямона ў кароне, якой укаранавала яго маці ягоная ў дзень заручынаў ягоных, у дзень радасьці сэрца ягонага».

«Якая прыгожая ты, сяброўка мая, якая ты прыгожая! Вочы твае — як галубкі пад кудзеркамі тваімі. Валасы твае — як чарада козаў, якія зыходзяць з гары Гілеад. Зубы твае — як чарада стрыжаных авечак, якія выходзяць з купаньня; у кожнай пара ягнятак, і няплоднай няма сярод іх. Быццам стужка кармазыновая — губы твае, і вусны твае салодкія. Як паловы яблыка гранатовага шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі. Як вежа Давідава шыя твая, збудаваная для абароны, тысяча шчытоў завешана на ёй, усё — зброя волатаў. Грудзі твае — як двое казьлянятаў, блізьнятаў сарны, якія пасьвяцца сярод лілеяў. Пакуль дзень дыхае [ветрам] і зьнікаюць цені, пайду на гару міры і на ўзгорак кадзіла. Уся ты прыгожая, сяброўка мая, і заганы няма ў табе. Са мною з Лібану, нявеста мая, са мною з Лібану ідзі; паглядзі з вяршыні Аману, з вяршыні Сэніру і Гермону, з лежышчаў львоў, з гор леапардаў. Паланіла ты сэрца маё, сястра мая нявеста, паланіла ты сэрца маё адным [позіркам] вачэй тваіх, і аднымі пацеркамі на шыі тваёй. Якое цудоўнае каханьне тваё, сястра мая нявеста, лепшае каханьне тваё, чым віно. А пах алейкаў тваіх [лепшы] за ўсе пахошчы. Мёд сотавы сьцякае з вуснаў тваіх, нявеста, мёд і малако пад языком тваім, а водар шатаў тваіх — як водар Лібану. Замкнёны сад — сястра мая, нявеста, замкнёны сад, крыніца запячатаная. Улоньне тваё — сад яблык гранатовых з адборнымі пладамі, кіпэр і нард. Нард і шафран, [пахкі] трысьнёг і цынамон з усімі дрэвамі ладану, міра і альвасу і з усімі найлепшымі пахошчамі. Ты — крыніца ў садзе, студня вады жывой, якая сьцякае з Лібану. Абудзіся, вецер з поўначы! Прыйдзі, вецер з поўдня; дзьмі на сад мой, і няхай пацякуць пахошчы ягоныя». «Няхай прыйдзе любы мой у сад свой, і няхай есьць найлепшыя плады ягоныя».

«Я ўвайшоў у сад мой, сястра мая, нявеста; зьбіраю міру маю з пахошчамі маімі, ем соты мае з мёдам маім, п’ю віно маё з малаком маім. Ешце, сябры, і піце, і насычайцеся каханьнем!» «Я сплю, а сэрца маё чувае. [Вось,] голас любага майго, які стукае! “Адчыні мне, сястра мая, сяброўка мая, галубка мая, беззаганная мая, бо галава мая ўся ў расе, кучары мае — у кроплях начных!” Адзеньне маё я скінула з сябе, ці [зноў] мне апранаць яго? Памыла ногі свае, ці зноў маю брудзіць іх? Любы мой працягнуў руку сваю праз адтуліну і задрыжэла ў-ва мне нутро маё. Я ўстала, каб адчыніць любаму майму; і з рук маіх сьцякала міра, і з пальцаў маіх міра каштоўнае [капала] на клямку засаўкі. Я адчыніла любаму майму; але любы мой пайшоў, аддаліўся. Душа мая млела, калі ён прамаўляў. Шукала яго і не знайшла яго, гукала яго і ён не азваўся мне. Спаткалі мяне вартаўнікі, якія абыходзяць горад; зьбілі мяне і паранілі мяне, забралі покрыва маё ў мяне вартаўнікі муроў. Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, калі спаткаеце любага майго, што вы скажаце яму? [Скажыце,] што я зьнемаглася ад каханьня». «Чым любы твой мілейшы ад другіх, найпрыгажэйшая з жанчынаў? Чым любы твой мілейшы ад другіх, што ты так заклінаеш нас?» «Любы мой белы і румяны, найлепшы сярод дзясяткаў тысячаў. Галава ягоная — шчырае золата, золата найчысьцейшае, кучары ягоныя — як гронкі фінікаў, чорныя як крумкачы. Вочы ягоныя — як галубы над водамі бруістымі, купаюцца ў малацэ, сядзяць над струмянём паўнаводным. Шчокі ягоныя — як кветнік пахошчаў, на якіх растуць зёлкі духмяныя; вусны ягоныя — лілеі, з іх цячэ міра найлепшае. Рукі ягоныя — вальцы залатыя, напоўненыя тапазамі; жывот ягоны — выраб з косьці слановай, выкладзены шафірамі. Ногі ягоныя — слупы з мармуру, пастаўленыя на апоры залатыя; выгляд ягоны — як Лібан, велічны, нібы кедры. Вусны ягоныя — слодыч, і ўвесь ён прывабны. Вось такі любы мой, і вось такі сябар мой, дочкі Ерусалімскія».

«Куды пайшоў любы твой, найпрыгажэйшая з жанчынаў? Куды дзеўся любы твой? Мы будзем шукаць яго з табою». «Любы мой пайшоў у сад свой, у кветнік пахошчаў, каб пасьвіць у садах і каб зьбіраць лілеі. Я [належу] любаму майму, а любы мой — мне, ён пасьвіць сярод лілеяў». «Прыгожая ты, сяброўка мая, як Тырца, прывабная як Ерусалім, грозная як полк са сьцягамі. Адвярні вочы твае ад мяне, бо яны хвалююць мяне. Валасы твае — як чарада козаў, якія зыходзяць з Гілеаду. Зубы твае — як чарада стрыжаных авечак, якія выходзяць з купаньня; у кожнай пара ягнятаў, і няплоднай няма сярод іх. Як палова яблыка гранатовага шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі. Ёсьць шэсьцьдзясят валадарак, і восемдзясят наложніц, і дзяўчат бяз ліку, але адзіная ты, галубка мая, дасканалая мая, адзіная ў маці сваёй, чыстая ў той, якая нарадзіла цябе. Убачылі яе дзяўчаты, і назвалі шчасьлівай, [убачылі] валадаркі і наложніцы, і хвалілі яе: “Хто ж гэта, якая выходзіць як заранка, прыгожая як месяц, ясная як сонца, грозная як полк са сьцягамі?”» «Я зыйшла ў сад арэхавы, каб паглядзець на зеляніну пры ручаі, каб паглядзець, ці квітнее вінаград, ці ў квецені дрэвы гранатовыя. Не заўважыла душа мая, як пасадзілі мяне ў калясніцу магната народу майго».

«Агляніся, агляніся, Шуламянка, агляніся, агляніся, і мы паглядзім на цябе». «Што вы глядзіце на Шуламянку, нібы на танец двух карагодаў?» «Якія прыгожыя ногі твае ў сандалах, дачка шляхетная! Выгін клубоў тваіх як аздобны абруч, які зроблены рукою майстра. Улоньне тваё — як чаша круглая, ніколі не забракне ў ёй віна мяшанага; жывот твой — як сноп пшаніцы, абстаўлены лілеямі. Двое грудзей тваіх — як двое казьлянятаў, блізьнятаў сарны. Шыя твая — як вежа з косьці слановае. Вочы твае — як сажалкі ў Хешбоне, каля брамы Бат-Раббім. Нос твой — як вежа Лібану, што глядзіць у бок Дамаску. Галава твая над табою — як Кармэль, а валасы на галаве тваёй — як пурпур. Валадар зьвязаны косамі [тваімі]. Якая ты прыгожая і якая прыемная, каханая, у асалодзе [тваёй]! Стан твой [гонкі], як пальма, а грудзі — як гронкі [вінаградныя]. Я сказаў: “Узьлезу я на пальму і схаплю гронкі яе”, і будуць грудзі твае як гронкі вінаградныя, і пах подыху твайго — як [пах] яблыкаў. Вусны твае — як віно найлепшае, якое ліецца да любага, асалоджваючы вусны стомленыя». «Я [належу] любаму майму, і да мяне памкненьне ягонае. Прыйдзі, любы мой, пойдзем у поле, пераначуем за горадам. Устанем раніцай, наведаем вінаграднікі, паглядзім, ці заквітнеў вінаград, ці распусьціліся кветкі ці цьвітуць дрэвы гранатовыя, там я дам табе каханьне маё. Мандрагоры разьліваюць водар, у дзьвярах нашых усякія плады адборныя, новыя і старыя, якія я, любы мой, захавала для цябе».

«Калі б ты быў братам маім, які смактаў грудзі маці маёй, калі б сустрэла цябе на вуліцы, я б пацалавала цябе, і ніхто не дакараў бы мяне. Я схапіла б цябе і павяла б у дом маці маёй; і ты вучыў бы мяне, а я напаіла б цябе пахкім віном і сокам яблыкаў гранатовых маіх. Левая рука ягоная пад галавой маёй, а правіцай сваёй ён абдымае мяне». «Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, не будзіце і не падымайце каханую, аж пакуль сама не захоча». «Хто гэта, якая выходзіць з пустыні, абапіраючыся на любага свайго?» «Пад яблынай я пабудзіў цябе; там зачала цябе маці твая, там зачала цябе тая, што нарадзіла цябе. Палажы мяне як пячатку на сэрца тваё, як пячатку на плячо тваё, бо магутнае як сьмерць каханьне, і няўмольная як пекла рэўнасьць, жар яе — як жар агню, як полымя ГОСПАДА. Вялікія воды ня змогуць патушыць каханьне, і рэкі не затопяць яго. Калі б чалавек хацеў аддаць усю маёмасьць дому свайго за каханьне, ён быў бы адрынуты з пагардай». «Сястра нашая малая, і грудзей няма ў яе. Што мы зробім для сястры нашай у дзень, калі будуць гаварыць пра яе? Калі яна — мур, мы пабудуем на ім палац са срэбра, калі яна — брама, мы ашалюем яе дошкамі кедровымі». «Я — мур, і грудзі мае — як вежы, таму я буду ў вачах ягоных як тая, што знайшла супакой. Вінаграднік быў у Салямона ў Баал-Гамоне; ён аддаў вінаграднік тым, што пільнуюць яго; за плады ягоныя кожны прыносіў тысячу [сыкляў] срэбра. Вінаграднік мой, які маю, перада мною; тысячу [сыкляў] табе, Салямоне, а дзьвесьце — тым, якія пільнуюць плады ягоныя». «О ты, якая жывеш у садах, таварышы твае слухаюць голас [твой], дай і мне пачуць яго». «Уцякай, любы мой, будзь падобны да сарны, да маладога аленя на гарах пахкіх дрэваў!»


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.