Библия › Бокун › Ёэля

Ёэля

Слова ГОСПАДА, якое было да Ёэля, сына Пэтуэля. Слухайце гэта, старыя, і прыхіліце вуха, усе жыхары зямлі. Ці было такое ў дні вашыя або ў дні бацькоў вашых? Распавядзіце пра гэта сынам вашым, а сыны вашыя — сынам сваім, а сыны іхнія — пакаленьню наступнаму. Тое, што засталося ад вусеняў, зьела саранча, што засталося ад саранчы, зьелі хрушчы, што засталося ад хрушчоў, паелі чэрві. Прачніцеся, п’яніцы, і плачце, і бядуйце ўсе тыя, што п’юць віно, па маладым віне, бо яно забранае ад вуснаў вашых. Бо прыйшоў на зямлю Маю народ дужы, якога безьліч. Зубы ягоныя — зубы ільвіныя, а сківіцы — як у ільвіцы. Ён зрабіў пустэчаю вінаграднік Мой, дрэва фігавае Маё паламаў, дашчэнту агаліў яго і адкінуў; зьбялелі галіны ягоныя. Галасі як маладзіца, падперазаная зрэбніцаю, над мужам маладосьці сваёй. Забраныя ахвяры хлебныя і ахвяры вадкія ад Дому ГОСПАДА; у жалобе сьвятары, служыцелі ГОСПАДА. Поле спустошана, у жалобе зямля, бо стаптанае збожжа, высахла маладое віно, зьвяла аліўка. Смуткуйце, земляробы, галасіце, вінаградары, дзеля пшаніцы і дзеля ячменю, бо загінула жніво ў полі. Вінаградная лаза засохла, і дрэва фігавае зьвяла, дрэва гранатовае і пальма, і яблына, і ўсе дрэвы палявыя пасохлі; бо высахла вясёласьць паміж сыноў чалавечых. Падперажыцеся [зрэбніцай] і лямантуйце, сьвятары, галасіце, служыцелі ахвярніка, хадзіце, начуйце ў зрэбніцы, служыцелі Бога майго, бо затрыманыя ахвяры хлебныя і ахвяры вадкія ў Доме Бога вашага. Прызначце сьвяты пост, склічце ўрачысты сход, зьбярыце старых і ўсіх жыхароў зямлі гэтай у Дом ГОСПАДА, Бога вашага, і клічце да ГОСПАДА. Гора дню гэтаму, бо блізка дзень ГОСПАДА, ён прыйдзе як спусташэньне ад Усемагутнага. Хіба не перад вачыма нашымі забіраецца ежа, з Дому Бога нашага [забіраецца] радасьць і пацяшэньне? Згніла зерне пад скібамі сваімі, спусьцелі каморы, разбураныя пуні, бо высахла збожжа. Як стогне скаціна, блукаюць чароды кароваў, бо няма для іх пашы, і чароды авечак спустошаны. Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, гукаю, бо агонь зжэр пашы пустыні, і полымя спаліла ўсе дрэвы палявыя. Таксама жывёла палявая прагне да Цябе, бо ручаі водаў высахлі, і агонь зжэр пашы пустыні.

Трубіце ў рог на Сыёне, усклікайце на гары Маёй сьвятой! Дрыжыце, усе жыхары зямлі, бо ідзе дзень ГОСПАДА, бо ён блізка, дзень цемры і змроку, дзень хмары і імглы. Як зараніца рухаецца па гарах, [так] народ шматлікі і дужы. Падобнага да яго не было спрадвеку і пасьля яго ня будзе аж да гадоў пакаленьня і пакаленьня. Перад абліччам ягоным агонь жарэ, а за ім полымя спальвае; як сад Эдэм зямля перад ім, а за ім — спустошаная пустыня, і ніхто не ўцячэ ад яго. Выгляд іхні — нібы выгляд коней, і, як вершнікі, так яны бягуць. Як грукат калясьніцаў на вяршынях гор, яны імчаць, як трэскат полымя агню, які жарэ салому, як народ дужы шыхтуецца да бітвы. Ад аблічча ягонага дрыжаць народы, усе твары зьбялелі. Як волаты яны бягуць, як ваяры ўзыходзяць на муры, і кожны ідзе па шляху сваім, і ня збочвае са сьцежкі сваёй. Адзін аднаго ня пхае, кожны ідзе дарогаю сваёй, яны падаюць на дзіды і ня гінуць. У горад урываюцца, на муры ўзыходзяць, у дамы ўваходзяць, праз вокны ўлазяць як злодзей. Перад абліччам Ягоным трасецца зямля, дрыжыць неба, сонца і месяц цямнеюць, і зоркі губляюць бляск свой. І ГОСПАД дае голас Свой перад абліччам войска Свайго, бо вельмі вялікі табар Ягоны, бо магутны той, хто выконвае слова Ягонае, бо вялікі дзень ГОСПАДА і вельмі страшны, і хто можа вытрымаць яго? І нават цяпер, кажа ГОСПАД, навярніцеся да Мяне ўсім сэрцам сваім у посьце, з плачам і галашэньнем. І разьдзірайце сэрца вашае, а не адзеньні вашыя, і навярніцеся да ГОСПАДА, Бога вашага, бо Ён ласкавы і спагадлівы, павольны да гневу і вельмі міласэрны, і шкадуе ў нядолі. Хто ведае, ці Ён не павернецца [да вас], і не пашкадуе, і не пакіне дабраславенства ахвяры хлебнай і ахвяры вадкай для ГОСПАДА, Бога вашага? Трубіце ў рог на Сыёне, прызначце пост, склічце ўрачысты сход, зьбярыце народ, прызначце [збор] царквы, склічце старых, зьбярыце дзяцей і немаўлят; няхай выйдзе жаніх з пакою свайго і нявеста з-пад намёту свайго. Паміж прысенкамі і ахвярнікам няхай плачуць сьвятары, служыцелі Божыя, і няхай кажуць: «Пашкадуй, ГОСПАДЗЕ, народ Твой, і ня дай спадчыны Тваёй на ганьбаваньне, каб народы ня мелі ўлады над ёю. Навошта маюць казаць між народамі: “Дзе Бог іхні?”» І запалае ГОСПАД рэўнасьцю пра зямлю Сваю, і зьлітуецца над народам Сваім. І адказаў ГОСПАД, і сказаў народу Свайму: «Вось, Я пашлю вам збожжа і маладое віно, і алей, і вы насыціцеся імі, і не аддам вас больш на ганьбаваньне між народамі. І [ворага] з поўначы аддалю ад вас, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю [дружыну] ягоную — у мора ўсходняе, а заднюю [дружыну] — у мора заходняе; і ўзьнімецца ад яго смурод, і пойдзе ад яго пах гнілізны, бо ён учыніў [ліха] вялікае. Ня бойся, зямля, весяліся і радуйся, бо ГОСПАД зробіць вялікае. Ня бойцеся, жывёлы палявыя, бо зазелянеюць пашы ў пустыні, бо дрэвы дадуць плады свае, дрэва фігавае і вінаград дадуць сілу сваю. А вы, сыны Сыёну, весяліцеся і радуйцеся ў ГОСПАДЗЕ, Богу вашым, бо Ён дасьць вам дождж раньні паводле праведнасьці [Сваёй], і выльле на вас дождж, дождж раньні і дождж позьні, як [было] раней. І напоўняцца такі збожжам, і перапоўняцца тоўчні маладым віном і алеем. І Я аднагароджу вам за тыя гады, у якія [ўсё] паелі саранча, хрушчы, чэрві і вусені — войска Маё вялікае, якое Я паслаў супраць вас. І будзеце есьці, ядучы, і насыціцеся, і будзеце хваліць імя ГОСПАДА, Бога вашага, Які робіць для вас цудоўныя рэчы, і [больш] ня будзе асаромлены народ Мой на вякі. І даведаецеся, што Я ёсьць сярод Ізраіля, і Я — ГОСПАД, Бог ваш, і няма іншага, і [больш] ня будзе асаромлены народ Мой на вякі. І станецца пасьля гэтага, Я выльлю Духа Майго на кожнае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, старыя вашыя будуць сьніць сны, юнакі вашыя будуць бачыць відзежы. І таксама на слугаў і на служак выльлю ў тыя дні Духа Майго, і дам цуды ў небе і на зямлі, кроў і агонь, і слупы дыму. Сонца пераменіцца ў цемру, а месяц — у кроў, перад тым, калі прыйдзе дзень ГОСПАДА, вялікі і страшны. І станецца, кожны, хто будзе клікаць імя ГОСПАДА, будзе выбаўлены, бо на гары Сыён і ў Ерусаліме будзе выбаўленьне, як сказаў ГОСПАД, і сярод тых, якія засталіся, якіх ГОСПАД пакліча.

Бо вось, у тыя дні і ў тым часе, калі Я вярну палонных Юды і Ерусаліму, Я зьбяру ўсе народы і прывяду іх у Даліну Язафата, і буду з імі судзіцца там за народ Мой і за спадчыну Маю, Ізраіля, які яны расьцярушылі паміж народамі, і зямлю Маю падзялілі, і пра народ Мой кідалі жэрабя, і аддавалі хлопчыка за распусьніцу, і продалі дзяўчынку за віно, і пілі. І што вы для Мяне, Тыр і Сідон, і ўсе акругі Філістынскія? Ці помстай аднагародзіце Мне? Калі аднагародзіце Мне, лёгка і хутка Я вярну аднагароду вашую на галаву вашую. Срэбра Маё і золата Маё вы ўзялі, і добрыя каштоўнасьці Мае перанесьлі ў сьвятыні вашыя, а сыноў Юды і сыноў Ерусаліму продалі сынам Явану, каб аддаліць іх ад межаў іхніх. Вось, Я ўзьніму іх з таго месца, куды вы прадалі іх, і вярну аднагароду вашую на галаву вашую, і прадам сыноў вашых і дачок вашых праз рукі сыноў Юды, і яны прададуць іх Савеям, народу далёкаму, бо ГОСПАД прамовіў [так]. Клічце пра гэта сярод народаў; пасьвяціцеся на вайну; пабудзіце волатаў; няхай наблізяцца, няхай прыйдуць усе ваяры. Перакуйце плугі вашыя на мячы і сярпы вашыя — на дзіды. Слабы няхай скажа: «Я — волат». Зьбірайцеся і прыходзьце, усе народы навокал, і зьбярыцеся там. Вядзі, ГОСПАДЗЕ, волатаў Тваіх. Няхай прачнуцца народы і прыйдуць у Даліну Язафата; бо там Я сяду судзіць усе народы навокал. Пашліце серп, бо жніво сасьпела; прыйдзіце, тапчыце, бо тоўчня поўная, кадкі пераліваюцца, бо вялікая ліхота іхняя. Грамады, грамады ў Даліне Прысуду, бо блізкі дзень ГОСПАДА ў Даліне Прысуду. Сонца і месяц зацемрацца, і зоркі страцяць бляск свой. І ГОСПАД загрыміць з Сыёну, і выдасьць голас Свой з Ерусаліму, і задрыжаць неба і зямля; але ГОСПАД — прыстанішча для народу Свайго і апора для сыноў Ізраіля. І даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які жыве на Сыёне, на гары Маёй сьвятой. І станецца Ерусалім сьвятым, і чужынцы ўжо ня будуць хадзіць па ім. І станецца ў той дзень: горы будуць ацякаць маладым віном, і з узгоркаў пацячэ малако, і ўсе ручаіны Юды напоўняцца вадою, і крыніца выйдзе з Дому ГОСПАДА, і напоіць даліну Шыттым. Эгіпет станецца спустошаным, і Эдом станецца спустошанай пустыняй за гвалт над сынамі Юды, бо яны разьлівалі кроў нявінную ў зямлі іхняй. Юда на вякі будзе заселены, і Ерусалім — з пакаленьня ў пакаленьне. І Я пакараю за кроў іхнюю, [за якую яшчэ] не караў; і ГОСПАД будзе жыць на Сыёне.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.