Библия › Бокун › Навума

Навума

Цяжар адносна Нінівы. Кніга відзежаў Навума Элькашаніна. Бог зайздросны і помсьлівы ГОСПАД; помсьлівы ГОСПАД і Пан гняўлівы. ГОСПАД помсьціць супраціўнікам Сваім і палае гневам на ворагаў Сваіх. ГОСПАД павольны да гневу і вялікі сілаю, і не пакідае без пакараньня вінаватага. ГОСПАД, у буры, у віхуры шлях Ягоны, і хмара — пыл ад ног Ягоных. Ён утаймоўвае мора і высушвае яго, і ўсе рэкі высушвае; марнее Башан і Кармэль, і кветка Лібану вяне. Горы дрыжаць перад Ім, і ўзгоркі растаюць, і зямля паднялася перад абліччам Ягоным, і сусьвет, і ўсе, што жывуць у ім. Перад абліччам абурэньня Ягонага хто ўстаіць? І хто вытрывае жар гневу Ягонага? Ярасьць Ягоная выліваецца, як агонь, і скалы крышацца перад Ім. Добры ГОСПАД, апора ў дзень трывогі, і Ён ведае тых, якія маюць надзею ў Ім, але нястрымнай залевай Ён учыніць загубу месцу [ліхому], і за ворагамі Ягонымі будзе гнацца цемра. Што вы задумалі супраць ГОСПАДА? Ён учыніць загубу, не паўстане ў другі раз бедства. Бо яны спляліся як цярніна, напіліся напоямі [сваімі], і зжарэ іх [агонь] як салому цалкам высхлую. З цябе выйшаў той, які задумаў ліха супраць ГОСПАДА, дарадца Бэліяла. Гэтак кажа ГОСПАД: «Хоць яны бясьпечныя і шматлікія, але яны будуць пасечаныя і зьнікнуць. І Я ўціскаў цябе, але больш ня буду ўціскаць цябе. І цяпер Я зламлю ярмо ягонае, якое на табе, і кайданы твае разарву». І загадаў ГОСПАД супраць цябе, [Нініва]: «Больш ня будзе сеяцца [насеньне] імя твайго. З дому багоў тваіх Я вынішчу [ідалаў] рэзьбленых і [ідалаў] літых. Я зраблю магілу тваю, бо ты праклятая». Вось, на горах ногі дабравесьніка, які абвяшчае супакой. Сьвяткуй, Юда, сьвяты твае, выконвай абяцаньні твае, бо больш ня будзе Бэліял праходзіць па табе; ён цалкам зьнішчаны!

Узыходзіць разбуральнік перад аблічча тваё, [Нініва]! Захоўвай умацаваньні, паглядай на дарогу, умацоўвай сьцёгны, зьбяры сілы свае, бо вярнуў ГОСПАД веліч Якуба і веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташыцелі і панішчылі вінаградныя галіны іхнія. Шчыты волатаў ягоных чырвоныя, ваяры [апрануты] ў кармазын, калясьніцы блішчаць агнём у дзень падрыхтоўкі да бітвы, і як кіпарысы хістаюцца [дзіды]. Па вуліцах шалёна імчаць калясьніцы і грукочуць на плошчах; выгляд іхні — [полымя] паходні, ляцяць яны як бліскавіцы. [Нініва] ўзгадае пра слаўных сваіх, але яны спатыкнуцца ў хадзе сваёй; яны сьпяшаюцца на муры ейныя, але ўжо стаіць аблога. Брамы рэкаў адчыняцца, і палац растопіцца. І пастаноўлена: яна будзе аголеная, выведзеная [ў палон], і нявольніцы ейныя будуць стагнаць, як галубы, б’ючы сябе ў грудзі. І Нініва — як сажалка водаў ад [пачатку] дзён сваіх, і вось, яны ўцякаюць. “Стойце, стойце!”, але ніхто не заварочвае. Рабуйце срэбра, рабуйце золата, бо няма канца назапашанаму і славе ўсіх рэчаў каштоўных. [Нініва] апусьцелая, спустошаная і спляжаная, і сэрца растала, і калені калоцяцца, і боль у-ва ўсіх сьцёгнах, і абліччы ўсіх счарнелі. Дзе сяліба ільвоў, і дзе жыруюць ільвяняты? Дзе хадзіў леў і ільвіца? Там жыў леў і ніхто не трывожыў [яго]. Леў разьдзіраў здабычу для ільвянятаў сваіх і душыў для ільвіцаў сваіх, і напоўніў здабычай пячоры свае і логавішчы свае — разьдзёртым. Вось, Я супраць цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і Я спалю сярод дыму калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянятаў тваіх, і Я вынішчу з зямлі здабычу тваю, і ня будзе больш чуваць голас паслоў тваіх.

Гора гораду крыві! Увесь ён хлусьлівы, поўны гвалту, рабаваньне не адыходзіць ад яго. Гук пугі, і грукат колаў, і тупат коней, і калясьніцы ляскочуць, вершнік нясецца, і полымя мяча, і зіхценьне дзіды; і мноства забітых, і безьліч целаў, і няма канца трупам, і спатыкаючыся, спатыкаюцца аб трупы. [Гэта] — за мноства распусты распусьніцы спраўнай, прывабнай, пані чараваньня, якая продала народы праз распусту сваю і плямёны — за чараваньні свае. Вось, Я супраць цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і Я ўзьніму прыполы [шатаў] тваіх на аблічча тваё, і пакажу народам голасьць тваю, і валадарствам — ганьбу тваю. І кіну агіднасьць на цябе, і зьняважу цябе, і выстаўлю цябе як відовішча. І станецца, што кожны, хто гляне на цябе, уцячэ ад цябе і скажа: «Зруйнавана Нініва! Хто будзе плакаць па ёй?» Дзе я знайду пацяшыцеляў для цябе? Ці ты лепшая за Но-Амон, які сядзіць сярод рэкаў, воды вакол яго, у яго вал — мора, і ад мора муры ягоныя? Куш — сіла ягоная, і Эгіпет, і ён ня мае межаў, Пут і Лібія былі дапамогай ягонай. Але таксама ён выселены і пайшоў у палон; таксама дзеці ягоныя былі пасечаныя на рагах усіх вуліцаў, і пра шляхту ягоную кідалі жэрабя, і ўсе магнаты ягоныя зьвязаныя ланцугамі. І ты таксама будзеш п’яная, і будзеш хавацца, ты таксама будзеш шукаць абароны ад ворага. Усе замкі твае — як дрэвы фігавыя са сьпелымі пладамі. Калі трасуць іх, яны валяцца ў вусны таго, хто есьць [іх]. Вось, народ твой — як жанчыны ўнутры цябе. Для ворагаў тваіх шырока адчыненыя брамы зямлі тваёй, і зжэр агонь завалы твае. Вады [на час] аблогі начэрпай сабе; умацуй замкі твае; ідзі ў балота, таўчы гліну, рабі печы цагельныя. Там зжарэ цябе агонь, пасячэ цябе меч, паядуць цябе хрушчы; множся, як хрушчы, множся, як саранча. Ты памножыла купцоў сваіх больш, чым зорак на небе; але хрушчы раскінуць [крылы] і палятуць. Каранаваныя твае — як саранча, ваяводы твае — як мошка, якая мае табар у платах у халодны дзень, а як сонца ўзыйдзе, яны адлятаюць, і [ніхто] ня ведае месца іхняе, дзе яны. Сьпяць пастухі твае, валадару Асірыі, слаўныя твае ляжаць, расьцярушаны народ твой па горах, і няма каму сабраць яго. Няма лекаваньня хваробе тваёй, балючая рана твая. Усе, хто пачуе вестку пра цябе, будуць пляскаць у далоні над табою, бо да каго ўвесь час не прыходзіла ліхота твая?


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.