Библия › Бокун › 2 Тэсалонцам

2 Тэсалонцам

Павал, і Сілуан, і Цімафей — царкве Тэсалонцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як належыцца, бо моцна ўзрастае вера вашая і памнажаецца любоў кожнага адзін да аднаго між усімі вамі, так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля цярплівасьці вашай і веры ў-ва ўсіх перасьледаваньнях вашых і прыгнётах, якія вы пераносіце, на выяўленьне праведнага суду Божага, каб вам быць вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і пакутуеце. Бо праведна перад Богам аднагарадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць, а вам, прыгнятаным, — патоляй разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з неба з анёламі сілы Яго, Які ў полымі агню зьдзяйсьняе помсту над тымі, што ня ведаюць Бога і не паслухмяныя Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста. Яны атрымаюць прысуд — вечнае зьнішчэньне, ад аблічча Госпада і ад славы магутнасьці Яго, калі Ён прыйдзе ўславіцца ў сьвятых Сваіх і стацца дзівосным у дзень той у-ва ўсіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню сярод вас. Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі пакліканьня і споўніў з моцаю ўсякае ўпадабаньне добрасьці і справу веры, каб праславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Просім вось вас, браты, дзеля прыйсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста і нашага зграмаджэньня перад Ім, не хістайцеся пасьпешна розумам і не трывожцеся ані праз духа, ані праз слова, ані праз пасланьне, нібы ад нас, што быццам надыйшоў дзень Хрыстовы. Няхай ніхто аніяк вас ня зводзіць, бо [дзень гэты ня прыйдзе], пакуль ня прыйдзе перш адступніцтва і не адкрыецца чалавек грэху, сын загубы, які супрацівіцца і вывышаецца па-над усё, што называецца Богам ці чаму пакланяюцца, так што ў сьвятыні Божай засядзе ён як бог, заяўляючы пра сябе, што ён — бог. Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае? І цяпер ведаеце, што трымае, каб адкрыцца яму ў свой час. Бо таямніца беззаконьня ўжо дзейнічае, няхай толькі той, што трымае цяпер, будзе забраны спасярод. І тады адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прыйсьця Свайго, таго, якога прыйсьце праз дзеяньне шатана, будзе з усёй сілаю, і знакамі, і фальшывымі цудамі, і з усякім ашуканствам няправеднасьці для тых, якія гінуць з-за таго, што не прынялі любові праўды, каб ім быць збаўленымі. І з-за гэтага пашле ім Бог дзеяньне аблуды, каб верылі хлусьні, каб былі асуджаныя ўсе, якія не паверылі праўдзе, але ўпадабалі няправеднасьць. А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, улюбёныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас на збаўленьне, да якога і паклікаў вас праз Эвангельле нашае на атрыманьне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста. Дык, браты, стойце і трымайцеся традыцыі, якой вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае. Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне вечнае і надзею добрую ў ласцы, няхай пацешыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і справе добрай.

Нарэшце, маліцеся за нас, браты, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас, і каб мы былі выбаўленыя ад нягодных і злых людзей, бо не ў-ва ўсіх вера. Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і захавае ад злога. Мы пэўныя адносна вас у Госпадзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы загадваем вам. Няхай Сам Госпад накіруе сэрцы вашыя да любові Божае і цярплівасьці Хрыстовай. Загадваем вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, які ходзіць свавольна і не паводле традыцыі, прынятай ад нас, бо вы самі ведаеце, як трэба насьлядаваць нас, бо мы не сваволілі між вамі, таксама дарма ні ў каго хлеба ня елі, але ў працы і стоме рабілі ўначы і ўдзень, каб не абцяжарыць каго з вас, не таму, што ня маем улады, але каб сябе саміх даць вам за прыклад дзеля перайманьня нас. Бо калі мы былі ў вас, дык загадалі вам: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць. Але чуем, што некаторыя ў вас ходзяць свавольна, нічога ня робяць, але мітусяцца. Гэтакім загадваем і молім у Госпадзе нашым Ісусе Хрысьце, каб яны, працуючы моўчкі, елі свой хлеб. А вы, браты, не журыцеся, робячы дабро. Калі ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго мейце на прыкмеце і ня мейце справы з ім, каб быў асаромлены; але не лічыце яго за ворага, але настаўляйце, як брата. Сам жа Госпад супакою няхай дасьць вам супакой заўсёды і ў-ва ўсім. Госпад з усімі вамі. Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсякім пасланьні; пішу я гэтак: ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.