Библия › БКБПЦ › 1 да Фесаланікійцаў

1-е Пасланне да Фесаланікійцаў

Павел, і Сілуан, і Цімафей Царкве Фесаланікійскай у Богу Айцу і Госпадзе Іісусе Хрысце: благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста. Дзякуем Богу заўсёды за ўсіх вас, паміна́ючы вас у малітвах нашых, пастаянна па́мятаючы вашу справу веры, і працу любові, і трыва́ласць надзеі на Госпада нашага Іісуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым, ведаючы, узлю́бленыя Богам браты, абра́насць вашу; бо наша дабраве́сце ў вас адбыва́лася не толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым Духу, і ў поўнай перакана́насці; вы самі ведаеце, якімі мы былí для вас сярод вас. І вы сталі перайма́льнікамі нашымі і Госпада, прыня́ўшы слова ў горасцях многіх з радасцю Духа Святога, так што вы сталі ўзорам для ўсіх веруючых у Македоніі і Ахаіі. Бо ад вас разне́слася слова Гасподняе не толькі па Македоніі і Ахаіі, але і ва ўсіх краях вера ваша ў Бога стала вядомай, так што ў нас няма патрэбы пра гэта гаварыць. Бо самі яны пра нас расказваюць, якім быў наш прыход да вас і як вы павярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служы́ць Богу жывому і ісціннаму і чакаць з нябёс Сына Яго, Якога Ён уваскрасіў з мёртвых, Іісуса, Які збаўляе нас ад надыхо́дзячага гневу.

Вы ж самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што не ма́рны ён быў; але, перацярпеўшы пакуты і знявагі ў Філіпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам дабравесце Божае пры моцным супрацьстая́нні. Бо навуча́нне наша не выніка́е ні з памы́лкі, ні з нечыстаты́, ні з падма́ну; але паколькі Бог вы́прабаваў нас і даверыў нам дабраве́сце, то мы і гаворым, дагаджаючы не людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашы. Бо ніколі не было ў нас ні слоў ліслíвасці, як вы ведаеце, ні кары́слівага наме́ру, — Бог сведка! — і не шукаем людской славы ні ад вас, ні ад іншых: мы маглі паказаць сваю вагу́ як Апосталы Хрыстовы, але былí лагоднымі сярод вас, як кармíцелька, што пе́сціць сваіх дзяцей. Так мы, у шчырым памкне́нні да вас, жадаем перадаць вам не толькі дабравесце Божае, але і душы нашы, бо вы сталі для нас узлю́бленымі. Вы ж па́мятаеце, браты, цяжкую працу нашу і намага́нні: бо ўночы і ўдзень мы працавалі, каб не абцяжарыць каго з вас, і прапаведавалі вам дабравесце Божае. Вы і Бог — сведкі таго, як свята, і праведна, і бездакорна ставіліся мы да вас, веруючых, бо вы ведаеце, як мы кожнага з вас, падобна як бацька дзяцей сваіх, прасілі, і заахвочвалі, і пераконвалі, каб выпаводзілі сябе дастойна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу. Таму мы і дзякуем Богу пастаянна за тое, што, прыняўшы ад нас пачутае слова Божае, вы ўспрынялí яго не як слова чалавечае, але як слова Божае, якім яно сапраўды́ з’яўля́ецца і дзейнічае ў вас, веруючых. Бо вы, браты, сталі пераймальнікамі цэркваў Божых у Хрысце Іісусе, тых, што ў Іудзеі, бо вы перацярпелі ад сваіх супляме́ннікаў тое самае, што і яны ад Іудзеяў, якія забілі і Госпада Іісуса, і Яго прарокаў, і нас выгналі, і Богу не дагаджаюць, і ўсім лю́дзям працíвяцца; яны перашкаджа́юць нам прапаве́даваць язычнікам, каб тыя спаслíся, і гэтым памнажаюць грахі свае заўсёды; але гнеў насцíгнуў іх урэшце. Мы ж, браты, асірацелі без вас, разлу́чаныя на нейкі час знешне, але не ў сэрцы, з яшчэ большым жаданнем імкнуліся ўбачыць аблічча ваша. Таму мы хацелі прыйсці да вас, а я, Павел, — дык і раз, і другі, але перашкодзіў нам сатана. Бо хто наша надзея ці радасць, ці вянок пахвалы́? Хіба́ ж і не вы, перад Госпадам нашым Іісусам Хрыстом у час прышэ́сця Яго́ Бо вы — слава наша і радасць.

І таму, не вы́трываўшы ўжо, мы вы́рашылі лепш заста́цца ў Афінах адны, і паслалі Цімафея, брата нашага і служы́целя Божага і супрацоўніка нашага ў дабравесці Хрыстовым, каб умацава́ць вас і суце́шыць у веры вашай, каб ніхто не пахіснуўся ў го́расцях гэтых; бо вы самі ведаеце, што так нам вы́значана. Бо мы і тады, калі былí ў вас, прадказвалі вам, што будзем паку́таваць, як і здарылася, і вы гэта ведаеце. Таму і я, не вы́трываўшы ўжо, паслаў даведацца пра веру вашу, ці не спакусíў ча́сам вас спакуснік і не стала марнаю праца наша. А цяпер, калі да нас прыйшоў ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашу, і пра тое, што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, пра́гнучы нас убачыць, як і мы вас, то мы, пры ўсім горы і нястачы нашай, суце́шаны вамі, браты, вераю вашай; бо цяпер мы ажыва́ем, калі вы стаіце́ ў Госпадзе. Якую ж падзяку можам мы ўзне́сці Богу за вас, за ўсю радасць, якою мы радуемся з-за вас перад Богам нашым, ноч і дзень найшчырэ́й молячыся пра тое, каб убачыць аблічча ваша і дапоўніць тое, чаго не хапа́е веры вашай? Няхай жа Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Іісус Хрыстос вы́раўнуе шлях наш да вас. А вас Гасподзь няхай напоўніць і ўзбагацíць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, такою самаю, як мы маем яе да вас, каб умацаваць сэрцы вашы і зрабіць іх бездакорнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі святымі Яго. Амінь.

Нарэшце, браты, просім вас і молім Госпадам Іісусам, каб вы, пераня́ўшы ад нас тое як нале́жыць вам жыць і дагаджа́ць Богу, — што вы і робіце, — у гэтым яшчэ больш удаскана́льваліся, вы ж ведаеце, якія наказы мы далі вам ад Госпада Іісуса. Бо воля Божая — асвячэ́нне ваша, каб вы ўстрымліваліся ад распусты; каб ведаў кожны з вас, як захоўваць свой сасуд у святасці і годнасці, а не ў запа́ле пажа́длівасці, падобна язы́чнікам, якія не ведаюць Бога; каб вы не парушалі закону і не падма́нвалі ў гэтым брата свайго, бо кара́е Гасподзь за ўсё гэта, як і казалі мы вам раней і сведчылі. Таму што паклікаў нас Бог не да нечыстаты́, а да святасці. Дык вось, хто не прызнае́ гэтага, той не чалавека не прызнае́, а Бога, Які і даў нам Духа Свайго Святога. Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, таму што вы самі наву́чаны Богам любíць адно аднаго; бо вы так і ста́віцеся да усіх братоў ва ўсёй Македоніі. Закліка́ем жа вас, браты, яшчэ больш удаскана́львацца і намага́цца жыць спакойна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам; каб вы паводзілі сябе добрапрысто́йна перад зне́шнімі і ні ў чым не мелі нястачы. Не хачу ж, браты, пакінуць вас у няве́данні пра паме́рлых, каб вы не смуткава́лі, як іншыя, якія не маюць надзеі. Бо калі мы веруем, што Іісус памёр і ўваскрэс, то і памерлых у Іісусе Бог прывядзе з Ім. Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія засталіся да прышэ́сця Гасподняга, не апярэ́дзім памерлых, таму што Сам Гасподзь пры за́кліку, пры голасе Архангела і гу́ку трубы́ Божай, сы́дзе з неба, і мёртвыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі; потым мы, хто застане́цца жывы, разам з імі ўзяты будзем на воблакі на сустрэчу Госпада ў паветры, і так заўсёды з Госпадам будзем. Дык вось, суцяша́йце адно аднаго гэтымі словамі.

А пра часы і тэрміны няма патрэбы пісаць вам, браты, бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні прыйдзе так, як злодзей уначы́. Бо калі будуць казаць: «мір і бяспека», тады раптам іх насцігне пагібель, як му́ка ў родах насцігае цяжарную, і не пазбе́гнуць. Але вы, браты, не ў цемры, каб дзень той застаў вас, як злодзей; бо ўсе вы — сыны святла і сыны дня: мы — не сыны ні ночы, ні цемры. Дык вось, не будзем спаць, як іншыя, а будзем пільнымі і цвярозымі. Бо, тыя, што спяць, уначы́ спяць, і тыя, што ўпіва́юцца, уначы́ упіва́юцца. Мы ж, як сыны дня, будзем цвярозымі, апрану́ўшы браню́ веры і любові і шлем надзеі на спасенне, таму што Бог прызна́чыў нас не на гнеў, а на тое, каб мы атрымалі спасенне праз Госпада нашага Іісуса Хрыста, Які памёр за нас, каб мы, ці не спім, ці спім, жылí з Ім разам. Таму суцяша́йце адно аднаго і настаўля́йце адно аднаго, як вы і робіце. Просім жа вас, браты, паважаць тых, хто працуе ў вас, і хто ўзнача́львае вас ў Госпадзе, і хто настаўля́е вас, і шанаваць іх асабоіва, з любоўю, за справу іх; жывіце ў міры паміж сабою. Закліка́ем вас таксама, браты, абразумля́йце бясчы́нцаў, суцяшайце маладушных, падтры́млівайце сла́бых, будзьце доўгацярплíвымі да ўсіх. Глядзіце, каб ніхто нікому не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адзін аднаму, і ўсім. Заўсёды радуйцеся. Няспы́нна маліцеся. За ўсё дзякуйце: бо такая для вас воля Божая ў Хрысце Іісусе. Духа не гасíце. Прароцтвамі не пагарджа́йце. Усё выпрабо́ўвайце, добрага трыма́йцеся. Ад усякага роду зла ўстры́млівайцеся. Сам жа Бог міру няхай асвяцíць вас ва ўсёй паўнаце, і няхай ваш дух, і душа, і цела ва ўсёй іх цэласці захаваюцца беззага́ннымі ў прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста. Верны Той, Хто закліка́е вас, Які і здзе́йсніць гэта. Браты! маліцеся за нас. Вітайце ўсіх братоў пацалу́нкам святы́м. Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасла́нне ўсім святы́м брата́м. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі. Амінь.


Біблейская камісія БПЦ
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.