Библия › БКБПЦ › Да Філімона

Пасланне да Філімона

Павел, вязень Хрыста Іісуса, і Цімафей брат, — Філімону ўзлю́бленаму, супрацоўніку нашаму, і Апфіі, сястры ўзлю́бленай, і Архіпу, спадзвíжніку нашаму, і дамашняй тваёй царкве: благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста. Дзякую Богу майму, заўсёды паміна́ючы цябе ў малітвах маіх, чуючы пра тваю любоў і веру, якую ты маеш да Госпада Іісуса і да ўсіх святых, каб вера твая, супольная з нашай, была дзейснай у спазнанні ўсякага дабра, якое ў вас дзеля Хрыста Іісуса. Бо мы маем радасць вялікую і суцяшэнне ў любові тваёй, таму што табою, браце, супако́ены сэрцы святых. Таму, ма́ючы вялікую ў Хрысце адвагу зага́дваць табе нале́жнае, больш па любові прашу я, Павел, будучы старцам, а цяпер і вязнем Іісуса Хрыста; прашу цябе за сына майго Анісіма, якога спарадзіў я ў кайданах маіх: ён быў калісьці бескарысным для цябе, а цяпер — вельмі карысны табе і мне; я адсылаю яго да цябе; ты ж прымі яго, як маё сэрца. Я хацеў утрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне, які ў кайданах за дабравесце; але я нічога не хацеў рабіць без тваёй згоды, каб добрая справа твая была не вы́мушанай, а дабравольнай. Бо, магчыма, ён дзеля таго адлучы́ўся на кароткі час, каб ты прыняў яго назаўсёды, ужо не як раба, а вышэй за раба, як брата ўзлюбленага, асабліва для мяне, а тым болей для цябе — і па плоці, і ў Госпадзе. Дык вось, калі маеш мяне за супольніка, то прымі яго, як мяне. Калі ж ён нанёс табе нейкую шкоду альбо доўг ма́е, то лічы́ гэта на мне. Я, Павел, напісаў сваёю рукою: я заплачу́; каб не казаць табе, што ты і самога сябе мне вінен. Так, браце, дазволь мне мець карысць ад цябе ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе. Упэўнены ў паслухмянасці тваёй, я напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і больш, чым я кажу. А разам з тым падрыхтуй мне і гасцявы́ пакой; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дарава́ны вам. Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Хрыста Іісуса, а таксама Марк, Арыстарх, Дзімас, Лука, супрацоўнікі мае́. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з духам вашым. Амінь.


Біблейская камісія БПЦ
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.