Прароцтва пра Нінэвію; кніга ўяваў Навума Элкасэяніна. Гасподзь ёсьць Бог руплівец і помсьнік; помсьнік Гасподзь і страшны ў гневе: помсьнік Гасподзь ворагам Сваім, і ня зьлітуецца з супраціўцаў Сваіх. Гасподзь шматцярплівы і вялікі магутнасьцю і не пакідае без пакараньня; у віхуры і ў буры шэсьце Госпада, воблака — пыл ад ног Ягоных. Загадае Ён мору — і яно высыхае, і ўсе рэкі перасыхаюць; вяне Васан і Карміл, і блякне квет на Ліване. Горы трасуцца перад Ім, і пагоркі растаюць, і зямля хістаецца перад абліччам Ягоным, і сусьвет і ўсе, што жывуць на ёй. Перад абурэньнем Яго хто ўстоіць? І хто сьцерпіць полымя гневу Яго? Гнеў Яго разьліваецца як агонь; скалы распадаюцца перад Ім. Добры Гасподзь, — прыстанак у дзень скрухі — і ведае тых, што на Яго спадзяюцца, але ўсепатопным павадкам разбурыць дашчэнту Нінэвію, і ворагаў Яго спасьцігне морак. Што намышляеце вы супроць Госпада? Ён учыніць зьнішчэньне, і бедства ўжо не паўторыцца. бо пераплеценыя паміж сабою, як цярноўнік і ўпітыя, як п’яніцы, яны пажэртыя будуць начыста, як сухая салома. Зь цябе павёўся той, хто намысьліў ліхое супроць Госпада, хто склаў змову бязбожную. Так кажа Гасподзь: хоць яны бясьпечныя і шматлікія, але яны будуць пасечаны і зьнікнуць; а цябе, хоць Я абцяжарваў, больш абцяжарваць ня буду. І сёньня Я скрышу ярмо ягонае, якое ляжыць на табе, і путы твае парву. А пра цябе, Асур, Гасподзь вызначыў: ня будзе болей насеньня з тваім імем; з дома бога твайго зьнішчу балваноў і куміраў, падрыхтую табе ў ім магілу, бо ты будзеш у пагардзе. Вось, на горах — ступакі дабравесьніка, які абвяшчае мір: сьвяткуй, Юдэя, сьвяты твае, выконвай твае абяцаньні, бо ня будзе болей праходзіць па табе бязбожнік: ён зусім зьнішчаны.
Падымаецца на цябе разбуральнік: ахоўвай цьвярдыні, ахоўвай дарогу, умацуй сьцёгны, зьбірай сілу. Бо адновіць Гасподзь веліч Якава, як веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташальнікі і вінаградныя галіны іх вынішчылі. Шчыт герояў ягоных прыгожы; воіны яго ў адзеньні барвовым; агнём блішчаць калясьніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і лес дзідаў хвалюецца. Па вуліцах нясуцца калясьніцы, грымяць на плошчах; бляск ад іх, як ад агню; бліскаюць, як маланкі. Ён выклікае адважных сваіх, але яны спатыкаюцца на хаду сваім; сьпяшаюцца на муры горада, але аблога наладжана ўжо. Рачная брама адчыняецца, а палац разбураецца. Вырашана: яна будзе аголена і зьведзена ў палон, і рабыні яе будуць стагнаць, як галубы, б’ючы сябе ў грудзі. Нінэвія з часу свайго існаваньня была як сажалка, запоўненая вадою, а яны бягуць. «Стойце, стойце!» Але ніхто не азіраецца. Рабуйце срэбра, рабуйце золата! няма канца запасам усякага каштоўнага начыньня. Разрабавана, спустошана і спляжана яна, — і растае сэрца, калені трасуцца; ва ўсіх сьцёгнах моцны боль, і твары ва ўсіх пацямнелі. Дзе цяпер логвішча ільвоў і тая паша для ільвянят, па якой хадзіў леў, ільвіца і львяня, і ніхто не палохаў іх, леў, які хапае для насычэньня шчанюкоў сваіх і душыць для ільвіц сваіх, і напаўняе здабычаю пячоры свае і логвішчы свае — схопленым? Вось Я — на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І спалю ў дыме калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянят тваіх, і зьнішчу зь зямлі здабычу тваю, і ня будзе болей чуцен голас паслоў тваіх.
Гора гораду крыві! увесь ён поўны падману і забойства; ня спыняецца ў ім рабунак. Чутно, як ляскае біч і стукаюць, круцяцца колы, іржэ конь і грукоча на скаку калясьніца. Імчыцца коньніца, бліскае меч і блішчаць дзіды; забітых мноства і груды трупаў: няма канца трупам, спатыкаюцца аб трупы іх. Гэта — за многія блудадзействы распусьніцы прыемнай зьнешнасьці, спрактыкаванай у чарадзействе, якая блудадзействамі сваімі прадае народы і чарадзействамі сваімі — плямёны. Вось Я — на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І падыму на аблічча тваё краі вопраткі тваёй, і пакажу народам галізну тваю і царствам сарамату тваю. І закідаю цябе мярзотамі, зраблю цябе пагарджанаю і выстаўлю цябе на паглум. І будзе тое, што ўсякі, убачыўшы цябе, пабяжыць ад цябе і скажа: «спустошана Нінэвія! Хто пашкадуе яе? дзе знайду я суцешнікаў табе?» Хіба ты лепшы за Но-Амона, які ляжыць паміж рэкамі, акружаны вадою, валам якога было мора, і мора служыла сьцяною яму? Эфіопія і Егіпет зь безьлічным мноствам іншых служылі яму падмацаваньнем; Копты і Лівійцы прыходзілі на дапамогу табе. Але і ён пераселены, пайшоў у палон; нават немаўляты яго перабітыя на скрыжаваньнях усіх вуліц, а на знакамітых яго кідалі жэрабя, і ўсе вяльможы яго скаваны ланцугамі. Так і ты — сп’янееш і зьнікнеш; так і ты будзеш шукаць абароны ад няпрыяцеля. Усе ўмацаваньні твае падобныя на смакоўніцу са сьпелымі пладамі: калі страсянуць іх, дык яны ўпадуць проста ў рот таму, хто хоча есьці. Вось, і народ твой — як жанчыны ў цябе: ворагам тваім разнасьцежацца брамы зямлі тваёй, агонь зжарэ замкі твае. Начэрпай вады на час аблогі; мацуй крэпасьці твае; ідзі ў бруд, тапчы гліну, папраў печ для абпалу цэглы. Там зжарэ цябе агонь, пасячэ цябе меч, паесьць цябе, як вусень, хоць бы ты і памножыўся, як вусень, памножыўся, як саранча. Купцоў у цябе стала больш, чым зорак на небе; але гэтая саранча расьсеецца і паляціць. Князі твае — як саранча, і ваеначальнікі твае — як раі мошак, якія ў час холаду гняздуюцца ў шчылінах сьцен, і калі ўстане сонца, дык разьлятаюцца, — і не пазнаеш месца, дзе яны былі. Сьпяць пастары твае, цар Асірыйскі, пакояцца вяльможы твае; народ твой расьсеяўся па горах, і няма каму сабраць яго. Няма лекаваньня ране тваёй, хваравітая пошасьць твая. Усе, хто пачуў вестку пра цябе, будуць пляскаць у далоні за цябе, бо на каго не пашыралася бесьперастанку злосьць твая?
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002