Библия › Сёмухі › Захарыі

Захарыі

У восьмым месяцы, у другі год Дарыя, было слова Гасподняе Захарыю, сыну Варахіінаваму, сыну Адаваму, прароку: угневаўся Гасподзь на бацькоў вашых вялікім гневам, і ты скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: павярнецеся да Мяне, кажа Гасподзь Саваоф, і Я павярнуся да вас, кажа Гасподзь Саваоф. Ня будзьце такія, як бацькі вашыя, да якіх заклікалі ранейшыя прарокі, кажучы: так кажа Гасподзь Саваоф: адвярнецеся ад ліхіх шляхоў вашых і ад ліхіх дзеяў вашых; але яны ня слухаліся і не ўважалі Мне, кажа Гасподзь. Бацькі вашыя — дзе яны? ды і прарокі, ці будуць яны вечна жыць? Але словы Мае і вызначэньні Мае, якія наказваў Я рабам Маім прарокам, хіба ж не спасьціглі бацькоў вашых? і яны зьвярталіся і казалі: як вызначыў Гасподзь Саваоф зрабіць з намі паводле нашых шляхоў і паводле нашых дзеяў, так і ўчыніў з намі. У дваццаць чацьвёрты дзень адзінаццатага месяца, — гэта месяц Шэват, — у другі год Дарыя, было слова Гасподняе Захарыю, сыну Варахіінаваму, сыну Адаваму, прароку: уначы бачыў я ўяву: вось, муж на рыжым кані стаіць паміж міртамі, якія ў паглыбленьні, а за імі коні рыжыя, пярэстыя і белыя, і сказаў я: хто яны, спадару мой? І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: я пакажу табе, хто яны. І адказваў муж, які стаяў паміж міртамі, і сказаў: гэта тыя, якіх Гасподзь паслаў абысьці зямлю. І яны адказвалі анёлу Гасподняму, які стаяў паміж міртамі, і сказалі: абышлі мы зямлю, і вось, уся зямля населеная і спакойная. І адказваў анёл Гасподні і сказаў: Госпадзе Ўсеўладца! Дакуль Ты не ўмілажалішся зь Ерусаліма і з гарадоў Юды, на якія Ты гневаешся вось ужо семдзесят гадоў? Тады ў адказ анёлу, які гаварыў са мною, мовіў Гасподзь словы добрыя, словы суцешлівыя. І сказаў Мне анёл, які гаварыў са мною: абвясьці і скажы: так кажа Гасподзь Саваоф: парупіўся Я за Ерусалім і за Сіён рупнасьцю вялікай: І вялікім абурэньнем абураюся з народаў, якія жывуць у спакоі; бо калі Я мала ўгневаўся, яны павялічылі ліха. таму так кажа Гасподзь: Я зьвяртаюся да Ерусаліма зь мілажалем; у ім пабудуецца дом Мой, кажа Гасподзь Саваоф, і землямерная вяроўка працягнецца па Ерусаліме. Яшчэ абвясьці і скажы: так кажа Гасподзь Саваоф: зноў перапаўняюцца гарады Мае дабром, і суцешыць Гасподзь Сіён і зноў выбера Ерусалім. І ўзьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось чатыры рагі. І сказаў я анёлу, які гаварыў са мною: што гэта? І ён адказаў мне: гэта рогі, якія раскідалі Юду, Ізраіля і Ерусалім. Потым паказаў мне Гасподзь чатырох працаўнікоў. І сказаў я: што яны ідуць рабіць? Ён сказаў мне так: гэтыя рогі раскідалі Юду, так што ніхто ня можа падняць галавы сваёй: а гэтыя прыйшлі напалохаць іх, зьбіць рогі народаў, якія паднялі рог свой супроць зямлі Юды, каб расьсеяць яе.

І зноў я ўзьвёў вочы мае і ўгледзеў: вось муж, у якога ў руцэ — землямерная вяроўка. Я спытаўся: куды ты ідзеш? І ён сказаў мне: мерыць Ерусалім, каб убачыць, якая шырыня яго і якая даўжыня яго. І вось анёл, які гаварыў са мною, выходзіць, а другі анёл ідзе насустрач яму, і сказаў ён гэтаму: ідзі хутчэй, скажы гэтаму юнаку: Ерусалім заселіць ваколіцы з прычыны мноства людзей і быдла ў ім. І Я буду яму, кажа Гасподзь, вогненнаю сьцяною вакол яго і праслаўлюся сярод яго. Эй, эй! бяжэце з паўночнай краіны, кажа Гасподзь: бо па чатырох вятрах нябесных Я расьсеяў вас, кажа Гасподзь. Ратуйся, Сіёне, які жывеш у дачкі Вавілона. І так кажа Гасподзь Саваоф: дзеля славы Ён паслаў мяне да народаў, якія рабавалі вас; бо той, хто дакранаецца да вас, дакранаецца да зрэнкі вока Яго. І вось, Я падыму руку Маю на іх, і яны зробяцца здабычаю рабоў сваіх, і тады ўведаеце, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне. Радуйся і весяліся, дачка Сіёна! Бо вось, Я прыйду і пасялюся сярод цябе, кажа Гасподзь. І прыбягуць да Госпада многія народы ў той дзень і будуць Маім народам; і я пасялюся сярод цябе, і ўведаеш, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне да цябе. Тады Гасподзь возьме ва ўладаньне Юду, Сваю долю на сьвятой зямлі, і зноў выбера Ерусалім. Хай маўчыць усякая плоць перад абліччам Госпада! Бо Ён падымаецца ад сьвятога жытлішча Свайго.

І паказаў ён мне Ісуса, вялікага іярэя, які стаяў перад анёлам Гасподнім, і сатану, які стаяў праваруч яго, каб процідзейнічаць яму. І сказаў Гасподзь сатане: Гасподзь хай забароніць табе, сатана, хай забароніць табе Гасподзь, Які выбраў Ерусалім! ці не галавешка ён, выцягнутая з агню? А Ісус быў апрануты ў заплямленую вопратку і стаяў перад анёлам, які адказваў і сказаў тым, што стаялі перад ім, так: здымеце зь яго заплямленую вопратку. А яму самому сказаў: глядзі. Я зьняў зь цябе віну тваю, і апранаю цябе ў адзеньне ўрачыстае. І сказаў: ускладзеце на галаву яго чысты кідар. І ўсклалі чысты кідар на галаву яго і апранулі яго ў адзеньне; а анёл Гасподні стаяў. І засьведчыў анёл Гасподні і сказаў Ісусу: так кажа Гасподзь Саваоф: калі ты будзеш хадзіць Маімі шляхамі і калі будзеш на варце Маёй, дык будзеш судзіць дом Мой і наглядаць за дварамі Маімі. Я дам табе хадзіць паміж гэтымі, што стаяць тут. выслухай жа, Ісусе, іярэю вялікі, ты і браты твае, што сядзяць перад табою, мужы знакамітыя: вось, Я прыводжу раба Майго, ПАРАСТКА. Бо вось той камень, які Я кладу перад Ісусам; на гэтым адным камені — сем вачэй; вось, я выражу на ім абрысы яго, кажа Гасподзь Саваоф, і згладжу грэх зямлі гэтай за адзін дзень. У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, будзеце адзін аднаго запрашаць пад вінаград і пад смакоўніцу.

І вярнуўся той анёл, які гаварыў са мною, і разбудзіў мяне, як будзяць чалавека са сну ягонага. І сказаў ён мне: што ты бачыш? І адказваў я: бачу, вось сьвяцільня ўся з золата і чашачка пад алей наверсе яе, і сем лампад на ёй, і па сем трубачак у лампадах, якія наверсе яе; і дзьве масьліны на ёй, адна з правага боку чашачкі, другая зь левага боку яе. І адказваў я і сказаў анёлу, які гаварыў са Мною: што гэта, спадару мой? І анёл, які гаварыў са мною, адказваў і сказаў мне: ты ня ведаеш, што гэта? І сказаў я: ня ведаю, спадару мой. Тады адказваў ён і сказаў мне так: гэта слова Госпада Зарававелю, у якім сказана: ня войскам і ня сілаю, а Духам Маім, кажа Гасподзь Саваоф. Хто ты, вялікая гара перад Зарававелем? ты — раўніна, і вынесе ён кутні камень пры шумных ускліканьнях: «мілата, мілата на ім!» І было мне слова Гасподняе: рукі Зарававеля паклалі аснову Дому гэтаму; ягоныя рукі і закончаць яго, і даведаешся, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне да вас. Бо хто можа лічыць дзень гэты малаважным, калі радасна глядзяць на будаўнічы адвес у руках Зарававелевых тыя сем, — гэта вочы Госпада, якія абдымаюць позіркам усю зямлю? Тады адказваў я і сказаў яму: што азначаюць тыя дзьве масьліны з правага боку сьвяцільні і зь левага боку яе? Другі раз загаварыў я і сказаў яму: што азначаюць дзьве масьлічныя галіны, якія празь дзьве залатыя трубачкі выліваюць зь сябе золата? І сказаў ён мне: ты ня ведаеш, што гэта? Я адказваў: ня ведаю, спадару мой. І сказаў ён: гэта два памазаныя алеем, якія стаяць перад Госпадам усёй зямлі.

І зноў узьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось ляціць скрутак. І сказаў ён мне: што ты бачыш? Я адказваў, бачу, ляціць скрутак; даўжыня яго дваццаць локцяў, а шырыня яго дзесяць локцяў. Ён сказаў мне: гэта праклён, які ідзе на твар усёй зямлі; бо кожны, хто крадзе, будзе зьнішчаны, як напісана на адным баку, і кожны, хто прысягае ілжыва, зьнішчаны будзе, як напісана на другім баку. Я навёў яго, кажа Гасподзь Саваоф, і ён увойдзе ў дом злодзея і ў дом кляцьбіта Маім імем ілжыва і застанецца ў доме ў яго, і зьнішчыць яго і дрэвы ягоныя і камяні ягоныя. І выйшаў анёл, які гаварыў са мною, і сказаў мне: узьвядзі яшчэ вочы твае і падзівіся, што гэта выходзіць? Калі ж я сказаў: што гэта? Ён адказваў: гэта выходзіць эфа, і сказаў: гэта — вобраз іх па ўсёй зямлі. І вось, кавалак сьвінца падняўся, і там сядзела адна жанчына пасярэдзіне эфы. І сказаў ён: гэтая жанчына — сама бязбожнасьць, і кінуў яе ўсярэдзіну эфы, а на адтуліну яе кінуў сьвінцовы кавалак І ўзьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось, зьявіліся дзьве жанчыны, і вецер быў у крылах у іх, і крылы ў іх — як крылы ў бусла; паднялі яны эфу і панесьлі яе паміж зямлёю і небам. І сказаў я анёлу, які гаварыў са мною: куды нясуць яны гэтую эфу? Тады сказаў ён мне: каб зладзіць ёй дом у зямлі Сэнаар, і калі будзе ўсё падрыхтавана, дык яна паставіцца там на сваёй аснове.

І зноў узьвёў я вочы мае, і бачу: вось, чатыры калясьніцы выходзяць зь цясьніны паміж дзьвюма горамі; і горы тыя былі — горы медныя. У першай калясьніцы коні рыжыя, а ў другой калясьніцы коні вараныя; у трэцяй калясьніцы коні белыя, а ў чацьвёртай калясьніцы коні пярэстыя, дужыя. І пачаўшы прамову, я сказаў анёлу, які гаварыў са мною: што гэта, спадару мой? І адказваў анёл і сказаў мне: гэта выходзяць чатыры духі нябесныя, якія стаяць перад Госпадам усёй зямлі. Вараныя коні выходзяць там да краіны паўночнай; і белыя ідуць за імі, а пярэстыя ідуць да краіны паўднёвай. І дужыя выйшлі і памкнуліся ісьці, каб прайсьці зямлю; і ён сказаў: ідзеце, прайдзеце зямлю, — і яны прайшлі зямлю. Тады паклікаў ён мяне і сказаў мне так: глядзі, тыя, што выйшлі ў краіну паўночную, супакоілі дух Мой на зямлі паўночнай. І было слова Гасподняе да мяне: вазьмі ў тых, што прыйшлі з палону, у Хэлдая, у Товія і ў Едая, і ідзі ў той самы дзень, пайдзі ў дом Ісаі, сына Сафаніевага, куды яны прыйшлі з Вавілона, вазьмі ў іх срэбра і золата і зрабі вянкі, і ўскладзі на галаву Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, іярэю вялікаму, і скажы яму: так кажа Гасподзь Саваоф: вось Муж, — імя яму ПАРАСТАК, Ён вырасьце са свайго кораня і створыць храм Гасподні. Ён створыць храм Гасподні і прыме славу, і сядзе і будзе валадарнічаць на троне Сваім; будзе і сьвятаром на троне Сваім, і рада міру будзе паміж тым і другім. А вянкі тыя будуць Хэлему і Товію, Едаю і Хэну, сыну Сафаніеваму, на памяць у храме Гасподнім. І здалёку прыйдуць і прымуць удзел у пабудове храма Гасподняга, і вы ўведаеце, што Гасподзь Саваоф паслаў мяне да вас, і гэта будзе, калі вы дбайна будзеце слухацца голасу Госпада Бога вашага.

У чацьвёрты дзень цара Дарыя было слова Гасподняе Захарыю, у чацьвёрты дзень дзявятага месяца, Хаслэва, калі Вэтыль паслаў Сарацэра і Рэгемалэха і спадарожнікаў яго памаліцца перад абліччам Госпада і спытацца ў сьвятароў, якія ў доме Госпада Саваофа, і ў прарокаў, кажучы: ці плакаць мне ў пяты месяц і пасьціцца, як я рабіў гэта ўжо шмат гадоў? І было мне слова Госпада Саваофа: скажы ўсяму народу зямлі гэтай і сьвятарам так: калі вы пасьцілі і плакалі ў пятым і сёмым месяцы, прытым ужо семдзесят гадоў; ці дзеля Мяне вы пасьцілі? ці дзеля Мяне? І калі вы ясьце і калі вы п’яце, ці ня дзеля сябе вы ясьце, ці ня дзеля сябе вы п’яце? Ці ж ня тыя самыя словы ўзьвяшчаў Гасподзь праз ранейшых прарокаў, калі яшчэ Ерусалім быў населены і спакойны, і гарады вакол яго, паўднёвая краіна і нізіна былі населеныя? І было слова Гасподняе Захарыю: так казаў тады Гасподзь Саваоф: чынеце суд справядлівы і рабеце міласьць і спагаду кожны брату свайму; удавы і сіраты, прыхадня і гаротнага ня ўціскайце і ліха адзін супроць аднаго не намышляйце ў сэрцы вашым. Але яны не хацелі ўважаць, адвярнуліся ад Мяне, і вушы свае затулілі, каб ня чуць. І сэрца сваё скамянілі, каб ня чуць закону і слоў, якія пасылаў Гасподзь Саваоф Духам Сваім праз ранейшых прарокаў: за тое і спасьцігнуў іх вялікі гнеў Госпада Саваофа. І было: як Ён клікаў, а яны ня слухалі, так і яны клікалі, а Я ня слухаў, кажа Гасподзь Саваоф. І Я разьвеяў іх па ўсіх народах, якіх яны ня ведалі, і зямля гэтая апусьцела пасьля іх, так што ніхто не хадзіў па ёй ні назад, ні наперад, і яны зрабілі жаданую зямлю пустыняю.

І было слова Госпада Саваофа: так кажа Гасподзь Саваоф: зарупіўся Я пра Сіён руплівасьцю вялікаю, і зь вялікім гневам зарупіўся Я пра яго. Так кажа Гасподзь: зьвярнуўся Я да Сіёна і буду жыць у Ерусаліме, і будзе называцца Ерусалім горадам праўды, і гара Госпада Саваофа — гарою сьвятыні. Так кажа Гасподзь Саваоф: зноў старцы і старыцы сядзецьмуць на вуліцах Ерусаліма, кожны з посахам у руцэ, ад сталасьці веку свайго. І вуліцы горада гэтага напоўняцца хлопчыкамі і дзяўчаткамі, якія гуляцьмуць на вуліцах яго. Так кажа Гасподзь Саваоф: калі гэта ў вачах пазасталага народу здасца дзівосным у тыя дні, дык няўжо яно дзівоснае і ў вачах Маіх? кажа Гасподзь Саваоф. Так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я ўратую народ Мой з краіны ўсходу і з краіны заходу сонца; і прывяду іх, і будуць яны жыць у Ерусаліме, і будуць Маім народам, і Я буду іхнім Богам, у ісьціне і ў праўдзе. Так кажа Гасподзь Саваоф: умацуйце рукі вашыя вы, хто чуе сёньня словы гэтыя з вуснаў прарокаў, якія былі пры заснаваньні дому Госпада Саваофа, для будаўніцтва храма. Бо раней дзён тых ня было аддзякі ні чалавеку, ні аддзякі за працу жывёлам; ні адыхадню, ні прыхадню ня было спакою ад ворага; і патураў Я кожнаму чалавеку варагаваць з другім. А сёньня рэшце народу гэтага Я не такі, як у былыя дні, кажа Гасподзь Саваоф. Бо пасеяна будзе ў сьвеце; вінаградная лаза дасьць плод свой, і зямля дасьць плады свае, і нябёсы будуць даваць расу сваю: і ўсё гэта Я аддам у валоданьне астатку народу гэтага. І будзе: як вы, дом Юдаў і дом Ізраілеў, былі пракляцьцем у народаў, так Я выратую вас, і будзеце дабраславеньнем; ня бойцеся; хай умацуюцца рукі вашыя! Бо так кажа Гасподзь Саваоф: як Я вызначыў пакараць вас, калі бацькі вашыя гнявілі Мяне, кажа Гасподзь Саваоф, і не адмяніў, так зноў Я назначыў у гэтыя дні ўтварыць добрае Ерусаліму і дому Юдаваму; ня бойцеся! Вось дзеі, якія вы павінны чыніць: кажэце праўду адзін аднаму; па праўдзе і міралюбна судзеце каля брамаў вашых. Ніхто з вас хай не намышляе ў сэрцы сваім ліхога супроць блізкага свайго, і ілжывай клятвы ня любеце; бо ўсё гэта Я ненавіджу, кажа Гасподзь. І было мне слова Госпада Саваофа: так кажа Гасподзь Саваоф: пост чацьвёртага месяца і пост пятага, і пост сёмага і пост дзясятага зробіцца дому Юдаваму радасьцю і вясёлым сьвятам; толькі любеце праўду і мір. Так кажа Гасподзь Саваоф: яшчэ будуць прыходзіць народы і жыхары многіх гарадоў; і пойдуць жыхары аднаго горада да жыхароў другога і скажуць: хадзем маліцца перад аблічча Госпада Саваофа; і кожны скажа: пайду і я. І будуць прыходзіць многія плямёны і моцныя народы, каб знайсьці Госпада Саваофа ў Ерусаліме і памаліцца абліччу Госпада. Так кажа Гасподзь Саваоф: будзе ў тыя дні, возьмуцца дзесяць чалавек з усіх рознамоўных народаў, возьмуцца за крысо Юдэя і будуць казаць: мы пойдзем з табою, бо мы чулі, што з вамі — Бог.

І прарочае слова Госпада на зямлю Хадрах, і на Дамаску яно спыніцца; бо вока Госпада на ўсіх людзей, як і на ўсе плямёны Ізраілевыя, і на Эмат, сумежны зь ім, і на Тыр і Сідон, бо ён вельмі ўмудрыўся. І зладзіў сабе Тыр крэпасьць, назапасіў срэбра, як пылу, і золата, як вулічнай гразі. Вось, Гасподзь зрабіў яго бедным і паб’е сілу ягоную ў моры, і сам ён будзе зьнішчаны агнём. Угледзіць гэта Аскалон і жахнецца, і Газа, і затрымціць моцна, і Экрон; бо паганьбіцца надзея яго: ня будзе цара ў Газе, і Аскалон будзе незаселены. Чужое племя будзе жыць у Азоце, і Я зьнішчу пыху Філістымлянаў. Вырву кроў з вуснаў яго і мярзоты ягоныя зь яго зубоў, і ён дастанецца Богу нашаму і будзе, як тысячнік у Юдзе, і Экрон будзе, як Евусэй. І Я разьмяшчу табар каля дома Майго супроць войска, супроць тых, што ходзяць наперад і назад, і ня будзе больш прыходзіць прыгнятальнік; бо сёньня Маімі вачыма Я буду глядзець на гэта. Весяліся ад радасьці, дачка Сіёна: радуйся, дачка Ерусаліма: вось, Цар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле, сыне пад’ярэмнай. Тады зьнішчу калясьніцы ў Яфрэма і коней у Ерусаліме, і зламаны будзе баявы лук; і Ён абвесьціць мір народам, і валадарства Ягонае будзе ад мора да мора і ад ракі да краёў зямлі. А што да цябе, дзеля крыві запавету твайго Я вызвалю вязьняў тваіх з рова, у якім няма вады. Вяртайцеся на цьвярдыню вы, палонныя з надзеяю! Што цяпер узьвяшчаю, аддам табе ўдвая. Бо як лук Я напну Сабе Юду і напоўню лук Яфрэмам, і падыму сыноў тваіх, Сіёне, супроць сыноў тваіх, Янія, і зраблю цябе мечам барацьбіта. І явіцца над імі Гасподзь, і, як маланка, вылеціць страла Яго, і загрыміць Гасподзь Бог трубою і крочыць будзе ў бурах паўдзённых. Гасподзь Саваоф будзе абараняць іх, і яны будуць зьнішчаць і таптаць прашчавыя камяні і будуць піць і шумець як ад віна, і напоўняцца як ахвярныя чашы, як куты ахвярніка. І выратуе іх Гасподзь Бог іхні ў той дзень, як авечак, народ Свой; бо, падобна да каменя ў вянку, яны зазьзяюць на зямлі Ягонай. О, якая вялікая даброць ягоная і якое хараство Яго! Хлеб ажывіць язык у хлопцаў і віно — у дзяўчатак!

Прасеце ў Госпада дажджу ў час добрай патрэбы; Гасподзь блісьне маланкаю і дасьць вам шчодры дождж, кожнаму колас на полі. Бо ідалы гавораць пустое, і вяшчуны бачаць ілжывае і расказваюць сны ілжывыя; яны суцяшаюць пусткаю; таму яны бадзяюцца як авечкі, церпяць гароту, бо няма пастыра. На пастыраў запаліўся гнеў Мой, і казлоў Я пакараю; бо наведае Гасподзь Саваоф статак Свой, і дом Юдаў, і паставіць іх, як славутага каня Свайго на змаганьне. Зь яго будзе кутні камень, зь яго — цьвік, зь яго — лук для змаганьня, зь яго пойдуць усе кіроўцы народаў. І яны будуць, як героі, што топчуць ворагаў на вайне, як гразь на вуліцы, і змагацца, бо Гасподзь зь імі, і паганьбяць вершнікаў на конях. І ўмацую дом Юдаў і ўратую дом Язэпаў, і вярну іх, бо Я ўмілажаліўся зь іх, і яны будуць, як бы Я не пакідаў іх: бо Я — Гасподзь Бог іхні, і пачую іх. Як герой будзе Яфрэм; узьвесяліцца сэрца іхняе, як ад віна; і ўбачаць гэта сыны іхнія і парадуюцца; у захапленьні будзе сэрца іхняе ў Госпадзе. Я дам ім знак і зьбяру іх, бо Я адкупіў іх; яны будуць гэтакія ж шматлікія, як раней; і расьсялю іх паміж народаў, і ў далёкіх краінах яны будуць успамінаць пра Мяне і жыцьмуць зь дзецьмі сваімі, і вернуцца; і вярну іх зь зямлі Егіпецкай і з Асірыі зьбяру іх, і прывяду іх у зямлю Галаадскую і на Ліван, і ня хопіць месца ім. І пройдзе бедства па моры і разаб’е хвалі марскія, і высахнуць усе глыбіні ракі, і ўпакорыцца ганарыстасьць Асура, і жазло адымецца ў Егіпта. Умацую іх у Госпадзе, і яны хадзіцьмуць у імя Яго, кажа Гасподзь.

Адчыняй, Ліване, брамы твае, і хай зжарэ агонь кедры твае. Галасі, кіпарысе; бо ўпаў кедр, бо і велічныя спустошаны; галасеце, дубы Васанскія, бо паваліўся непраходны лес. Чуцен голас галашэньня пастухоў, бо спустошана прывольле іхняе; чуцен рык медных ільвоў, бо спустошана краса Ярдана. Так кажа Гасподзь Бог мой: пасьві авечак, асуджаных на закол, якіх пакупцы забіваюць беспакарана, а прадаўцы кажуць: «дабраславёны Гасподзь; я разбагацеў!» і пастухі іхнія не шкадуюць пра іх. Бо Я ня буду болей літаваць жыхароў зямлі гэтай, кажа Гасподзь; і вось, Я прадам людзей, кожнага ў рукі блізкага яго і ў рукі цара яго, і яны біцьмуць зямлю, і Я ня выбаўлю з рук іхніх. І буду пасьвіць авечкі, асуджаныя на закол, авечкі ў ісьціне нябогія. І вазьму Сабе два жазлы, і назаву адзін — добрым упадабаньнем, другі — кайданамі, і зь імі буду пасьвіць авечкі. І зьнішчу трох з пастыраў у адзін месяц; і адвернецца душа Мая ад іх, калі й іхняя душа адварочваецца ад Мяне. Тады скажу: ня буду пасьвіць вас; якая памірае — хай памірае, і якая гіне — хай гіне, а якія застаюцца, хай ядуць плоць адна адной. І вазьму жазло Маё добрага ўпадабаньня і зламаю яго, каб зьнішчыць запавет, які заключыў Я з усімі народамі. І ён зьнішчаны будзе ў той дзень, і тады даведаюцца бедныя з авечак, якія чакаюць Мяне, што гэта — слова Госпада. І скажу ім: калі заўгодна вам, дык дайце Мне плату Маю; калі ж не, — не давайце; і яны наважаць як плату Мне трыццаць срэбранікаў. І сказаў мне Гасподзь: кінь іх у царкоўнае сховішча, — высокая цана, у Якую яны ацанілі Мяне! І ўзяў Я трыццаць срэбранікаў і кінуў іх у дом Гасподні ганчару. І пераламаў Я другое жазло Маё — «кайданы», каб разарваць братнасьць паміж Юдам і Ізраілем. І Гасподзь сказаў мне: яшчэ вазьмі сабе спаруду аднаго з дурных пастухоў. Бо вось, Я пастаўлю на гэтай зямлі пастуха, які не парупіўся пра тых, што гінулі, тых, што згубіліся, ня будзе шукаць і хворых ня будзе лекаваць, здаровых ня будзе карміць, а мяса тлустых будзе есьці і капыты іхнія адарве. Гора нездаляшчаму пастуху, які пакідае статак! меч на руку яго і на правае вока яго! рука яго зусім высахне, і правае вока яго зусім зацьміцца.

Прарочае слова Госпада пра Ізраіля. Гасподзь, Які распрасьцёр неба, уцьвердзіў зямлю і ўтварыў дух чалавека ўсярэдзіне яго, кажа: вось, Я зраблю Ерусалім чараю захапленьня ўсім навакольным народам, а таксама для Юды ў час аблогі Ерусаліма. І будзе ў той дзень, зраблю Ерусалім цяжкім каменем усім плямёнам; усе, якія падымацьмуць яго, надарвуцца, а зьбяруцца супроць яго ўсе народы зямлі. У той дзень, кажа Гасподзь, Я паб’ю кожнага каня шаленствам і верхаўца яго — вар’яцтвам, а на дом Юдаў разамкну вочы Мае; а кожнага каня ў народаў пакараю сьлепатою. І скажуць князі Юдавыя ў сэрцах сваіх: сіла мая — жыхары Ерусалімскія ў Госпадзе Саваофе, Богу іхнім. У той дзень Я зраблю князёў Юдавых — як жароўню з агнём паміж дровамі і як запаленую сьвяцільню сярод снапоў, і яны зьнішчаць усе навакольныя народы справа і зьлева, і зноў заселены будзе Ерусалім на сваім месцы, у Ерусаліме. І ўратуе Гасподзь спачатку намёты Юды, каб веліч дому Давідавага і веліч жыхароў Ерусаліма ня ўзносілася над Юдам. У той дзень абараняць будзе Гасподзь жыхароў Ерусаліма, і самы слабы сярод іх у той дзень будзе як Давід, а дом Давіда будзе як Бог, як анёл Гасподні перад імі. І будзе ў той дзень, Я зьнішчу ўсе народы, якія нападацьмуць на Ерусалім. А на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліма вылью дух мілаты і замілаваньня, і яны паглядзяць на Яго, Якога пранізалі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзінародным сыне, і смуткаваць, як смуткуюць па першынцы. У той дзень падымецца вялікі плач у Ерусаліме, як плач Гададрымона ў даліне Манідонскай. І галасіцьме зямля, кожнае племя асобна: племя дому Давідавага асобна, і жанчыны іхнія асобна; племя дому Натанавага асобна, і жанчыны іхнія асобна; племя дому Лявіінага асобна, і жанчыны іхнія асобна; племя Сымонавае асобна, і жанчыны іхнія асобна. Усе астатнія плямёны — кожнае племя асобна, і жанчыны іхнія асобна.

У той дзень адчыніцца крыніца дому Давідаваму і жыхарам Ерусаліма для адмываньня грэху і нечыстаты. І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, Я зьнішчу імёны ідалаў з гэтай зямлі, і яны ня будуць больш упамінацца, гэтак сама і лжэпрарокаў і нячыстага духа зь зямлі выдалю. Тады, калі хто будзе прадказваць, дык бацька ягоны і маці яго, якія нарадзілі яго, скажуць яму: табе ня трэба жыць, бо ты ілжу кажаш у імя Госпада; і паб’е яго бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, калі ён будзе прадказваць. І будзе ў той дзень, пасаромеюцца такія прадказальнікі, кожны відзежу свайго, калі будуць прадказваць, і ня будуць надзяваць на сябе валасяніцы, каб ашукваць. І кожны скажа: Я не прарок, я земляроб, бо нехта зрабіў мяне рабом з маленства майго. Яму скажуць: чаго ж на руках у цябе шнары? і ён адкажа: таму, што мяне білі ў доме тых, што любяць мяне. О, меч! падыміся на пастыра Майго і на блізкага Майго, кажа Гасподзь Саваоф: пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі! І Я абярну руку Маю на малых. І будзе на ўсёй зямлі, кажа Гасподзь: дзьве часткі на ёй будуць зьнішчаны, вымруць, а трэцяя застанецца на ёй. І ўвяду гэтую трэцюю частку ў агонь, і растаплю іх, як топяць срэбра, і ачышчу іх, як ачышчаюць золата: яны будуць заклікаць імя Маё, і Я пачую іх і скажу: гэта Мой народ, і яны скажуць: Гасподзь — Бог мой!

І вось настае дзень Гасподні, калі падзеляць сярод цябе нарабаванае ў цябе. І зьбяру ўсе народы на вайну супроць Ерусаліма, і ўзяты будзе горад, і разрабаваны будуць дамы, і зьняслаўлены будуць жанчыны, і палавіна горада пойдзе ў палон; а астатні народ ня будзе зьнішчаны з горада: Тады выступіць Гасподзь і паўстане супроць гэтых народаў, як паўстаў у дзень бітвы. І стануць ногі Ягоныя ў той дзень на гары Елеонскай, якая перад абліччам Ерусаліма на ўсход; і раздвоіцца гара Елеонская ад усходу да захаду даволі вялікаю далінаю, і палавіна гары адыдзе на поўнач, а палавіна яе — на поўдзень. І вы пабяжыце ў даліну гор Маіх; бо даліна гор будзе прасьцірацца да Асіла; і вы пабяжыце, як беглі ад землятрусу ў дні Азіі, цара Юдэйскага; і прыйдзе Гасподзь Бог мой і ўсе сьвятыя зь Ім. І будзе ў той дзень: ня стане сьвятла, сьвяцілы аддаляцца. Дзень гэты будзе адзіны, вядомы толькі Госпаду: ні дзень, ні ноч; толькі аб вечаровым часе зьявіцца сьвятло. І будзе ў той дзень, жывыя воды пацякуць зь Ерусаліма, палавіна іх да мора ўсходняга і палавіна іх да мора заходняга: летам і ўзіму так будзе. І Гасподзь будзе Царом над усёю зямлёю; у той дзень будзе Гасподзь адзіны, і імя Яго — адзінае. Уся гэта зямля будзе, як раўніна, ад Гаваона да Рэмона, на поўдзень ад Ерусаліма, які высока стаяцьме на сваім месцы і населіцца ад брамаў Веньямінавых да месца першай брамы, да кутняй брамы, і ад вежы Аканэіла да царскіх чавільняў. І будуць жыць у ім, і праклёну ня будзе больш, а будзе стаяць Ерусалім у бясьпецы. І вось якое будзе паганьбеньне, якім пакарае Гасподзь усе народы, якія ваявалі супроць Ерусаліма: у каго зачаўрае цела ягонае, калі ён яшчэ стаіць на сваіх нагах, і вочы ў яго растануць у ямінах сваіх, і язык яго высахне ў роце ў яго. І будзе ў той дзень: адбудзецца паміж імі вялікая бянтэга ад Госпада, так што адзін схопіць руку другога, і падымецца рука яго на руку блізкага яго. Але і сам Юда будзе ваяваць супроць Ерусаліма, і сабрана будзе багацьце ўсіх навакольных народаў: золата, срэбра і вопратка ў вялікім мностве. Будзе такое самае паражэньне і коней і мулаў, і вярблюдаў і аслоў, і ўсякага быдла, якое будзе ў табарах іхніх. Потым усе астатнія з усіх народаў, якія прыходзілі супроць Ерусаліма, будуць прыходзіць год у год на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, і на сьвяткаваньне сьвята кучак. І будзе: калі якое зь плямёнаў зямных ня пойдзе ў Ерусалім на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, дык ня будзе дажджу ў іх. І калі племя Егіпецкае не падымецца ў дарогу і ня прыйдзе сюды, дык і ў яго ня будзе дажджу і спасьцігне яго разгром, якім сьпляжыць Гасподзь народы, што ня прыходзяць сьвяткаваць сьвята кучак. Вось, што будзе за грэх Егіпта і за грэх усіх народаў, якія ня прыйдуць сьвяткаваць сьвята кучак! У той час нават на конскіх уборах будзе накрэсьлена: сьвятыня Госпаду, і катлы ў доме Гасподнім будуць, як ахвярныя чары перад алтаром. І ўсе катлы ў Ерусаліме і ў Юдэі будуць сьвятыняю Госпада Саваофа, і будуць прыходзіць усе, хто прыносіць ахвяру, і браць іх і гатаваць у іх, і ня будзе болей ніводнага Хананэя ў доме Госпада Саваофа ў той дзень.


Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.