Библия › Каталіцкі › Якуба

Пасланне Якуба

Прывітанне

Якуб, слуга Бога і Пана Езуса Хрыста, вітае дванаццаць плямёнаў у дыяспары.

Пра выпрабаванні

Браты мае, калі трапляеце ў разнастайныя выпрабаванні, з вялікай радасцю прымайце іх. Бо ведаеце, што выпрабаванне вашай веры нараджае цярплівасць. А цярплівасць няхай будзе дасканалая, каб вы былі дасканалыя і беззаганныя, ні ў чым не маючы недахопу.

Малітва аб мудрасці

Калі некаму з вас нестае мудрасці, няхай просіць у Бога, які шчодра дае ўсім і не дакарае, — і будзе дадзена яму. Але няхай просіць з вераю і не сумняваецца, бо той, хто сумняваецца, падобны да марской хвалі, якую ўздымае і кідае вецер. Няхай гэты чалавек не думае, што атрымае нешта ад Пана, як чалавек двудушны, нясталы ва ўсіх сваіх шляхах.

Беднасць і багацце

Няхай хваліцца прыніжаны брат сваім узвышэннем, а багаты — сваім прыніжэннем, таму што праміне, як цвет травы. Бо ўзышло сонца і спёкай высушыла траву, і цвет яе апаў, і прыгажосць яе знікла — так і багаты завяне на сваіх шляхах. Шчаслівы чалавек, які вытрымлівае выпрабаванне, бо, калі будзе выпрабаваны, атрымае вянец жыцця, які Бог абяцаў тым, хто любіць Яго.

Бог — даўца дабра

Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога. Але кожны выпрабоўваецца ўласнай пажадлівасцю, якая прыцягвае і зводзіць. Зачаўшы, яна нараджае грэх, а калі грэх саспее, ён нараджае смерць.

Таму не дазваляйце сябе звесці, мае ўмілаваныя браты. Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены. Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды, каб мы былі пэўным пачаткам Ягоных стварэнняў.

Слова і чын

Ведайце, мае ўмілаваныя браты: няхай кожны чалавек слухае з ахвотай, але не будзе ахвочы да размоў, не будзе ахвочы да гневу. Бо чалавечы гнеў не здзяйсняе Божай справядлівасці. Таму адкіньце ўсялякую нячыстасць і празмерную злосць і прыміце з пакораю пасеянае ў вас слова, якое можа збавіць вашыя душы. Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе. Бо той, хто слухае слова, а не выконвае яго, падобны да чалавека, які разглядае свой натуральны твар у люстэрку: прыгледзеўся да сябе, адышоў і адразу забыўся, якім быў. Аднак той, хто пранікае ў дасканалы закон свабоды і трывае ў ім не як забыўлівы слухач, але як чынны выканаўца, той будзе шчаслівы ў тым, што робіць.

Калі хто лічыць сябе пабожным, не ўтаймоўваючы свайго языка, але зводзячы сваё сэрца, то марная ягоная пабожнасць. Чыстая і беззаганная пабожнасць перад Богам і Айцом — гэта наведванне сіротаў і ўдоваў у іхняй нядолі і захаванне сябе незаплямленым светам.

Вера не зважае на асобу

Браты мае, не зважаючы на асобы, майце веру ў Езуса Хрыста, нашага Пана хвалы. Бо калі на сход ваш прыйдзе чалавек з залатым пярсцёнкам, у бліскучым адзенні, і ўвойдзе таксама бедны ў бруднай вопратцы, і вы паглядзіце на апранутага ў бліскучае адзенне, і скажаце яму: «Ты сядай тут, на добрае месца», а беднаму скажаце: «Ты стань там ці сядай тут, каля падножжа майго», то ці ж не робіце адрознення між вамі самімі і не становіцеся суддзямі са злымі думкамі?

Паслухайце, мае ўмілаваныя браты. Ці ж не бедных свету выбраў Бог як багатых вераю і спадкаемцаў Валадарства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго? А вы пагардзілі бедным. Ці не багатыя прыгнятаюць вас, ці не яны цягнуць вас у суды, ці не яны ганьбяць добрае імя, якім вы названы? Калі аднак выконваеце каралеўскі закон паводле Пісання: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе», — добра робіце. Калі ж зважаеце на асобы, то чыніце грэх, а Закон асуджае вас як злачынцаў. Бо кожны, хто захоўвае ўвесь Закон, а зграшыў у нечым адным, становіцца вінаватым ва ўсім. Бо той, хто сказаў: “Не чужалож”, — сказаў таксама: “Не забівай”. Дык калі ты не чужаложыш, але забіваеш, становішся парушальнікам Закону. Гаварыце і чыніце так, як тыя, хто мае быць асуджаны паводле закону свабоды. Бо суд без міласэрнасці чакае таго, хто не чыніў міласэрнасці. Міласэрнасць вышэйшая за суд.

Вера без учынкаў — мёртвая

Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа вера збавіць яго? Калі брат ці сястра знаходзяцца ў галечы, не маючы штодзённай ежы, а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў спакоі, грэйцеся і насычайцеся», але не дасць ім неабходнага для цела, то якая з гэтага карысць? Так і вера без учынкаў мёртвая сама па сабе. Але нехта скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі». Пакажы мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе веру маімі ўчынкамі. Ты верыш, што ёсць адзін Бог? Добра робіш. Злыя духі таксама вераць і дрыжаць! Але ці хочаш ведаць, пусты чалавеча, што вера без учынкаў мёртвая? Ці не праз учынкі быў апраўданы айцец наш Абрагам, калі прынёс свайго сына Ісаака на ахвярнік? Ты бачыш, што вера супрацоўнічала з яго ўчынкамі і дзякуючы ўчынкам вера ўдасканалілася. Так споўнілася Пісанне, якое кажа: «Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць», і ён быў названы сябрам Божым. Бачыце, што чалавек апраўдваецца праз учынкі, а не толькі праз веру. Таксама і Рахаб, распусніца, ці ж не ўчынкамі была апраўдана, калі прыняла пасланцоў і адправіла іх іншай дарогай. Бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў.

Утаймаванне языка

Браты мае, няхай нямногія з вас імкнуцца стаць настаўнікамі, ведаючы, што будуць асуджаны больш сурова. Бо ўсе мы спатыкаемся шмат у чым. Калі хто не грашыць словам, гэта чалавек дасканалы, здольны ўтаймаваць таксама ўсё цела. Калі мы кладзем цуглі ў рот коням, каб яны слухаліся нас, то і кіруем усім іхнім целам. Вось і караблі, хоць такія вялікія і гоняць іх моцныя вятры, аднак маленькае стырно скіроўвае іх, куды пажадае воля стырнавога. Так і язык — малая частка цела, а хваліцца многім. Паглядзі, які малы агонь падпальвае вялізны лес! Язык — гэта агонь, свет несправядлівасці; змешчаны паміж нашых членаў, язык апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцця, а сам запальваецца ад геены. Бо ўсялякі від звяроў, птушак, паўзуноў і марскіх стварэнняў утаймоўваецца і ўтаймаваны чалавечай істотай, аднак ніхто з людзей не можа ўтаймаваць язык — нястрымнае зло, поўнае смяротнай атруты. Ім мы благаслаўляем Пана і Айца і ім праклінаем людзей, створаных на Божае падабенства. З тых самых вуснаў выходзіць благаслаўленне і праклён. Не павінна, браты мае, так быць. Ці ж з той самай крыніцы выцякае салодкая і горкая вада? Ці можа, браты мае, смоква радзіць аліўкі, ці вінаградная лаза смоквы? Так і салёная крыніца не можа даваць салодкай вады.

Сапраўдная мудрасць

Хто з вас мудры і разумны? Няхай добрымі паводзінамі пакажа свае ўчынкі ў мудрай лагоднасці. Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасць і сварлівасць, то не хваліцеся і не хлусіце насуперак праўдзе. Бо гэта не мудрасць, якая прыходзіць звыш, але зямная, цялесная, д’ябальская. Дзе зайздрасць і сварлівасць, там бязладдзе і ўсякая ліхая справа. А мудрасць, якая прыходзіць звыш, найперш — чыстая, потым — міралюбная, ласкавая, пакорлівая, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронняя, некрывадушная. А плод справядлівасці сеюць у спакоі тыя, хто чыніць спакой.

Супраць нязгоды

Адкуль войны і змаганні сярод вас? Хіба не з вашых пажадлівасцяў, якія змагаюцца ў вашых частках? Жадаеце, а не маеце; забіваеце і зайдросціце, а не можаце дасягнуць; змагаецеся і ваюеце. Не маеце, таму што не просіце; просіце, і не атрымліваеце, таму што дрэнна просіце, каб растраціць на свае пажадлівасці. Чужаложнікі, ці не ведаеце, што сяброўства з гэтым светам — гэта варожасць з Богам?
Таму калі нехта хоча быць сябрам свету, ён становіцца ворагам Бога. Ці вы лічыце, што Пісанне дарэмна кажа: «Зайздросліва прагне духа, які жыве ў нас»? Таму яшчэ большую дае ласку, паколькі кажа:

«Бог супраціўляецца ганарыстым,
а пакорным дае ласку».

Таму пакарыцеся Богу, а супраціўляйцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас. Наблізьцеся да Бога — і Ён наблізіцца да вас. Ачысціце рукі, грэшнікі, і асвяціце сэрцы, крывадушнікі. Смуткуйце, плачце і галасіце. Няхай смех ваш абернецца ў плач, а радасць — у сум. Прынізьцеся перад Панам — і Ён узвысіць вас.

Супраць асуджэння бліжняга

Браты, не абражайце адзін аднаго. Хто абражае ці асуджае свайго брата, той абражае і асуджае Закон. Калі ты асуджаеш Закон, то ты не выканаўца Закону, але суддзя. Адзін ёсць заканадаўца і суддзя, які можа збавіць і загубіць. А хто ты, што судзіш бліжняга?

Памылковасць людскіх планаў

Вось цяпер вы кажаце: «Сёння ці заўтра адправімся ў пэўны горад і правядзём там год, будзем гандляваць і зарабляць». Між тым вы не ведаеце, якім будзе заўтра вашае жыццё. Бо вы — пара, якая з’яўляецца на імгненне, а потым знікае. Замест таго, вы павінны былі б сказаць: «Калі Пан захоча, мы будзем жыць і зробім тое ці іншае». Вы ж цяпер хваліцеся ў ганарлівасці вашай. Усялякае такое выхвалянне дрэннае. Таму кожны, хто ведае, як рабіць дабро, і не робіць, той чыніць грэх!

Супраць багацеяў

Вось цяпер вы, багатыя, заплачце і загаласіце над вашымі няшчасцямі, што прыходзяць да вас. Багацце вашае згніло, і вопратку вашую патачыла моль. Золата ваша і срэбра паржавела, ржа іх засведчыць супраць вас і з’есць вашыя целы, як агонь. Вы сабралі скарб у апошнія дні. Вось кліча плата, якую вы затрымалі працаўнікам, што жалі вашыя палеткі, і крык жняцоў дайшоў да вушэй Пана Магуццяў. Вы жылі на зямлі ў распусце і раскошы, вы насыцілі сэрцы вашыя ў дзень забою. Вы асудзілі і забілі справядлівага. Ён не супраціўляўся вам.

У чаканні прыйсця Пана

Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана. Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні. Будзьце цярплівыя і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана. Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не быць асуджанымі; вось Суддзя стаіць пры дзвярах. За прыклад вытрываласці і цярплівасці, браты, вазьміце прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана. Вось, мы называем шчаслівымі тых, хто выцерпеў. Вы чулі пра цярплівасць Ёва і бачылі яго канчатковую ўзнагароду ад Пана, бо Пан шматміласцівы і літасцівы.

Не кляніцеся!

Але перадусім, браты мае, не кляніцеся ні небам, ні зямлёю ці якою іншаю клятваю. Няхай жа ваша «так» будзе «так», а ваша «не» будзе «не», каб вам не патрапіць пад суд.

Намашчэнне хворых і малітва

Нехта сярод вас пакутуе? Няхай моліцца. Нехта радасны? Няхай спявае. Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана. Малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, а грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму. Прызнавайцеся адзін аднаму ў грахах і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі; бо шмат можа шчырая малітва справядлівага. Ілля быў чалавекам, падобным да нас. Ён памаліўся моцна, каб не было дажджу, і не было дажджу на зямлі тры гады і шэсць месяцаў. Пасля памаліўся зноў, і неба спаслала дождж, а зямля дала свой плён. Браты мае, калі хто з вас збочыў са шляху праўды, а нехта вярнуў яго, няхай ведае: хто вярнуў грэшніка з яго аблуднага шляху, збавіць душу ягоную ад смерці і закрые мноства грахоў.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.