Прывітанне
Пётр, апостал Езуса Хрыста, прыхадням дыяспары Понта, Галатыі, Кападоцыі, Азіі і Бітыніі, выбраным паводле прадбачання Бога Айца і асвячаныму Духу дзеля паслухмянасці і акраплення крывёю Езуса Хрыста. Няхай памножыцца ў вас ласка і спакой.
Падзяка за ласку збаўлення
Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста, да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, якая захавана на нябёсах для вас, умацаваных сілаю Божай праз веру дзеля збаўлення, гатовага аб’явіцца ў апошні час. Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў, каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу, і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста. Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душ.
Гэтага збаўлення шукалі і дапытваліся прарокі, якія прадказвалі прызначаную вам ласку. Яны даследавалі, на калі і на які час указваў Дух Хрыста, які быў у іх і прадказваў цярпенні Хрыста і славу пасля гэтага. Для іх было адкрыта, што не ім, а вам служыла тое, што цяпер абвешчана тымі, хто прапаведаваў Евангелле ў спасланым з неба Духу Святым, у што хочуць зазірнуць нават анёлы.
Пакліканне да святасці
Таму, падперазаўшы сцёгны розуму вашага, чувайце і моцна спадзявайцеся на ласку, якая будзе прынесена вам у аб’яўленні Езуса Хрыста. Як паслухмяныя дзеці, не дастасоўвайцеся да пажадлівасцяў, якія вы мелі раней, у час вашага няведання, але на ўзор Святога, які паклікаў вас, самі станьце святымі ва ўсіх паводзінах вашых. Бо напісана: «Будзьце святымі, таму што Я святы». Калі вы называеце Айцом таго, хто непрадузята судзіць кожнага паводле ягоных учынкаў, то са страхам праводзьце час вашага зямнога вандравання, ведаючы, што не тленным серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцця, дадзенага вам айцамі, але каштоўнаю крывёю Хрыста як беззаганнага і чыстага Баранка. Ён быў прызначаны яшчэ да стварэння свету, але з’явіўся ў апошнія часы дзеля вас, што паверылі праз Яго ў Бога, які ўваскрасіў Яго і адарыў хвалою, каб вы мелі веру і надзею на Бога.
Ачысціўшы паслухмянасцю праўдзе душы вашыя для некрывадушнай братняй любові, чыстым сэрцам шчыра любіце адзін аднаго, бо вы народжаны зноў не з тленнага насення, але з нятленнага, праз Божае слова, якое жыве і трывае. Таму што ўсякае цела — быццам трава, а ўся слава яго — быццам цвет травы: трава завяла — і апаўцвет. А слова Пана трывае навекі.
І гэтым словам ёсць Добрая Навіна, абвешчаная вам.
З’яднанне з Хрыстом — жывым каменем
Таму, адкінуўшы ўсякую злосць і ўсякі подступ, крывадушнасць і зайздрасць ды ўсякае зласлоўе, як нованароджаныя немаўляты, жадайце чыстага малака слова, каб праз яго ўзрастаць для збаўлення, бо вы пакаштавалі, які добры ёсць Пан. Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага, і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, святарства святое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, прыемныя Богу, праз Езуса Хрыста. Бо сказана ў Пісанні:
«Вось я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны, каштоўны, і хто верыць у Яго, не асароміцца».
Таму, для вас, веруючых, Ён — каштоўнасць, а для няверуючых — «камень, які адкінулі будаўнікі. Ён стаў галавою вугла», «каменем спатыкнення і скалой спакусы». Яны спатыкаюцца аб яго, бо не пакараюцца слову, дзеля гэтага яны і пакінуты.
Вы ж — выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае сваё святло; калісьці не народ, а цяпер народ Божы; калісьці вы не былі памілаваныя, а цяпер памілаваныя.
Хрысціяне ў свеце
Умілаваныя, я заклікаю вас як чужынцаў і вандроўнікаў устрымлівацца ад цялесных пажадлівасцяў, што ваююць супраць душы. Сярод язычнікаў паводзьце сябе добра, каб, нягледзячы на тое, што абгаворваюць вас як злачынцаў, яны ўбачылі вашыя добрыя ўчынкі і праславілі Бога ў дзень наведзін.
Падпарадкоўвайцеся кожнай людской уладзе дзеля Пана: ці то каралю, як найвышэйшаму ўладару, ці то кіраўнікам, што пасланы ім для пакарання злачынцаў і для пахвалы дабрачынцаў. Бо воля Божая ў тым, каб, робячы дабро, вы прымушалі замаўчаць невуцтва неразумных людзей. Паводзьце сябе як слугі Божыя і свабодныя людзі, а не як тыя, што выкарыстоўваюць свабоду для прыкрыцця зла.
Паважайце ўсіх, любіце братэрства, бойцеся Бога, шануйце караля.
Быць цярплівымі як Хрыстус
Слугі, з усёй бояззю падпарадкоўвайцеся гаспадарам, і не толькі добрым і лагодным, але і суровым. Бо гэта ласка, калі нехта пакутуе з думкаю пра Бога, церпячы несправядліва. Якая вам пахвала, калі б’юць вас за правіны? Але калі чыніце дабро і церпіце, то маеце ласку ў Бога. Вы для таго пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім.
Ён не ўчыніў граху, і не было падману ў вуснах Ягоных.
Ён, калі Яму зласловілі, не зласловіў у адказ, калі цярпеў, не пагражаў, але давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва. Ён Сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва,
каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці.
Ранамі Яго вы аздароўленыя.
Бо вы былі, як авечкі, што заблукалі, але цяпер вы вярнуліся да Пастыра і Ахоўніка вашых душ.
Хрысціянскае сведчанне ў сям’і
Таксама і вы, жанчыны, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, каб тыя з іх, якія непаслухмяныя слову, паводзінамі жанчын былі здабытыя без слова, калі ўбачаць вашыя беззаганныя і богабаязныя паводзіны. Няхай аздобаю вашай будзе не вонкавае заплятанне валасоў, не залатое ўпрыгожанне ці хараство адзення, але ўкрыты чалавек сэрца ў незнішчальнасці лагоднага і рахманага духу, які вельмі каштоўны для Бога. Бо гэтак некалі і святыя жонкі, якія спадзяваліся на Бога, упрыгожвалі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужам. Гэтак Сара была паслухмянай Абрагаму, называючы яго гаспадаром. Вы сталі яе дзецьмі, бо робіце дабро і не баіцеся нічога страшнага.
І вы, мужы, разумна жывучы з імі, як слабейшаму жаночаму начынню аддавайце пашану, будучы суспадкаемцамі ласкі жыцця, каб не ставіць перашкодаў вашай малітве.
Заклік да захавання згоды і цярплівасці
Нарэшце, будзьце ўсе аднадумцамі, чулымі, любячымі братоў, міласэрнымі, пакорнымі. Не аддавайце злом за зло, ці знявагай за знявагу, але наадварот, благаслаўляйце, бо дзеля гэтага вы пакліканы, каб унаследаваць благаслаўленне.
Бо хто хоча любіць жыццё і ўбачыць шчаслівыя дні, няхай стрымлівае язык ад зла, а вусны — ад подступу. Няхай адвернецца ад зла і робіць дабро, няхай шукае спакою і ідзе за ім.
Бо вочы Пана скіраваны на справядлівых, і вушы Яго — на іхнія просьбы, але аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло.
Калі будзеце рупліўцамі дабра, то хто будзе вам шкодзіць? Калі церпіце за справядлівасць, вы шчаслівыя! А пагрозаў іхніх не бойцеся і не палохайцеся. Хрыста Панасвяціце ў сэрцах вашых, будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею. Але рабіце гэта лагодна, з бояззю Божай і добрым сумленнем, каб у тым, за што абгаворваюць вас як злачынцаў, былі асаромлены тыя, хто ганіць вашае добрае жыццё ў Хрысце. Таму што лепей, калі ў гэтым воля Божая, цярпець за добрыя ўчынкі, чым за благія. Бо і Хрыстус раз пацярпеў за грахі, справядлівы за несправядлівых, каб прывесці вас да Бога. Забіты ў целе, але ажыўлены ў Духу. У Ім таксама Ён прыйшоў абвяшчаць тым духам, што ў вязніцы, якія некалі былі непакорнымі, калі Божая доўгацярплівасць чакала ў дні Ноя, у час пабудовы каўчэга, на якім нямногія, усяго восем душ, уратаваліся ад вады. Яна і вас сёння, паводле гэтага ўзору, ратуе праз хрост, не праз абмыццё цялеснага бруду, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, праз уваскрасенне Езуса Хрыста, які, узышоўшы на неба, знаходзіцца праваруч Бога, і якому пакарыліся анёлы і ўлады, і моцы.
Паступаць як слугі Божыя
Паколькі Хрыстус цярпеў за нас у целе, вы таксама ўзбройцеся той жа думкай, бо той, хто выцерпеў пакуты цела, скончыў з грахом, каб астатні час у целе жыць ужо не для людской пажадлівасці, але для Божай волі. Хопіць і ранейшага часу, калі вы спаўнялі волю язычнікаў, жылі ў распусце, пажадлівасці, п’янстве, гулянках, п’янках і нягодным ідалапаклонстве. Яны і здзіўляюцца, што вы не занураецеся разам з імі ў адну плынь распусты, і зневажаюць вас. Яны здадуць справаздачу таму, хто гатовы судзіць жывых і памерлых. Бо для таго і мёртвым было абвешчана Евангелле, каб яны падлеглі суду як людзі ў целе, а жылі паводле Божага духу.
Набліжаецца канец усяго. Таму будзьце разважлівыя і цвярозыя, каб маглі маліцца. Перш за ўсё, майце шчырую любоў адзін да аднаго, таму што любоў закрывае мноства грахоў. Будзьце гасцінныя адзін да аднаго без нараканняў. Як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай, служыце адзін аднаму тым дарам, які кожны з вас атрымаў. Калі хто прамаўляе, няхай прамаўляе, як словы Божыя; калі хто служыць, няхай служыць дзякуючы моцы, якою надзяліў яго Бог, каб ва ўсім праславіўся Бог праз Езуса Хрыста, якому слава і панаванне на векі вечныя. Амэн.
Радасць у выпрабаваннях
Умілаваныя, не дзівіцеся агню, які палае ў вас дзеля вашага выпрабавання, нібы здарылася з вамі нешта дзіўнае. Але паколькі вы прымаеце ўдзел у муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў час аб’яўлення Яго славы вы ўсцешыліся і ўзрадаваліся. Калі ганяць вас за імя Хрыста, то вы шчаслівыя, бо Дух славы і Дух Божы спачывае на вас. Таму няхай ніхто з вас не церпіць як забойца або злодзей, або як злачынец, або як сквапны да чужога. Калі ж нехта церпіць як хрысціянін, няхай не саромееца, але праслаўляе Бога за гэта імя.
Бо ўжо час, каб распачаўся суд з Божага дому. Калі ж ён распачнецца з нас, дык які будзе канец тых, хто не слухаецца Божага Евангелля?
«І калі праведнік з цяжкасцю атрымае збаўленне, дзе апынуцца бязбожнік і грэшнік?»
Дык няхай тыя, хто церпіць з волі Бога, давераць Яму як вернаму Стварыцелю свае душы, робячы дабро.
Пастырам Касцёла
Старэйшынаў сярод вас я заклікаю як адзін са старэйшын, як сведка цярпенняў Хрыстовых і супольнік славы, што павінна адкрыцца. Пасвіце статак Божы, што пры вас, наглядаючы за ім не падпрымусам, але добраахвотна, згодна з воляй Божай, не дзе ляагіднай нажывы, але са шчырым жаданнем. Не зло ўжывайце ўладаю над падданымі, але станьце прыкладам для статка. А калі з’явіцца Найвышэйшы Пастыр, вы здабудзеце неўвядальны вянок славы.
Таксама вы, малодшыя, падпарадкоўвайцеся старэйшым. Апраніцеся ўсе ва ўзаемную пакору, таму што Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку.
Дык станьце пакорнымі пад моцнаю рукою Божаю, каб Ён узвысіў вас у адпаведны час. Усялякі свой клопат ускладзіце на Яго, бо Ён клапоціцца пра вас. Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці. Моцныя ў веры, станьце супраць яго, ведаючы, што такія ж цярпенні зведваюць і вашыя браты, што ў свеце.
А Бог усялякай ласкі, які паклікаў вас да сваёй вечнай славы ў Хрысце Езусе, пасля таго як крыху пацерпіце, сам удасканаліць, загартуе, умацуе і зробіць вас непахіснымі. Яго панаванне навекі. Амэн.
Заканчэнне і прывітанні
Праз Сільвана, які здаецца мне верным братам, я коратка напісаў вам, заахвочваючы і сцвярджаючы, што такая ёсць сапраўдная ласка Божая, у якой трываеце. Вітае вас выбраная, як і вы, супольнасць у Бабілёне, а таксама Марк, сын мой. Прывітайце адзін аднаго пацалункам любові.
Спакойусім вам, якія трываеце ў Хрысце.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019