Библия › Каталіцкі › 2 Пятра

2-е пасланне Пятра

Прывітанне

Сымон Пётр, слуга і апостал Езуса Хрыста — тым, хто прыняў аднолькава дарагую нам веру праз справядлівасць Бога нашага і Збаўцу Езуса Хрыста. Няхай памножацца ў вас ласка і спакой праз пазнанне Бога і Езуса, нашага Пана.

Хрысціянскае пакліканне

Ад Боскай сілы Ягонай нам даравана ўсё для жыцця і пабожнасці дзякуючы пазнанню таго, хто паклікаў нас для ўласнай славы і хвалы, праз што даў нам вялікія і каштоўныя абяцанні, каб праз іх вы сталі саўдзельнікамі Божай натуры, пазбегнуўшы згубы пажадлівага свету. З гэтай самай прычыны прыкладайце ўсе намаганні, каб дапоўніць вашую веру цнотай, цноту — пазнаннем, пазнанне — стрыманасцю, стрыманасць — цярплівасцю, цярлівасць — пабожнасцю, пабожнасць — братняю любоўю, а братнюю любоў — любоўю. Калі ўсё гэта ў вас ёсць і памнажаецца, то вы не будзеце бяздзейнымі ды бясплённымі ў пазнанні Пана нашага Езуса Хрыста. У каго ж няма гэтага, той сляпы, закрыўшы вочы, забыўся пра ачышчэнне ад сваіх даўніх грахоў. Таму, браты, старайцеся яшчэ больш умацаваць вашае пакліканне і выбар. Так паступаючы, ніколі не спаткніцёся. Тады шырока адкрыецца перад вамі ўваход у вечнае Валадарства нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.

Аўтарытэт Апосталаў і Святога Пісання

Таму я заўсёды буду напамінаць вам пра гэта, хоць вы і ведаеце ды ўмацаваны ў гэтай праўдзе. Лічу справядлівым, пакуль знаходжуся ў гэтым намёце, заахвочваць вас напамінам, ведаючы, што хутка пакіну гэты мой намёт, як і адкрыў мне наш Пан, Езус Хрыстус. Буду ж старацца, каб вы і пасля майго адыходу заўсёды ўспаміналі пра гэтыя рэчы.

Мы далі вам спазнаць моц і прыйсце нашага Пана Езуса Хрыста, не ідучы за мудра складзенымі байкамі, але будучы відавочцамі Ягонай велічы. Ён атрымаў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнай славы да Яго сышоў такі голас: «Гэта Мой Сын умілаваны, якога Я ўпадабаў». І мы чулі, як гэты голас даносіўся з неба, калі былі з Ім на святой гары. Да таго ж у нас ёсць мацнейшае, прароцкае слова. І вы добра зробіце, калі будзеце трываць пры ім, як пры лямпе, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах вашых. Толькі памятайце перш за ўсё, што ніякае прароцтва ў Пісанні не належыць да прыватнага тлумачэння. Бо прароцтва ніколі не паходзіла з волі чалавека, але ад імя Бога абвяшчалі яго людзі, натхнёныя Святым Духам.

Пазбягаць фальшывых настаўнікаў

Былі ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя настаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі і, выракаючыся таго, хто адкупіў іх, Валадара, наклічуць на сябе хуткую згубу. Многія пойдуць за іх разбэшчанасцю, і праз іх шлях праўды будзе зняважаны. У хцівасці будуць лавіць вас ліслівымі словамі. Прысуд ім даўно гатовы, і згуба іх не абміне.

Тры прыклады з мінулага

Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, якія зграшылі, але, звязаўшы путамі цемры, скінуў у адхлань, каб там чакалі суда; калі не пашкадаваў таксама даўняга свету, але паслаў патоп на бязбожных, захаваўшы толькі восем асобаў разам з Ноем, веснікам справядлівасці; і калі гарады Садому і Гамору, асудзіўшы на знішчэнне, абярнуў у попел, як перасцярогу бязбожнікам, а справядлівага Лота, змучанага распусным жыццём нягоднікаў, уратаваў, бо гэты справядлівы, жывучы сярод іх і чуючы ды бачачы ўчынкі беззаконня, штодня зведваў пакуты справядлівай душы, то ведае Пан, як уратаваць пабожных ад выпрабавання, а несправядлівых захаваць на дзень суда, асабліва тых, што служаць целу ў нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць Божай уладай.
Дзёрзкія, ганарыстыя, не баяцца нават зневажаць нябесныя істоты, тады як анёлы, хоць большыя сілаю і моцаю, не асуджаюць іх перад Панам. А яны, як неразумныя жывёлы, народжаныя паводле прыроды на ўлоў ды ўбой, зневажаюць тое, чаго не ведаюць, таму як гэтыя жывёлы будуць знішчаныя і атрымаюць адплату за несправядлівасць. Шчасцем лічаць яны штодзённую асалоду; бессаромныя і распуснікі, яны знаходзяць асалоду ў сваіх ашуканствах, банкетуючы з вамі. Вочы іхнія напоўнены чужаложствам і няспынным грахом; яны зводзяць слабых; іх сэрца прывучана да нажывы; гэта сыны праклёну. Яны пакінулі просты шлях, заблукалі, сышоўшы на дарогу Балаама, сына Басора, які палюбіў несправядлівую ўзнагароду, але быў асаромлены за сваё беззаконне: бязмоўная ўючная жывёліна, прамовіўшы чалавечым голасам, спыніла шаленства прарока. Гэта крыніцы бязводныя, хмары, што бура ганяе; для іх падрыхтаваны змрок цемры. Бо, прамаўляючы надзьмутыя і пустыя словы, яны зводзяць праз пажадлівасць цела і распусту тых, хто ледзь толькі ўцёк ад заблукалых. Яны абяцаюць ім свабоду, хоць самі застаюцца нявольнікамі знішчэння, бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.

Калі ж, уцёкшы ад сапсаванасці свету праз пазнанне нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста, зноў, заблытаўшыся, паддаюцца ёй, то апошняе для іх горшае за першае. Бо лепш было б ім не ведаць дарогі справядлівасці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад перададзенай ім святой запаведзі. Сталася з імі паводле слушнай прыказкі:

«Сабака вяртаецца да сваіх ванітаў,
а вымытая свіння — у брудную лужыну».

У чаканні Божага суда

Умілаваныя, гэта ўжо другое пасланне пішу вам; у іх праз напамін абуджаю вашыя чыстыя думкі, каб вы памяталі словы, сказаныя раней святымі прарокамі і запаведзь Пана і Збаўцы, перададзеную вашымі Апосталамі, ведаючы перадусім тое, што з’явяцца ў апошнія дні з кпінамі насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваёй пажадлівасці і пытацца: «Дзе абяцанне Ягонага прыйсця? Бо ад часоў, калі пачалі паміраць айцы, усё трывае так, як ад пачатку стварэння». Яны ж не хочуць зразумець, што праз Божае слова здаўна існуюць нябёсы і зямля паўстала з вады і праз ваду, таму і загінуў тагачасны свет, затоплены вадою. Цяпер жа нябёсы і зямля падтрымліваюцца тым жа словам і захоўваюцца для агня на дзень суда і згубы бязбожных людзей.

Умілаваныя, гэта адно няхай не будзе схавана ад вас, што ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень. Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння. Прыйдзе ж дзень Пана, як злодзей. І тады нябёсы прамінуць з вялікім шумам, распаленыя стыхіі разбурацца, а зямля і ўсё створанае на ёй згараць.

Калі так гэта будзе знішчана, дык якімі ж трэба быць у святым жыцці і пабожнасці вам, якія чакаеце і прыспешваеце прыйсце Божага дня, калі палаючыя нябёсы будуць знішчаны і распаленыя стыхіі растопяцца. Але мы, паводле Ягонага абяцання, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх прабывае справядлівасць.

Заклік да чування

Таму, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся, каб Ён знайшоў вас бездакорнымі і беззаганнымі, у спакоі, а доўгацярплівасць Пана лічыце збаўленнем, як і ўмілаваны наш брат Павел дзякуючы атрыманай мудрасці напісаў вам, як і ва ўсіх пасланнях, у якіх ёсць цяжкія для зразумення рэчы, і невукі ды нясталыя ў веры перакручваюць гэта, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу.

Заканчэнне

Таму вы, умілаваныя, ведаючы гэта наперад, сцеражыцеся, каб, зведзеныя памылкамі беззаконных, вы не страцілі ўласны грунт пад нагамі. Але ўзрастайце ў ласцы і пазнанні нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амэн.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.