Аб’яўленне Слова жыцця
Тое, што было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, — бо жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, — тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом. Гэта пішам мы, каб радасць нашая была поўнай. Навіну, якую мы пачулі ад Яго, абвяшчаем вам, што Бог ёсць Святло і няма ў Ім ніякай цемры.
Бог — гэта святло
Калі мы кажам, што маем еднасць з Ім, а ходзім у цемры, то мы хлусім і паступаем не па праўдзе. А калі ходзім у святле, як Ён ёсць у святле, то маем еднасць паміж сабою, і кроў Езуса, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усялякага граху.
Адпушчэнне грахоў
Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі ж вызнаём нашыя грахі, то Ён, верны і справядлівы, адпусціць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці. Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас Ягонага слова.
Дзеці мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. Калі ж хто зграшыць, то мы маем Заступніка перад Айцом Езуса Хрыста справядлівага. Ён ёсць ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі, і не толькі за нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету.
Даўняя і новая запаведзь любові бліжняга
Па тым даведваемся, што мы пазналі Яго, калі захоўваем Ягоныя запаведзі. Хто кажа: «Я ведаю Яго», а не захоўвае Ягоныя запаведзі, той ілгун і няма ў ім праўды. А хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая; па гэтым пазнаем, што мы ў Ім. Хто кажа, што жыве ў Ім, павінен паступаць так, як Ён паступаў.
Умілаваныя, пішу вам не новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку. Даўняй запаведдзю ёсць слова, якое вы чулі. Аднак новую запаведзь пішу вам, якая праўдзівая ў Ім і ў вас, бо знікае цемра і яснее ўжо праўдзівае святло. Хто кажа, што ён у святле, а ненавідзіць свайго брата, той яшчэ ў цемры. Хто любіць свайго брата, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы. А хто ненавідзіць свайго брата, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы.
Хрысціяне і свет
Пішу вам, дзеці, бо адпушчаны вам грахі дзеля імя Ягонага. Пішу вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі злога. Пішу вам, дзеці, бо вы пазналі Айца. Я напісаў вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі злога.
Не любіце свету, ні таго, што ў свеце. Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца. Бо ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — не ад Айца, але ад гэтага свету. І свет мінае, і пажадлівасць ягоная, а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна.
Апошняя гадзіна — час антыхрыстаў
Дзеці, настала апошняя гадзіна, і як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, так і цяпер з’явілася шмат антыхрыстаў. Па гэтым мы і пазнаём, што настала апошняя гадзіна. Яны выйшлі ад нас, але не належалі да нас. Бо калі б яны належалі да нас, то заставаліся б з намі. Але сталася гэта, каб выявілася, што яны не належаць да нас. Вы ж маеце намашчэнне ад Святога і ўсё ведаеце. Я напісаў вам не таму, што вы не ведаеце праўды, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсялякі фальш не ад праўды. Хто ілгун, калі не той, хто пярэчыць таму, што Езус — гэта Месія? Той антыхрыст, хто адракаецца ад Айца і Сына. Кожны, хто адракаецца ад Сына, не мае і Айца, а хто вызнае Сына, мае і Айца.
Тое, што вы чулі ад пачатку, няхай жыве ў вас. Калі жыве ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце жыць у Сыне і Айцу. Абяцанне ж, якое Ён нам даў, гэта вечнае жыццё.
Напісаў я гэта вам пра тых, хто зводзіць вас. А намашчэнне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас жыве, і вы не патрабуеце, каб хтосьці вучыў вас. Але паколькі само намашчэнне вучыць вас усяму, будучы праўдзівым і неілжывым, то ў тым, чаму навучыла вас, жывіце.
Заклік да вытрываласці
Цяпер, дзеці, жывіце ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мы мелі адвагу і не былі асаромленыя перад Ім у час Ягонага прыйсця. Калі вы ведаеце, што Бог справядлівы, то ведайце і тое, што кожны, хто чыніць справядлівасць, народжаны ад Яго.
Жыць як Божыя дзеці
Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі! Таму свет не ведае нас, што не пазнаў Яго. Умілаваныя, цяпер мыдзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што, калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць.
Пазбягаць граху
Кожны, хто мае такую надзею на Яго, чыніць сябе беззаганным, як Ён ёсць беззаганны. Кожны, хто чыніць грэх, чыніць і беззаконне, бо грэх — гэта беззаконне. Вы ведаеце, што Ён аб’явіўся дзеля таго, каб забраць грахі, у Ім жа няма граху. Кожны, хто жыве ў Ім, не грашыць, а кожны, хто грашыць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.
Дзеці, няхай ніхто не зводзіць вас. Хто чыніць справядлівасць, той справядлівы, як і Ён ёсць справядлівым. Хто чыніць грэх — той ад д’ябла, бо д’ябал грашыць ад пачатку. Дзеля таго і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла. Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не чыніць граху, бо насенне Ягонае жыве ў ім, і ён не можа грашыць, бо народжаны ад Бога.
Па гэтым можна пазнаць дзяцей Божых і дзяцей д’ябла: кожны, хто чыніць несправядлівасць, той не ад Бога, як і той, хто не любіць свайго брата.
Запаведзь любові
Такая ёсць воля Божая, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго. Не так, як Каін, які быў ад злога і забіў свайго брата. А дзеля чаго забіў яго? Бо ўчынкі яго былі дрэнныя, а брата ягонага — справядлівыя.
І не здзіўляйцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас. Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў. Хто не любіць, застаецца ў смерці. Кожны, хто ненавідзіць свайго брата, той чалавеказабойца, а ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае ў сабе вечнага жыцця.
Па гэтым пазналі мы любоў, што Ён аддаў за нас сваё жыццё. І мы павінны аддацьжыццё сваё за братоў. Калі хтосьці мае дастатак у свеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім? Дзеці, будзем жа любіцьне словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю. Па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім нашыя сэрцы. Бо калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за нашае сэрца і ведае ўсё. Умілаваныя, калі сэрца нашае не асуджае нас, то мы маем адвагу перад Богам. Аб чым ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем запаведзі Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца.
А запаведзь Яго такая, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Езуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён загадаў нам. Хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Богу, а Ён — у ім. І па Духу, якогадаў нам, мы даведваемся, што Ён жыве ў нас.
Дух праўды і дух фальшу
Умілаваныя, не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце. Па гэтым распазнаеце Божага Духа: кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, ёсць ад Бога. І кожны дух, які не вызнае Езуса, той не ад Бога; гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ужо ёсць на свеце. Дзеці, вы ад Бога, таму перамаглі іх, бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце. Яны са свету, таму і гавораць так, як свет, і свет слухае іх. Мы ад Бога. Хто ведае Бога, слухае нас, хто не ад Бога, той не слухае нас. Па гэтым і пазнаём духа праўды і духа фальшу.
Бог — гэта любоў
Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў. Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым выявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў свайго Сына як уміласціўленне за нашыя грахі.
Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён — уБогу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
У тым любоў дасканалая ў нас, што мы маем адвагуў дзень суда, бо які Ён, такія і мы ў гэтым свеце. У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові.
Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас. Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога», а брата свайго ненавідзіць, ёнілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць. І мы маем ад Яго такую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і свайго брата.
Вера ў Божага Сына
Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем Яго запаведзі. Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі. Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера.
Сведчанне Бога аб Езусе
Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым? Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў. Не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда. Бо трое тых, хто сведчыць: Дух, вада і кроў, і гэтыя тры — адно. Калі мы прымаем сведчанне людзей, то Божае сведчанне большае, бо гэта ёсць сведчанне Бога, якое Ён даў пра свайго Сына. Хто верыць у Божага Сына, той мае сведчанне ў самім сабе; хто не верыць Богу, той робіць Яго ілгуном, бо не паверыў сведчанню, якое Бог даў пра свайго Сына. Гэтае сведчанне ў тым, што Бог даў нам жыццё вечнае, і гэтае жыццё — у Ягоным Сыне. Хто мае Сына, мае жыццё, а хто не мае Сына Божага, не мае жыцця.
Апошнія настаўленні
Я напісаў гэта вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце вечнае жыццё.
Давер, які мы маем да Яго, ёсць у тым, што, калі мы просім аб нечым згодна з Ягонай воляй, Ён чуе нас. А калі ведаем, што Ён чуе нас, аб чым бы мы ні папрасілі, дык ведаем, што мы ўжо атрымалі тое, аб чым прасілі Яго.
Калі хто ўбачыць, што брат яго чыніць грэх, які не вядзе да смерці, няхай моліцца, і Бог дасць жыццё таму, хто чыніць грэх, які не вядзе да смерці. Але ёсць грэх, яківядзе да смерці, таму не кажу, каб ты маліўсяза такога. Усялякая несправядлівасць — гэта грэх, але ёсць грэх, які не вядзе да смерці.
Мы ведаем, што кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, бо Народжаны ад Бога захоўваеяго, і злы яго не кранае. Ведаем, што мы ад Бога і што ўвесь свет знаходзіцца ў злым. Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам разуменне, каб мы пазналі Праўдзівага. І мы — у Праўдзівым, у Сыне Яго Езусе Хрысце. Ён — праўдзівы Бог і Жыццё вечнае. Дзеці, сцеражыцеся ідалаў!
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019