Библия › Каталіцкі › Юды

Пасланне Юды

Юда, слуга Езуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якіх умілаваў Бог Айцец і захаваў Езус Хрыстус. Няхай памножацца ў вас ласка, спакой і любоў.

Мэта паслання

Умілаваныя, з усёй руплівасцю пішу вам пра нашае супольнае збаўленне. Я палічыў неабходным заахвоціць вас змагацца за веру, раз перададзеную святым. Бо закраліся між вас нейкія людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэнне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага замянілі на разбэшчанасць і выракаюцца адзінага Валадара і нашага Пана, Езуса Хрыста.

Перасцярога перад фальшывымі настаўнікамі веры

Хачу нагадаць вам, хоць вы ўсё ведаеце, што Пан вывеў народ з зямлі егіпецкай, а тых, хто не паверыў, знішчыў. Анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасці і пакінулі сваё жыллё, Ён трымае ў вечных путах у цемры аж да вялікага суднага дня. Падобна Садома і Гамора, і навакольныя гарады, што таксама жылі ў распусце і пажадлівасці іншага цела, сталіся прыкладам пакарання вечным агнём.

Тое ж будзе і з гэтымі мройнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць Божую ўладу, зневажаюць нябесныя істоты. Нават арханёл Міхал, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесці прысуд знявагі, але сказаў: «Няхай Пан цябе пакарае!» А гэтыя зневажаюць тое, чаго не ведаюць, а што, як неразумныя жывёлы, па прыродзе ведаюць, тым сябе знішчаюць. Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна. Дзеля ўзнагароды Балаама ўчынілі ашуканства і загінулі як узбунтаваны Карэй. На вашых гасцінах любові яны — ганьба, банкетуюць з вамі без страху, дагаджаючы сабе! Гэта аблокі бязводныя, што вецер ганяе, гэта восеньскія дрэвы, бясплодныя, цалкам засохлыя і выкаранёныя, гэта дзікія хвалі марскія, што пеняцца сваім сорамам, зоры блукаючыя, для якіх змрок цемры навекі наканаваны.

Прарочыў пра іх Энох, сёмы пасля Адама, кажучы: «Вось прыйшоў Пан з мірыядамі святых, каб учыніць суд над усімі і дакарыць кожнага за ўсе ўчынкі бязбожнасці і за ўсе жорсткія словы, сказаныя супраць Яго бязбожнымі грэшнікамі». Яны заўсёды наракаюць, скардзяцца на лёс, паступаюць паводле сваёй пажадівасці, а вусны іхнія гавораць пыхліва і ліслівяць іншым дзеля сваёй карысці.

Заклік да веруючых

Вы ж, умілаваныя, памятайце словы, сказаныя раней Апосталамі нашага Пана Езуса Хрыста, які кажа вам, што ў апошнія часы з’явяцца насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваіх бязбожных жаданняў. Гэта тыя, хто сее падзелы, кіруецца інстынктамі і не мае Духа.

Але вы, умілаваныя, будуйцеся на найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым. Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага. Да адных, што сумняваюцца, будзьце міласэрныя; другіх ратуйце, выхопліваючы з агню; яшчэ іншым спачувайце асцярожна, ненавідзячы нават вопратку, апаганеную целам.

Заключная даксалогія

А таму, хто можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам славы сваёй беззаганнымі і радаснымі, Богу адзінаму, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, нашага Пана — слава, веліч, панаванне і ўлада перад усімі вякамі, цяпер і на ўсе вякі вечныя. Амэн.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.