Библия › Каталіцкі › Апакаліпсіс
Пралог
Аб’яўленне Езуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць слугам сваім, што неўзабаве павінна адбыцца. Ён паказаў гэта, паслаўшы свайго анёла да слугі свайго Яна, які засведчыў пра Божае слова і сведчанне Езуса Хрыста, і пра ўсё, што бачыў. Шчаслівы, хто чытае, і тыя, хто слухае словы прароцтва і захоўвае напісанае ў ім, бо час блізкі.
ПАСЛАННІ ДА СЯМІ КАСЦЁЛАЎ У МАЛОЙ АЗІІ
Прывітанне
Ян — сямі Касцёлам у Азіі: ласка вам і спакой ад таго, які ёсць, і быў, і прыходзіць, і ад сямі Духаў, што перад Ягоным тронам, і ад Езуса Хрыста, вернага сведкі, першароднага сярод памерлых і Уладара зямных каралёў.
Таму, хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў і ўчыніў нас валадарствам і святарамі для Бога і Айца свайго, Яму хвала і моц на векі вечныя. Амэн.
Вось Ён прыходзіць з аблокамі, і кожнае вока ўбачыць Яго і ўсе тыя, хто працяў Яго. І будуць аплакваць Яго ўсе пакаленні зямлі. Так, амэн.
Я — Альфа і Амега, — кажа Пан Бог, — які ёсць, які быў і які прыходзіць, Усемагутны.
Бачанне Сына Чалавечага
Я, Ян, брат ваш і саўдзельнік ва ўціску, у валадарстве і вытрываласці ў Езусе, быў на востраве, званым Патмас, дзеля слова Божага і дзеля сведчання пра Езуса. Я напоўніўся Духам у дзень Пана і пачуў за сабою гучны голас, быццам трубы, які казаў: «Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі Касцёлам: у Эфес, Смірну, Пергам, Тыятыру, Сарды, Філадэльфію і Лаадыкею». Я абярнуўся, каб паглядзець, чый голас прамаўляў да мяне. Калі абярнуўся, убачыў сем залатых свечнікаў, а пасярод свечнікаў кагосьці падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў доўгія шаты і падпяразанага на грудзях залатым пасам. А Яго галава і валасы былі белыя, быццам белая воўна, быццам снег, а вочы Ягоныя былі як полымя агню. Ногі ж Ягоныя былі падобныя да бронзы, нібы распаленай у печы, а голас Яго — як шум вялікай вады. У сваёй правай руцэ меў Ён сем зорак, а з Яго вуснаў выходзіў востры двухбаковы меч, і твар Яго быў як сонца, што свеціць у сваёй моцы.
Калі я ўбачыў Яго, упаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. Ён паклаў на мяне правіцу сваю, кажучы: «Не бойся! Я — Першы і Апошні, і жывы; і быў мёртвы, і вось жывы на векі вечныя; і маю ключы смерці і адхлані. Таму напішы тое, што ты ўбачыў, і што ёсць, і што павінна стацца пасля гэтага. Што да таямніцы сямі зорак, якія ты бачыў у Маёй правіцы, і сямі залатых свечнікаў, то сем залатых зорак — гэта анёлы сямі Касцёлаў, а сем свечнікаў — гэта сем Касцёлаў.
Да Касцёла ў Эфесе: вярніся да першай любові
Анёлу Касцёла ў Эфесе напішы:
Так кажа той, хто трымае сем зорак у сваёй правіцы, хто ходзіць сярод сямі залатых свечнікаў. Ведаю твае справы, тваю працу, тваю цярплівасць і тое, што ты не можаш зносіць злых, і выпрабаваў тых, хто называе сябе апосталамі, але імі не з’яўляюцца, і выкрыў, што яны ашуканцы. Ты маеш цярплівасць і пакутаваў дзеля імя Майго, і не знямогся. Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў. Таму згадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся. Рабі так, як ты рабіў спачатку. Калі не, то Я прыйду да цябе і зрушу твой свечнік з яго месца, калі ты не пакаешся. Але добра тое, што ты ненавідзіш учынкі нікалаітаў, якія і Я ненавіджу.
Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможцу дам есці з дрэва жыцця, што ў раі Бога.
Да Касцёла ў Смірне: будзь верны аж да смерці
Анёлу Касцёла ў Смірне напішы:
Так кажа Першы і Апошні, які быў мёртвы, але ажыў: Я ведаю пра твой уціск і ўбоства, але ты багаты; ведаю пра блюзнерствы тых, хто называе сябе юдэямі, аднак не з’яўляюцца імі, але сінагогаю сатаны. Не бойся таго, што павінен выцерпець. Вось д’ябал збіраецца кінуць некаторых з вас у вязніцу, каб вы зведалі выпрабаванне. І будзеце зносіць уціск дзесяць дзён. Будзь верны аж да смерці, і Я дам табе вянок жыцця.
Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможца напэўна не зазнае шкоды ад другой смерці.
Да Касцёла ў Пергаме: змяні свае паводзіны
Анёлу Касцёла ў Пергаме напішы:
Так кажа той, хто мае востры двухбаковы меч. Я ведаю, дзе ты жывеш: там, дзе трон сатаны, хоць трымаешся імені Майго і не адмовіўся ад веры ў Мяне, нават у дні, калі Мой верны сведка Антыпа быў забіты ў вас, дзе жыве сатана. Але Я маю крыху супраць цябе, бо там ёсць тыя, хто трымаецца вучэння Балаама, які навучыў Балаака стварыць спакусу для сыноў Ізраэля, каб яны спажывалі ахвярапрынашэнні ідалам і распуснічалі. Таксама ў цябе ёсць тыя, хто падобна трымаецца вучэння нікалаітаў. Таму апамятайся. У адваротным выпадку Я хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом Маіх вуснаў.
Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможцу дам укрытую манну і белы каменьчык, а на каменьчыку будзе напісана новае імя, якога не ведае ніхто, акрамя таго, хто яго атрымлівае.
Да Касцёла ў Тыятыры: адплачу кожнаму паводле ўчынкаў
Анёлу Касцёла ў Тыятыры напішы:
Так кажа Сын Божы, які мае вочы, быццам полымя агню, а ногі Яго падобны да бліскучай бронзы. Я ведаю твае справы, любоў, веру, служэнне і тваю цярплівасць, і апошнія ўчынкі твае большыя за першыя. Але Я маю супраць цябе тое, што ты дапускаеш жанчыну Ізабэль, якая называе сябе прарочыцай, навучае і зводзіць Маіх слугаў, каб чыніць распусту і спажываць ахвярапрынашэнні ідалам. Я даў ёй час апамятацца, але яна не хоча адвярнуцца ад сваёй распусты. Вось кіну яе на ложа, а тых, хто распуснічае з ёю, аддам пад вялікі ўціск, калі не адвернуцца ад сваіх справаў. Дзяцей яе знішчу смерцю. І пазнаюць усе Касцёлы, што Я той, хто даследуе нутро і сэрцы. Я адплачу кожнаму з вас паводле ягоных учынкаў.
Кажу ўсім вам, астатнім у Тыятыры, хто не мае гэтага вучэння і хто не пазнаў, як кажуць, глыбіняў сатаны, што Я не ўскладу на вас іншага цяжару. Але тое, што маеце, захоўвайце, пакуль не прыйду. Хто пераможа і захавае да канца ўчынкі Мае, таму дам уладу над народамі,
і ён будзе пасвіць іх жалезным кіем;
як гліняны посуд яны будуць разбітыя.
І як узяў Я ад Айца Майго, так і яму дам ранішнюю зорку.
Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
Да Касцёла ў Сардах: прыйду, як злодзей
Анёлу Касцёла ў Сардах напішы:
Так кажа той, хто мае сем духаў Божых і сем зорак. Ведаю твае справы. Ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы. Чувай і ўмацоўвай рэшту, блізкую да смерці, бо Я не палічыў твае ўчынкі дасканалымі перад Маім Богам. Згадай, што ты прыняў і пачуў, захоўвай і пакайся. Калі ж не будзеш чуваць, то Я прыйду, як злодзей, і не будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе. Але ты маеш у Сардах некалькі чалавек, якія не заплямілі шатаў сваіх і будуць хадзіць са Мною ў белі, бо яны годныя. Так апранецца ў белыя шаты пераможца, і Я не сатру імені ягонага з кнігі жыцця, і вызнаю імя яго перад Маім Айцом і перад Яго анёламі.
Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
Да Касцёла ў Філадэльфіі: захаваю цябе ад гадзіны выпрабавання
Анёлу Касцёла ў Філадэльфіі напішы:
Так кажа Святы, Праўдзівы, які мае ключ Давіда, які адмыкае — і ніхто не замкне, замыкае — і ніхто не адамкне. Ведаю Твае справы, вось Я паставіў цябе перад адчыненымі дзвярыма, якіх ніхто не можа зачыніць, бо ў цябе мала сілы, але ты захаваў Маё слова і не адмовіўся ад Майго імя. Вось даю тых з сінагогі сатаны, якія кажуць, што яны юдэі, хоць імі не з’яўляюцца, і хлусяць. Я ўчыню, што яны прыйдуць і паклоняцца ў ногі табе, і пазнаюць, што Я палюбіў цябе. Паколькі ты захаваў Мой наказ цярплівасці, Я таксама захаваю цябе ад гадзіны выпрабавання, якая павінна прыйсці ў цэлы свет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі. Я хутка прыйду. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не забраў твайго вянка. А пераможцу зраблю калонай у святыні Майго Бога, і ўжо не выйдзе вонкі, і напішу на ім імя Майго Бога, а таксама імя горада Майго Бога, новага Ерузалема, які спускаецца з неба ад Бога Майго, і Маё новае імя.
Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
Да Касцёла ў Лаадыкеі: вось стаю каля дзвярэй і стукаю
Анёлу Касцёла ў Лаадыкеі напішы:
Так кажа Амэн, сведка верны і праўдзівы, пачатак стварэння Божага. Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы! Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з Маіх вуснаў. Бо ты кажаш: “Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы”, а не ведаеш, што ты няшчасны і варты жалю, убогі, сляпы і голы. Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб ты разбагацеў, і белую шату, каб ты апрануўся і каб не быў бачны сорам тваёй галечы. Бальзамам памаж свае вочы, каб бачыць. Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся. Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною. Пераможцу дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Айцом на Яго троне.
Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам».
ПРАРОЦКІЯ БАЧАННІ: АДКРЫТАЕ НЕБА
Перад тронам у небе
Пасля гэтага я ўбачыў: вось дзверы адчыненыя ў небе, і ранейшы голас, які я чуў, як бы гук трубы, што гаварыў са мною, сказаў: «Узыдзі сюды, я пакажу табе, што павінна адбыцца пасля гэтага». Я адразу напоўніўся Духам. Вось трон стаяў на небе, а на троне нехта сядзеў. Той, які сядзеў, з выгляду быў падобны да каменя яшмы і сердаліку, і вясёлка была вакол трона, з выгляду падобная да смарагду. Навокал трона было дваццаць чатыры троны. А на тронах сядзелі дваццаць чатыры старэйшыны, апранутыя ў белыя шаты. На іхніх галовах— залатыя вянкі. З трона сыходзілі маланкі, галасы і грымоты. Сем вогненных паходняў, якія ёсць сямю Божымі духамі, гарэла перад тронам. І перад тронам было быццам мора шкляное, падобнае да крышталю. А пасярэдзіне трона і навокал трона былі чатыры жывыя істоты, поўныя вачэй спераду і ззаду. Першая жывая істота была падобная да льва, а другая жывая істота — падобная да вала, трэцяя жывая істота мела аблічча, як у чалавека, а чацвёртая жывая істота была падобная да арла, які ляціць. Кожная з чатырох жывых істот мела па шэсць крылаў, а вакол і ўсярэдзіне — яны поўныя вачэй. І не маюць яны спакою ні ўдзень, ні ўначы, кажучы: «Святы, святы, святы Пан Бог усемагутны, які быў, ёсць і прыходзіць!»
Калі жывыя істоты аддадуць славу, пашану і падзяку таму, хто сядзіць на троне, хто жыве на векі вечныя, тады дваццаць чатыры старэйшыны ўпадуць перад тым, хто сядзіць на троне, і паклоняцца таму, хто жыве на векі вечныя, і кінуць вянкі свае перад тронам, кажучы:
«Ты, Пане і наш Божа,
годны прыняць славу і пашану, і сілу,
бо Ты стварыў усё,
і з Тваёй волі існавала і было створана».
Кніга за сямю пячаткамі
І ўбачыў я ў правіцы таго, хто сядзіць на троне, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную сямю пячаткамі. Я бачыў магутнага анёла, які абвяшчаў гучным голасам: «Хто годны разгарнуць гэтую кнігу і зняць з яе пячаткі?» І ніхто ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю не мог разгарнуць гэтую кнігу, ні зазірнуць у яе. І я моцна плакаў, бо не знайшлося годнага, каб адкрыць кнігу і зазірнуць у яе. Тады адзін са старэйшын сказаў мне: «Не плач, вось перамог леў з племені Юды, корань Давіда, каб разгарнуць гэтую кнігу і зняць з яе сем пячатак».
І я ўбачыў, што пасярод трона і чатырох жывых істот, і сярод старэйшын стаяў Баранак, нібы забіты, які меў сем рагоў і сем вачэй, што з’яўляюцца сямю Божымі духамі, спасланымі на ўсю зямлю. Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы таго, хто сядзеў на троне. А калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Баранкам; кожны меў гуслі і залатыя чашы, поўныя кадзіла, якое ёсць малітвай святых. Яны спявалі новую песню, кажучы:
«Ты годны ўзяць кнігу
і зняць з яе пячаткі,
бо Ты быў забіты і сваёй крывёю Ты адкупіў нас для Бога
з кожнага роду, і мовы, і племені, і народу,
і зрабіў нас валадарствам і святарамі для Бога нашага;
і мы будзем валадарыць на зямлі».
Я бачыў і чуў голас мноства анёлаў вакол трона і жывых істот, і старэйшын. Колькасць іх была мірыяды мірыяд і тысячы тысяч. Яны казалі гучным голасам:
«Забіты Баранак
годны прыняць моц, і багацце, і мудрасць,
і сілу, і пашану, і хвалу, і благаслаўленне».
І я чуў, як кожнае стварэнне, якое ёсць на небе і на зямлі, пад зямлёю і на моры, і ўсё, што ў іх, казала: «Таму, хто сядзіць на троне, і Баранку — благаслаўленне і пашана, і хвала, і моц на векі вечныя».
А чатыры жывыя істоты казалі: «Амэн». Старэйшыны ж упалі і пакланіліся.
Першыя чатыры пячаткі: пераможнае Слова, меч, голад і зараза
І ўбачыў я, што Баранак адкрыў адну з сямі пячатак, і пачуў я адну з чатырох жывых істот, якая гаварыла як бы голасам грому: «Прыйдзі». І я ўбачыў: вось, белы конь, а вершнік на ім меў лук, яму дадзены быў вянок, і ён вырушыў як пераможца, каб перамагаць.
А калі адкрыў другую пячатку, я пачуў, як другая жывая істота казала: «Прыйдзі». І выйшаў іншы конь, агністы, а вершніку яго было дадзена забраць спакой з зямлі, каб людзі выразалі адзін аднаго, і дадзены быў яму вялікі меч.
А калі адкрыў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывую істоту, якая казала: «Прыйдзі». І вось убачыў я чорнага каня, а вершнік на ім меў вагі ў сваіх руках. І я пачуў яго голас пасярод чатырох жывых істот, які казаў: «Кварта збожжа за дынар і тры кварты ячменю за дынар. Аднак не марнуй алею і віна».
Калі адкрыў чацвёртую пячатку, я пачуў голас чацвёртай жывой істоты, якая казала: «Прыйдзі». І вось убачыў я каня бледна-зялёнага, а вершнік на ім меў імя Смерць, і спадарожнічала яму Адхлань. Яму дадзена была ўлада над чвэрцю зямлі, каб забіваць мячом і голадам, смерцю і дзікімі звярамі зямлі.
Пятая пячатка: сведкі Слова
Калі адкрыў пятую пячатку, я ўбачыў пад алтаром душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое мелі. Яны ўсклікнулі гучным голасам, кажучы: «Дакуль жа, святы і праўдзівы Валадару, Ты не будзеш судзіць і спаганяць за нашу кроў з жыхароў зямлі?»
Кожнаму з іх былі дадзены белыя шаты, і было сказана ім, каб адпачылі яшчэ кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік іхніх супольнікаў-слугаў і братоў іхніх, што, як і яны, павінны быць забітыя.
Шостая пячатка: дзень гневу
Калі адкрыў шостую пячатку, я ўбачыў, што стаўся вялікі землятрус і сонца стала чорнае, як валасяны мяшок, і ўвесь месяц стаў як кроў, і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як недаспелыя смоквы, што скідае ўзрушаная моцным ветрам смакоўніца. Неба аддзялілася як скрутак, што звіваецца, а кожная гара і выспа зварухнуліся са сваіх месцаў. Каралі зямлі, вяльможы, тысячнікі, багачы, моцныя, кожны нявольнік і свабодны схаваліся ў пячорах і ў горных скалах. Яны кажуць горам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце ад аблічча таго, хто сядзіць на троне, і ад гневу Баранка, бо настаў вялікі дзень Ягонага гневу, і хто зможа выстаяць?»
Слугі Бога жывога
Потым я ўбачыў чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох вуглах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва. І ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. Ён усклікнуў гучным голасам да чатырох анёлаў, якім было дадзена ўчыніць зло зямлі і мору, кажучы: «Не чыніце зло ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль мы не паставім пячаткі слугам Бога нашага на іхніх чолах». І пачуў я лічбу пазначаных пячаткаю: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх плямёнаў сыноў Ізраэля. З племені Юды дванаццаць тысяч апячатаных, з племені Рубэна дванаццаць тысяч, з племені Гада дванаццаць тысяч, з племені Асэра дванаццаць тысяч, з племені Нэфталія дванаццаць тысяч, з племені Манасэса дванаццаць тысяч, з племені Сімяона дванаццаць тысяч, з племені Леві дванаццаць тысяч, з племені Ісахара дванаццаць тысяч, з племені Забулона дванаццаць тысяч, з племені Юзафа дванаццаць тысяч, з племені Бэньяміна дванаццаць тысяч апячатаных.
Пасля гэтага я ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Баранкам, апранутыя ў белыя шаты і з пальмовымі галінкамі ў сваіх руках. Яны крычалі гучным голасам, кажучы: «Збаўленне належыць Богу нашаму, які сядзіць на троне, і Баранку».
Усе анёлы стаялі вакол трона і старэйшын, і чатырох жывых істот. І ўпалі яны на твары свае перад тронам, і пакланіліся Богу, кажучы:
«Амэн! Благаслаўленне і слава, і мудрасць, і падзяка, і пашана, і сіла, і моц Богу нашаму на векі вякоў. Амэн».
Адзін са старэйшын звярнуўся да мяне, кажучы: «Хто гэта, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны паходзяць?» І я сказаў яму: «Мой пане, ты ведаеш». А ён адказаў мне: «Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў свае шаты, і выбеліў іх у крыві Баранка. Таму яны — перад тронам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў святыні. А той, хто сядзіць на троне, раскіне над імі свой шацёр. Яны ўжо не будуць ні галадаць, ні прагнуць, і не будзе паліць іх сонца і ніякая спёка, бо Баранак, які пасярод трона, будзе пасвіць іх і вадзіць да крыніц жывой вады. І вытра Бог кожную слязу з іхніх вачэй».
Сёмая пячатка: ціша ў небе
Калі адкрыў сёмую пячатку, у небе ўсталявалася ціша дзесьці на паўгадзіны. І я ўбачыў сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і было дадзена ім сем трубаў. І прыйшоў іншы анёл, стаў пры алтары, маючы залатую кадзільніцу, і было дадзена яму шмат кадзіла, каб ён прынёс яго з малітвамі ўсіх святых на залаты алтар перад тронам. Дым кадзіла з малітвамі святых узняўся з рукі анёла перад Богам. Анёл узяў кадзільніцу, напоўніў яе агнём з алтара, кінуў на зямлю, і пачаліся гром, галасы, маланкі і землятрус.
Бачанне трубаў. Першыя чатыры трубы
Тады сем анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся, каб затрубіць.
І затрубіў першы. Узнік град і агонь, змяшаны з крывёй, і быў кінуты на зямлю. Была спалена траціна зямлі, была спалена траціна дрэў, і ўся зялёная трава была спалена.
Затрубіў другі анёл. І як бы вялікая гара, якая палае ў агні, была кінутая ў мора. Траціна мора стала крывёй, загінула траціна марскіх стварэнняў, што мелі жыццё, і была загублена траціна караблёў.
Затрубіў трэці анёл. І ўпала з неба вялікая зорка, якая палала, быццам паходня, і ўпала на траціну рэк і на крыніцы вады. А імя гэтай зоркі — Палын. Траціна водаў стала палыном, і многія людзі паміралі ад водаў, бо яны сталі горкімі.
Затрубіў чацвёрты анёл. І ўдараная была траціна сонца, траціна месяца і траціна зорак, так што траціна іх зацьмілася і дзень не з’яўляўся на сваю траціну, таксама і ноч.
Я ўбачыў і пачуў аднаго арла, які ляцеў пасярод неба і гучна казаў: «Бяда, бяда, бяда тым, хто жыве на зямлі ад трубных галасоў астатніх трох анёлаў, якія павінны затрубіць!»
Пятая труба — першая «бяда»
Затрубіў пяты анёл. І я ўбачыў зорку, якая ўпала з неба на зямлю. Быў дазены ёй ключ ад студні бездані. Калі адкрылася студня бездані, падняўся дым са студні, як з вялікай печы. Сонца і паветра зацьміліся ад дыму са студні. А з дыму выйшла на зямлю саранча. Была дадзена ёй улада на зямлі, якую маюць зямныя скарпіёны. Было сказана ёй, каб не рабіла шкоды зямной траве, ніякай зеляніне і ніякаму дрэву, але толькі людзям, якія не маюць на чолах пячаткі Бога. Было загадана ёй не забіваць іх, але мучыць пяць месяцаў такімі пакутамі, як пакуты ад скарпіёна, калі ён кусае чалавека. І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе, і будуць жадаць памерці, але смерць уцячэ ад іх.
А выгляд саранчы падобны да коней, падрыхтаваных да бою. На галовах іх як бы вянкі, падобныя да золата, і твары іх — як твары людзей. Валасы яе — як валасы жанчын, а зубы іх, быццам у львоў. Яе грудзі нібы жалезныя панцыры, а голас крылаў яе — як гул калясніц шматлікіх коней, якія бягуць на бітву. Яе хвасты падобныя да скарпіёнавых, і мае яна джалы, а ў хвасце — моц для прычынення шкоды людзям на працягу пяці месяцаў. Яна мае над сабой караля — анёла бездані. Імя яму па-габрэйску Абадон, а па-грэцку — Знішчальнік.
Мінула адна бяда. Вось надыходзяць яшчэ дзве бяды за ёй.
Шостая труба — другая «бяда»
Затрубіў шосты анёл. І я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога алтара перад Богам, які казаў шостаму анёлу, што меў трубу: «Вызвалі чатырох анёлаў, звязаных над вялікай ракою Еўфрат». І былі вызваленыя чатыры анёлы, падрыхтаваныя на гэтую гадзіну, дзень і месяц, каб пазабіваць траціну людзей. Лік войскаў конніцы — дзве мірыяды мірыяд. Я пачуў іх колькасць. Так я ўбачыў у візіі коней і вершнікаў, якія мелі панцыры колеру агню, гіяцынту і серы. А галовы коней — як галовы львоў, а з пысаў іхніх выходзіць агонь, дым і сера. Ад трох гэтых удараў была забіта траціна людзей, ад агню, дыму і серы, што выходзілі з іхніх пысаў. Моц коней была ў іх пысах і хвастах, бо хвасты іх былі падобныя да змей і мелі галовы, і прычынялі імі шкоду.
А рэшта людзей, што не была забіта ад гэтых удараў, не адвярнулася ад спраў сваіх рук, каб не пакланяцца дэманам, залатым, срэбным і бронзавым, а таксама каменным і драўляным ідалам, якія не могуць ні бачыць, ні чуць, ні хадзіць. Яны не адвярнуліся ні ад сваіх забойстваў, ні ад сваіх чараў, ні ад сваёй распусты, ні ад свайго крадзяжу.
Прадказанне сёмай трубы
Я ўбачыў іншага моцнага анёла, які сыходзіў з неба, апрануты ў хмару, а на галаве яго была вясёлка. Твар яго — быццам сонца, а ногі яго — як слупы агню. Ён трымаў у руцэ разгорнутую маленькую кнігу. Сваю правую нагу ён паставіў на моры, а левую — на зямлі і гучна закрычаў, быццам рыкае леў. А калі крыкнуў, сем грамоў загаварылі сваімі галасамі. Калі адазваліся сем грамоў, я павінен быў пісаць. І пачуў я голас з неба, які гаварыў: «Запячатай тое, што сказалі сем грамоў, і не пішы гэтага».
Анёл, якога я бачыў стоячым на моры і на зямлі, падняў сваю правую руку да неба і пакляўся Жывым на векі вякоў, які стварыў неба і тое, што ў ім, зямлю і тое, што на ёй, і мора з тым, што ў ім: «Ужо няма часу, але ў дні голасу сёмага анёла, калі ён павінен будзе затрубіць, здзейсніцца таямніца Бога, так як Ён абвясціў сваім слугам-прарокам».
Маленькая кніга
Голас, які я пачуў з неба, зноў гаварыў са мною і казаў: «Ідзі, вазьмі разгорнутую кнігу з рукі анёла, які стаіць на моры і на зямлі». Я пайшоў да анёла і сказаў яму, каб ён даў мне маленькую кнігу. Ён адказаў мне: «Вазьмі і праглыні яе. Яна будзе горкая для жывата твайго, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд». Я ўзяў маленькую кнігу з рукі анёла і праглынуў яе. Яна была ў маіх вуснах салодкая, як мёд. А калі з’еў яе, то горка зрабілася ў маім жываце. І сказалі мне: «Ты зноў павінен прарочыць пра плямёны, народы, мовы і пра многіх каралёў».
Два сведкі
Была дадзена мне трысціна, падобная да кія, і было сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Бога і алтар, і тых, хто пакланяецца ў ёй. Вонкавы дзядзінец святыні пакінь знадворку і не мерай яго, бо ён дадзены язычнікам, і яны будуць таптаць Мой святы горад сорак два месяцы. Двум сваім сведкам, апранутым у мешкавіну, дам прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзясят дзён». Яны як два дрэвы аліўныя і два свечнікі, што стаяць перад Панам зямлі. Калі хто хоча іх пакрыўдзіць, то агонь выйдзе з іхніх вуснаў і паглыне іх ворагаў. Той, хто хоча іх пакрыўдзіць, павінен быць забіты такім чынам. Яны маюць уладу закрыць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў дні прароцтва іхняга, і маюць уладу над водамі, каб ператварыць іх у кроў і ўдарыць зямлю ўсякім бедствам, калі толькі захочуць. Калі яны скончаць сваё сведчанне, звер, які выходзіць з бездані, пачне вайну з імі, пераможа іх і заб’е. Іхнія трупы пакіне на плошчы вялікага горада, які сімвалічна называецца Садома і Егіпет, дзе таксама быў укрыжаваны іх Пан. Многія з плямёнаў, родаў, моваў і народаў будуць глядзець на іх трупы тры з паловаю дні і не дазволяць іх пакласці ў магілу. Зямныя жыхары будуць радавацца над імі і весяліцца. Будуць слаць падарункі адзін аднаму, бо два гэтыя прарокі мучылі жыхароў зямлі.
Але праз тры с паловаю дні дух жыцця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны ўсталі на свае ногі. Вялікі страх ахапіў тых, хто глядзеў на іх. І пачулі яны гучны голас з неба, які казаў ім: «Узыдзіце сюды». Яны ўзышлі на неба ў воблаку, а ворагі іхнія глядзелі на іх. У гэтую гадзіну адбыўся вялікі землятрус, і адна дзясятая горада ўпала. Былі забітыя падчас землятрусу тысяча сем асобаў, астатнія ж спалохаліся і ўзнеслі хвалу Богу неба.
Мінула другая бяда, вось хутка надыходзіць трэцяя.
Сёмая труба
Затрубіў сёмы анёл. У небе пачуліся моцныя галасы, якія казалі: «Настала валадаранне над светам нашага Пана і Яго Памазаніка, Ён будзе валадарыць на векі вякоў».
Дваццаць чатыры старэйшыны, што сядзелі на сваіх тронах перад Богам, упалі на свае твары і пакланіліся Богу, кажучы:
«Дзякуем Табе,
Пане Божа ўсемагутны,
які ёсць і які быў,
бо Ты прыняў сваю вялікую моц і запанаваў.
І разгневаліся народы,
і прыйшоў Твой гнеў і час суда над памерлымі,
каб даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым,
і тым, хто баіцца Твайго імя, малым і вялікім,
і знішчыць тых, хто знішчае зямлю».
Тады адчынілася святыня Бога ў небе, і з’явіўся каўчэг Яго запавету ў Ягонай святыні. Пачаліся бліскавіцы, гул і грымоты, землятрус і вялізны град.
Знакі на небе
Вялікі знак з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак. Яна была цяжарная і крычала ад болю і родавых пакутаў. З’явіўся таксама другі знак на небе: вось вялікі вогненны цмок з сямю галовамі і дзесяццю рагамі, а над галавой яго сем дыядэм. Хвост ягоны змятае траціну нябесных зорак і кідае іх на зямлю. Цмок стаў перад жанчынаю, якая павінна была нарадзіць, каб пажэрці дзіця, як толькі яна народзіць. І нарадзіла яна сына, мужчыну, які будзе пасвіць усе народы жалезным кіем. Яе дзіця было забрана да Бога і да Ягонага трона. А жанчына ўцякла ў пустыню, дзе ёй было падрыхтавана месца Богам, каб яе кармілі там тысячу дзвесце шэсцьдзясят дзён.
Бітва на небе
Узнялася бітва на небе. Міхал і ягоныя анёлы змагаліся з цмокам. Ваяваў цмок і ягоныя анёлы, але не перамаглі, і не знайшлося ўжо месца для іх на небе. Таму скінуты быў вялікі цмок, змей старадаўні, называны д’яблам і сатаною. Той, які зводзіць увесь свет, быў скінуты на зямлю, і разам з ім былі скінуты ягоныя анёлы. І пачуў я моцны голас, які казаў з неба:
«Цяпер настала збаўленне і сіла, і валадаранне Бога нашага,
і ўлада Памазаніка Ягонага,
бо скінуты абвінаваўца братоў нашых,
які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым.
Яны перамаглі яго дзякуючы крыві Баранка
і дзякуючы слову сведчання свайго;
і не палюбілі жыцця свайго
аж да смерці.
Таму радуйцеся, нябёсы
і ўсе, хто насяляе іх.
Гора зямлі і мору, бо сышоў д’ябал да вас у вялікім гневе, ведаючы, што кароткі яго час!»
Бітва на зямлі
Калі цмок убачыў, што ён скінуты на зямлю, пачаў пераследаваць жанчыну, якая нарадзіла мужчыну. А жанчыне былі дадзены два вялікія арліныя крылы, каб яна ляцела ў пустыню на сваё месца, дзе яе будуць карміць час, і часы, і палову часу здалёк ад цмока. Тады пусціў змей са сваіх вуснаў за жанчынай ваду, быццам раку, каб яе панесла рака. Але зямля дапамагла жанчыне. Адкрыла зямля свае вусны і паглынула раку, якую выпусціў цмок са сваіх вуснаў.
Тады раззлаваўся цмок на жанчыну і распачаў бітву з астатнімі яе нашчадкамі, якія захоўваюць запаведзі Бога і маюць сведчанне Езуса.
Цмок перадае ўладу першаму зверу
І стаў на беразе мора. Я ўбачыў як з мора выходзіў звер, які меў дзесяць рагоў і сем галоў, а на рагах ягоных — дзесяць дыядэм, і на галовах ягоных — імя блюзнерства. Звер, якога я ўбачыў, нагадваў пантэру, а лапы яго — як у мядзведзя, а пашча яго — як у льва. І даў яму цмок сваю моц, свой трон і вялікую ўладу. Адна з яго галоў — быццам смяротна параненая, а яе смяротная рана была вылечаная.
Уся зямля дзівілася, ідучы за зверам. Пакланіліся таксама цмоку, бо ён даў уладу зверу, і пакланіліся зверу, кажучы:
«Хто падобны да звера, і хто можа пачаць з ім вайну?»
Былі дадзеныя яму вусны, што казалі рэчы, якія гучалі як вялікія, і блюзнерствы, і была яму дадзена ўлада дзейнічаць сорак два месяцы. І адкрыў ён сваю пысу для блюзнерстваў супраць Бога, каб блюзніць супраць імені Яго і скініі Яго, і супраць нябесных жыхароў. Было дадзена яму весці вайну са святымі і перамагчы іх. Была дадзена яму таксама ўлада над кожным племем, родам, мовай і народам. Яму паклоняцца ўсе жыхары зямлі, чыё імя не запісана ад заснавання свету ў кнізе жыцця забітага Баранка. Калі нехта мае вушы, няхай пачуе.
Калі некаму наканавана няволя,
няхай ідзе ў няволю.
Калі некаму наканавана загінуць ад мяча,
той павінен быць забіты мячом.
У гэтым цярплівасць і вера святых.
Другі звер служыць першаму
Убачыў я таксама іншага звера, які выходзіў з зямлі і меў два рогі, як у Баранка, але гаварыў як цмок. У прысутнасці першага звера ён спаўняе усю яго ўладу і робіць так, каб уся зямля і яе жыхары пакланіліся першаму зверу, смяротная рана якога была вылечана. Ён робіць вялікія знакі, прымушаючы нават агонь сыходзіць з неба на зямлю перад людзьмі. Ашуквае жыхароў зямлі з дапамогай знакаў, якія яму было дадзена ўчыніць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб яны зрабілі вобраз звера, які атрымаў удар мячом і ажыў. Было дадзена яму напоўніць духам вобраз звера, каб вобраз звера гаварыў і дзейнічаў так, каб быў забіты кожны, хто не паклоніцца вобразу звера. Ён робіць таксама, што ўсе, малыя і вялікія, багатыя і бедныя, свабодныя і нявольнікі атрымліваюць кляймо на правую руку або на сваё чало. І ніхто не можа ні купіць, ні прадаць, калі не мае знаку, імені звера або лічбы ягонага імені. Тут ёсць мудрасць. Хто мае розум, няхай падлічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека. А лічба яго шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць.
На гары Сіён: Баранак і адкупленыя
І ўбачыў я: вось Баранак стаіць на гары Сіён, а з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Яго і імя Айца Ягонага напісана на чолах. З неба я пачуў голас, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому. Голас, які пачуў, быў нібы голас гусляроў, што гралі на гуслях сваіх. Яны спяваюць як бы новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старэйшынамі. І ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя ста сарака чатырох тысяч, адкупленых з зямлі. Гэта тыя, хто не зганьбіў сябе з жанчынамі, бо гэта цнатліўцы. Гэта тыя, што ідуць следам за Баранкам, куды б Ён ні пайшоў. Яны выкуплены з людзей, як першынец для Бога і Баранка. У вуснах іхніх няма падману. Яны беззаганныя.
Прадказанне суда
І ўбачыў я іншага анёла, які ляцеў пасярод неба, каб абвясціць вечнае Евангелле жыхарам зямлі і кожнаму роду, племені, мове і народу, голасна кажучы: «Пабойцеся Бога і аддайце Яму хвалу, бо настала гадзіна Ягонага суда; пакланіцеся таму, хто стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водаў».
Іншы, другі анёл наблізіўся, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён, які напаіў усе народы шалёным віном сваёй распусты!»
А іншы анёл, трэці, прыйшоў пасля іх, гучна кажучы: «Калі нехта пакланяецца зверу і ягонаму вобразу і прымае яго кляймо на сваё чало ці на сваю руку, сам таксама нап’ецца віна Божай лютасці, прыгатаванага без дамешкі ў келіху Ягонага гневу, і будзе катаваны агнём і серай перад святымі анёламі і перад Баранкам. Дым катавання іхняга будзе падымацца на векі вякоў, і не будзе мець адпачынку ні днём, ні ноччу той, хто пакланяецца зверу і яго вобразу, і той, хто прымае кляймо ягонага імені».
У гэтым цярплівасць святых, якія захоўваюць запаведзі Бога і веру ў Езуса. І пачуў я голас з неба, які казаў: «Напішы: Адгэтуль шчаслівыя памерлыя, якія паміраюць у Пану. Сапраўды, — кажа Дух, — няхай адпачнуць ад сваіх прац, бо іхнія справы ідуць за імі».
Жніво Сына Чалавечага і давіла Божага гневу
І ўбачыў я: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На Яго галаве — залаты вянок, а ў руцэ Ягонай — востры серп. Іншы анёл выйшаў са святыні і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: «Пашлі Твой серп і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што саспела жніво на зямлі». Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў свой серп на зямлю, і зямля была пажата.
Яшчэ іншы анёл выйшаў са святыні, якая была на небе. Ён меў востры серп. Яшчэ іншы анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад алтара і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: «Пашлі Твой востры серп і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо спелыя яго гронкі». Анёл кінуў свой серп на зямлю, сабраў вінаград зямлі і кінуў у вялікае давіла Божага гневу. Тапталі давіла за горадам, а з давіла пацякла кроў аж да аброцяў коней, на тысячу шэсцьсот стадыяў.
Спеў перамогі
Я ўбачыў іншы знак на небе, вялікі і дзівосны: сем анёлаў, якія мелі сем апошніх бедстваў, таму што імі закончыцца гнеў Божы.
Я ўбачыў нібыта шкляное мора, змяшанае з агнём. А тыя, хто перамог звера, ягоны вобраз і лічбу імя ягонага, стаялі над шкляным морам, трымаючы гуслі Бога. Яны спявалі песню Майсея, слугі Божага, і песню Баранка, кажучы:
«Вялікія і цудоўныя справы Твае,
Пане Божа ўсемагутны.
Справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае,
Валадару народаў!
Хто ж не будзе баяцца, Пане,
і не праславіць імені Твайго?
Таму што Ты адзін Святы,
таму што ўсе народы прыйдуць
і паклоняцца перад Табою,
бо аб’явіліся Твае справядлівыя прысуды».
Бачанне сямі чаш Божага гневу і сямі бедстваў
Потым убачыў, як адчынілася святыня скініі Сведчання ў небе. Са святыні выйшла сямёра анёлаў, якія мелі сем бедстваў. Яны былі апранутыя ў чысты бліскучы лён і падперазаныя вакол грудзей залатымі пасамі. Адна з чатырох жывых істот дала сямі анёлам сем залатых чаш, напоўненых гневам Бога, які жыве на векі вякоў. Ад славы Божай і ад моцы Яго святыня напоўнілася дымам, і ніхто не мог увайсці ў святыню, пакуль не здзейснілася сем бедстваў сямі анёлаў.
Я пачуў, як гучны голас казаў са святыні сямі анёлам: «Ідзіце і выліце сем чашаў Божага гневу на зямлю».
Пайшоў першы і выліў сваю чашу на зямлю. З’явілася злаякасная і балючая язва на людзях, якія мелі кляймо звера і пакланяліся яго вобразу.
Другі выліў сваю чашу ў мора, і яно стала як бы крывёю памерлага, а кожная жывая істота ў моры памерла.
Трэці выліў сваю чашу ў рэкі і крыніцы водаў, і яны сталі крывёю. Тады пачуў я анёла водаў, які казаў: «Справядлівы Ты, які ёсць і які быў, Святы, што так рассудзіў, бо яны пралілі кроў прарокаў, і Ты даў ім піць кроў. Яны вартыя гэтага!» І я пачуў, як казаў алтар: «Так, Пане Божа ўсемагутны, праўдзівыя і справядлівыя Твае прысуды!»
Чацвёрты выліў сваю чашу на сонца, і было дадзена яму паліць людзей агнём. А людзі, апаленыя вялікай спёкай, пачалі блюзнерыць супраць імя Бога, які мае ўладу над гэтымі бедствамі, і не апамяталіся, каб праславіць Яго.
Пяты выліў чашу сваю на трон звера, і зацьмілася каралеўства яго, а людзі ад болю грызлі свае языкі. Яны пачалі блюзнерыць супраць Бога неба за свой боль і за свае язвы, і не адвярнуліся ад сваіх учынкаў.
Шосты выліў сваю чашу на вялікую раку Еўфрат. І высахла яе вада, каб была падрыхтавана дарога для каралёў з Усходу. Убачыў я, як з пашчы цмока, і з пашчы звера, і з пашчы фальшывага прарока выходзілі тры нячыстыя духі, быццам жабы. Былі гэта духі дэманаў, якія рабілі знакі. Яны выходзяць да каралёў усяго свету, каб сабраць іх на бітву ў гэты вялікі дзень ўсемагутнага Бога.
Вось, прыходжу як злодзей. Шчаслівы той, хто не спіць і пільнуе сваё адзенне, каб не хадзіць голаму і каб не бачылі яго сораму.
І сабралі іх у месца, якое па-габрэйску называецца Армагедон.
Сёмы анёл выліў сваю чашу ў паветра, і выйшаў вялікі голас са святыні ад трона, кажучы: «Сталася!» Пачаліся маланкі, шум, грымоты, і адбыўся вялікі землятрус, якога не было ад часу, калі чалавек з’явіўся на зямлі. Такі моцны, вельмі вялікі землятрус. Вялікі горад распаўся на тры часткі, упалі гарады язычнікаў. Вялікі Бабілён быў згаданы перад Богам, каб даць яму келіх віна Яго лютага гневу. Знікла кожная выспа, і не знайшлося гор. Вялізны град вагою з талант пасыпаўся з неба на людзей. Людзі пачалі блюзнерыць супраць Бога за бедства граду, бо гэтае бедства было вельмі вялікім.
Вялікая распусніца
Затым прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чашаў, і пачаў гаварыць са мною, кажучы: «Хадзем, пакажу табе суд над вялікай распусніцай, якая сядзіць над вялікімі водамі, з якой распуснічалі зямныя каралі, а зямныя жыхары напіліся віном яе распусты». Ён перанёс мяне ў духу на пустыню, дзе я ўбачыў жанчыну, якая сядзела на пунсовым зверы, поўным імёнаў блюзнерства, які меў сем галоў і дзесяць рагоў. А жанчына была апранутая ў пурпуровае і пунсовае адзенне, упрыгожаная золатам, і каштоўным каменнем, і пярлінамі. Яна мела ў сваёй руцэ залаты келіх, поўны агіды і нячыстасці сваёй распусты. На яе чале было напісана імя-таямніца: «Вялікі Бабілён — маці распусніц і агіды зямлі».
Я ўбачыў, што жанчына ап’янела ад крыві святых і ад крыві сведак Езуса. Убачыўшы яе, я аслупянеў у вялікім здзіўленні. Анёл сказаў мне: «Чаму ты здзівіўся? Я раскажу табе таямніцу жанчыны і звера, што носіць яе і мае сем галоў і дзесяць рагоў. Звер, якога ты ўбачыў, быў, і няма яго, ён павінен выйсці з бездані і ідзе на згубу. Жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцця ад заснавання свету, будуць дзівіцца з таго, што быў звер, і няма яго, і з’явіцца. Тут патрэбны розум, які мае мудрасць. Сем галоў — гэта сем гор, дзе сядзіць жанчына. Ёсць таксама сем каралёў: пяць упала, адзін ёсць, яшчэ адзін не прыйшоў, а калі прыйдзе, павінен крыху застацца. А звер, які быў і якога няма, з’яўляецца восьмым. Належыць да семярых і пойдзе на згубу. Дзесяць рагоў, якія ты ўбачыў, — гэта дзесяць каралёў, якія яшчэ не прынялі каралеўства, але як каралі атрымліваюць уладу на адну гадзіну разам са зверам. Яны з ім адной думкі, а сваю моц і ўладу даюць зверу. Яны будуць ваяваць з Баранкам, і Баранак пераможа іх, бо Ён Валадар валадароў і Кароль каралёў, а тыя, хто з Ім, — пакліканыя, выбраныя і верныя».
І кажа мне: «Воды, якія ты бачыў і над якімі сядзіць распусніца, гэта народы і натоўпы, плямёны і мовы. А дзесяць рагоў, якія ты бачыў, і звер зненавідзяць распусніцу, спустошаць і агаляць яе, з’ядуць яе цела і спаляць агнём. Таму што Бог натхніў іх сэрцы, каб выконвалі Яго намер, будучы адной думкі з Ім, і каб аддалі зверу сваю каралеўскую ўладу, пакуль не споўняцца Божыя словы. Жанчына ж, якую ты бачыў, — гэта вялікі горад, які мае каралеўскую ўладу над каралямі зямлі».
Знішчэнне Бабілёна
Потым я ўбачыў іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, а зямля асвятлілася ад ягонай славы. Ён усклікнуў моцным голасам, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён і стаў жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, прыстанішчам усякай нячыстай птушкі і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду, бо шалёным віном яго распусты напіліся ўсе народы, каралі зямлі чынілі з ім распусту, а купцы зямлі ўзбагаціліся з вялізнай раскошы яго!»
І пачуў я іншы голас, які казаў з неба: «Выйдзі з яго, мой народзе, каб вам не саўдзельнічаць у яго грахах і не пацярпець ад яго бедстваў, бо ўзышлі яго грахі аж да неба і згадаў Бог яго правіны. Адплаціце яму, як і ён адплаціў, і ўдвая аддайце за яго ўчынкі. У келіху, у якім ён гатаваў віно вам, прыгатуйце яму ўдвая. Колькі ён славіў сябе і жыў у раскошы, столькі дайце яму катаванняў і смутку, бо ў сэрцы сваім ён кажа: “Я сяджу як каралева і я не ўдава, і не зазнаю смутку”. Дзеля гэтага ў адзін дзень настануць яго бедствы: смерць, смутак і голад, і будзе ён спалены агнём, бо моцны Пан Бог, які асудзіў яго».
Тады заплачуць і будуць лямантаваць над ім каралі зямлі, якія распуснічалі з ім і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым ад яго пажару. Стаўшы здалёк ад страху перад яго пакутамі, скажуць: «Гора, гора, вялікі горад Бабілён, моцны горад, бо ў адну гадзіну прыйшоў твой прысуд!»
Купцы зямлі плачуць і смуткуюць над ім, бо ніхто не купляе ўжо іх тавару: золата, срэбра, каштоўных камянёў і пярлінаў, тонкага лёну, пурпуры, шоўку і пунсовай тканіны, ніякага цытрусавага дрэва і ніякай рэчы са слановай косткі, ніякай рэчы з найдаражэйшага дрэва, медзі, жалеза і мармуру, карыцы, амому і духмянасцяў, міра і кадзіла, віна і алею, чыстай пшанічнай мукі і збожжа, жывёл, авечак і коней, павозак, целаў і людскіх душ. Плод жадання тваёй душы адышоў ад цябе, усё сытае і цудоўнае прапала для цябе, і ты ўжо гэтага ніколі не знойдзеш.
Купцы, якія ўзбагачаліся з яго, стануць здалёк ад страху перад ягонымі пакутамі, кажучы з плачам і смуткам: «Гора, гора, вялікі горад, апрануты ў тонкі лён, пурпуру і пунсовыя шаты, упрыгожаны золатам, каштоўным камнем і пярлінамі, бо ў адну гадзіну было спустошана такое багацце!»
Кожны стырнавы і кожны, хто плыве на караблі, кожны марак і ўсе, хто працуе на моры, сталі здалёк і крычалі, убачыўшы дым яго пажару: «Які горад падобны да гэтага вялікага горада?» Яны кінулі пыл на свае галовы і крычалі ў плачы і смутку: «Гора, гора, вялікі горад, з дастатку якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры, бо за адну гадзіну ён апусцеў! Радуйцеся над ім, неба і святыя, апосталы і прарокі, бо Пан асудзіў яго паводле вашага суда!»
Адзін магутны анёл узяў камень, падобны да вялікіх жорнаў, і ўкінуў у мора, кажучы: «З такою сілаю будзе павалены Бабілён, вялікі горад, і ўжо не будзе яго. Голасу гусляроў і песняроў, флейтыстаў і трубачоў не будзе чутна ў табе больш. Не будзе ўжо ў табе ніводнага мастака ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў не будзе ўжо чутна ў табе. Ужо не з’явіцца ў табе святло лямпы, і голасу абранніка і абранніцы не будзе ўжо чутна ў табе. Бо твае купцы былі вяльможамі зямлі, бо тваім чарадзействам зведзены ўсе народы. У табе знойдзена кроў прарокаў, святых і ўсіх забітых на зямлі!»
Радасць жыхароў неба
Пасля гэтага я пачуў у небе моцны голас, як бы вялікага мноства людзей, якія казалі:
«Аллелюя!
Збаўленне і слава, і моц Богу нашаму,
бо праўдзівыя і справядлівыя прысуды Ягоныя;
бо Ён асудзіў вялікую распусніцу, якая нішчыла зямлю сваёй распустай, і спагнаў кроў слугаў сваіх з яе рукі!»
І другі раз сказалі:
«Аллелюя! Дым яе ўзносіцца на векі вечныя!»
Тады ўпалі дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывыя істоты і пакланіліся Богу, які сядзіць на троне, кажучы:
«Амэн. Аллелюя».
Ад трона выйшаў голас, які казаў:
«Хваліце Бога нашага, усе слугі Ягоныя і тыя,
хто Яго баіцца, малыя і вялікія!»
І я пачуў як бы шум вялікага натоўпу, як бы гул вялікіх водаў, як бы голас магутных грымотаў, што казалі:
«Аллелюя,
бо запанаваў Пан Бог наш усемагутны.
Будзем весяліцца, і радавацца, і праслаўляць Яго,
таму што настала вяселле Баранка,
і падрыхтавалася жонка Ягоная.
Ёй дазволена апрануцца ў бліскучы чысты тонкі лён, бо тонкі лён — гэта справядлівыя ўчынкі святых».
Анёл сказаў мне: «Напішы: шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Баранка!» І дадаў: «Гэта праўдзівыя словы Бога». Я ўпаў да ягоных ног, каб пакланіцца яму, але ён сказаў мне: «Не рабі гэтага! Я такі ж слуга, як ты і браты твае, што маюць сведчанне Езуса. Богу пакланіся, бо сведчанне Езуса — дух прарочы».
Перамога Слова
Затым я ўбачыў адкрытае неба: і вось, белы конь, а той, хто сядзіць на ім, завецца Верным і Праўдзівым, і ў справядлівасці Ён судзіць і змагаецца.
Вочы ж Яго — як полымя агню, а на галаве Яго — шматлікія дыядэмы. Ён мае напісанае імя, якога не ведае ніхто, акрамя Яго. Ён апрануты ў плашч, абмыты ў крыві, а імя Яго — Слова Бога. Яму спадарожнічалі нябесныя войскі на белых конях, апранутыя ў чысты белы тонкі лён. З Ягоных вуснаў выходзіць востры меч, каб удараць народы. Ён сам будзе пасвіць іх жалезным кіем. Ён сам топча давіла з віном лютага гневу Бога ўсемагутнага. А на плашчы і на сцягне Ягоным напісана: Кароль каралёў і Валадар валадароў.
Таксама я ўбачыў аднаго анёла, які стаяў у сонцы і гучна ўсклікаў усім птушкам, якія лётаюць пасярод неба: «Хадзіце, збярыцеся на вялікую вячэру Бога, каб з’есці целы каралёў, целы тысячнікаў, целы моцных і целы коней разам з іх вершнікамі, і целы ўсіх свабодных і нявольнікаў, малых і вялікіх».
Убачыў я звера, каралёў зямлі і іх войскі, сабраныя, каб распачаць вайну з тым, хто сядзіць на кані, і з Ягоным войскам. Аднак звер быў схоплены, а разам з ім і фальшывы прарок, які чыніў перад ім знакі, з дапамогай якіх зводзіў тых, што прынялі кляймо звера і пакланяліся яго вобразу. Абодва былі жыўцом кінутыя ў вогненнае возера з палаючай серай. Астатнія ж былі забітыя мячом, які выходзіў з вуснаў таго, хто сядзеў на кані, і ўсе птушкі насыціліся іхнімі целамі.
Тысячагадовае панаванне Хрыста
Затым я ўбачыў анёла, які сыходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ. Ён схапіў цмока, змея старадаўняга, які ёсць д’яблам і сатаною, і звязаў яго на тысячу гадоў. Укінуў яго ў бездань, замкнуў і апячатаў яе, каб не зводзіў больш народы, пакуль не пройдзе тысяча гадоў. А пасля гэтага ён павінен быць развязаны на кароткі час. Я ўбачыў таксама троны і тых, хто сядзеў на іх і каму дадзена было судзіць, і душы сцятых за сведчанне Езуса і за Божае слова. Яны не пакланіліся зверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на сваё чало і на сваю руку. Яны ажылі і пачалі валадарыць з Хрыстом тысячу гадоў. А іншыя памерлыя не ажылі, пакуль не прайшло тысяча гадоў. Гэта першае ўваскрашэнне. Шчаслівы і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрашэнні! Другая смерць не будзе мець над імі ўлады, бо яны будуць святарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
Апошняя бітва і суд
Калі ж міне тысяча гадоў, сатана будзе выпушчаны са сваёй вязніцы, і выйдзе зводзіць народы на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на бітву, а лік іх — як марскіх пяшчынак. Яны выйшлі на прастору зямлі і акружылі лагер святых і ўмілаваны горад. Аднак з неба сышоў агонь і паглынуў іх. А д’ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серы, дзе і звер, і фальшывы прарок будуць мучыцца днём і ноччу на векі вякоў.
Затым убачыў я вялікі белы трон і таго, хто сядзеў на ім, і ад аблічча якога ўцякалі неба і зямля, і не знайшлося ім месца. Я ўбачыў памерлых, малых і вялікіх, якія стаялі перад тронам, і кнігі былі разгорнутыя. Разгарнулася таксама іншая кніга — кніга жыцця. Памерлыя былі асуджаны згодна з напісаным у кнігах, паводле іхніх учынкаў. Тады мора аддало памерлых, якія былі ў ім, і смерць, і адхлань аддалі памерлых, якія былі ў іх. І судзілі кожнага паводле ягоных учынкаў. А смерць і адхлань былі ўкінутыя ў вогненнае возера. Вогненнае возера — гэта другая смерць. Калі некага не знайшлі запісаным у кнізе жыцця, той быў укінуты ў вогненнае возера.
НОВЫ ЕРУЗАЛЕМ
Новае стварэнне
Я ўбачыў новае неба і новую зямлю. Бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма. Убачыў я таксама святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха. І пачуў я гучны голас з трона, які казаў: «Вось скінія Бога з людзьмі, які будзе жыць з імі; яны будуць Ягоным народам, а Ён будзе “Богам з імі”. І вытра кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула».
Той, хто сядзеў на троне, сказаў: «Вось чыню ўсё новае». І дадаў: «Напішы, што словы гэтыя верныя і праўдзівыя». І сказаў мне: «Сталася! Я — Альфа і Амега, пачатак і канец. Таму, хто прагне, Я дам задарма піць з крыніцы вады жыцця. Пераможца атрымае ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, а ён будзе Мне сынам. А лёс баязліўцаў, няверуючых і тых, хто робіць агіду, забойцаў, распуснікаў, чарадзеяў, ідалапаклоннікаў і ўсіх падманшчыкаў — возера, што палае агнём і серай. Гэта другая смерць».
Новы Ерузалем
Прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чашаў, напоўненых сямю апошнімі бедствамі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, я пакажу табе абранніцу, жонку Баранка». Анёл узнёс мяне ў духу на вялікую, высокую гару і паказаў мне святы горад Ерузалем, які сыходзіў з неба ад Бога і меў Божую славу. Ззянне ягонае падобнае да каштоўнага, быццам яшма, каменя, чыстага, як крышталь. Меў ён мур вялікі і высокі, меў дванаццаць брамаў, а на брамах — дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці плямёнаў сыноў Ізраэля. З усходу тры брамы і з поўначы тры брамы, і з поўдня тры брамы, і з захаду тры брамы. Мур горада меў дванаццаць падмуркаў, а на іх — дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Баранка.
Той, хто гаварыў са мною, меў залатую мерную трысціну, каб памераць горад, ягоныя брамы і мур. Горад быў чатырохвугольны, а даўжыня ягоная была роўная шырыні. Ён памераў горад трысцінаю. Было дванаццаць тысяч стадыяў. Яго даўжыня, шырыня і вышыня роўныя. Памераў ягоны мур. Ён быў сто сорак чатыры локці чалавечай меры, якою таксама карыстаўся анёл. Мур быў пабудаваны з яшмы, а горад — з чыстага золата, падобнага да чыстага шкла. Фундаменты гарадскіх муроў былі аздоблены ўсялякім каштоўным каменем: першы падмурак быў з яшмы, другі — з сапфіру, трэці — з халцэдону, чацвёрты — са смарагду, пяты — з сарданіксу, шосты — з сердаліку, сёмы — з хрызаліту, восьмы — з бэрылу, дзевяты — з тапазу, дзесяты — з хрызапрасу, адзінаццаты — з гіяцынту, дванаццаты — з аметысту. А дванаццаць брамаў былі дванаццаццю пярлінамі, кожная брама была з асобнай пярліны. А плошча горада была з чыстага золата, як празрыстае шкло.
Святыні ў ім я не бачыў, бо святыня ягоная — гэта Пан Бог усемагутны і Баранак. Гораду не патрэбны ні сонца, ні месяц, каб яму свяцілі, бо слава Божая асвятліла яго, а светач ягоны — Баранак. У яго святле будуць хадзіць народы, а валадары зямлі прынясуць яму сваю славу. Брамы ягоныя ніколі не будуць зачыняцца ўдзень, а ночы там не будзе. Яны прынясуць туды славу і пашану народаў. Нішто нячыстае і той, хто чыніць агіду ці падман, не ўвойдзе туды, але толькі тыя, хто запісаны ў кнізе жыцця Баранка.
Анёл паказаў мне раку вады жыцця, бліскучую, як крышталь, якая выплывала ад трона Бога і Баранка. Пасярод плошчы горада і паміж берагамі ракі расце дрэва жыцця, якое дае плод дванаццаць разоў. Кожны месяц дае свой плод, а лісце дрэва служыць для лячэння народаў. І нічога праклятага ўжо не будзе. А трон Бога і Баранка будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму. Убачаць Ягонае аблічча, а Ягонае імя будзе на іх чолах. І ночы ўжо не будзе, і не будуць мець патрэбы ні ў святле лямпы, ні ў святле сонца, бо Пан Бог будзе свяціць над імі; і яны будуць валадарыць на векі вечныя.
Час блізкі
Анёл сказаў мне: «Гэтыя словы пэўныя і праўдзівыя, і Пан, Бог духаў прароцкіх, паслаў анёла свайго паказаць слугам сваім тое, што павінна адбыцца неўзабаве. І вось прыйду неўзабаве. Шчаслівы той, хто захоўвае словы прароцтва гэтай кнігі».
Я, Ян, чуў і бачыў гэта. А пасля таго як пачуў і ўбачыў, я ўпаў пакланіцца ў ногі анёлу, які паказваў мне гэта. Але ён сказаў мне: «Не рабі так. Я слуга як і ты, і твае браты — прарокі, і тыя, хто выконвае словы гэтай кнігі. Богу пакланіся!»
Потым сказаў мне: «Не запячатвай словаў прароцтва гэтай кнігі, бо час блізкі! Хто чыніць несправядлівасць, няхай яшчэ чыніць несправядлівасць, і нячысты няхай яшчэ забруджваецца, а справядлівы няхай далей чыніць справядлівасць, і святы няхай яшчэ асвяціцца.
Вось прыйду неўзабаве і адплата Мая са Мною, каб адплаціць кожнаму паводле ягоных учынкаў. Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец. Шчаслівыя тыя, хто мые шаты свае, каб мець уладу над дрэвам жыцця і праз браму ўвайсці ў горад. Звонку застануцца сабакі, чарадзеі, распуснікі, забойцы, ідалапаклоннікі і кожны, хто любіць ці чыніць падман!
Эпілог
Я, Езус, паслаў Майго анёла засведчыць вам пра гэта ў Касцёлах. Я — корань і патомства Давіда, ясная ранішняя зорка».
А Дух і нявеста кажуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І хто прагне, няхай прыйдзе, і хто хоча, няхай возьме ваду жыцця дарма.
Я сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі. Калі хто-небудзь дадасць да гэтага нешта, Бог спашле на яго бедствы, апісаныя ў гэтай кнізе. А калі хто-небудзь выкіне нешта са словаў кнігі гэтага прароцтва, Бог адкіне яго ад дрэва жыцця і выкіне са святога горада, апісаных у гэтай кнізе.
Той, хто сведчыць пра гэта, кажа:
«Так, хутка прыйду».
«Амэн. Прыйдзі, Пане Езу!»
Ласка Пана Езуса няхай будзе з усімі.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019