Библия › Каталіцкі › Да Галатаў

Пасланне да Галатаў

УСТУП

Прывітанне

Павел, апостал, выбраны не людзьмі і не чалавекам, але Езусам Хрыстом і Богам Айцом, які ўваскрасіў Яго, і ўсе браты, якія са мною, — Касцёлам Галатыі. Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і ад Пана Езуса Хрыста, які аддаў самога сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з ліхога цяперашняга свету па волі Бога і Айца нашага, якому хвала на векі вечныя. Амэн.

Супраць фальшывага дабравесця

Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага дабравесця. Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста. Але, калі б нават мы ці анёл з неба пачалі абвяшчаць вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты! Як раней мы казалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто абвяшчае вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што вы прынялі, няхай будзе пракляты! Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста!

АПРАЎДАННЕ ПРАЗ ВЕРУ Ў ЕЗУСА ХРЫСТА

Павел — праўдзівы апостал Хрыста

Сведчу вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ад чалавека. Бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, але праз аб’яўленне Езуса Хрыста. Вы чулі пра маё ранейшае жыццё ў юдаізме, як жорстка я пераследаваў Касцёл Божы і нішчыў яго, як перавышаў у юдаізме многіх аднагодкаў з майго народу, будучы зацятым прыхільнікам традыцый маіх продкаў. Калі ж Бог, які выбраў мяне ад улоння маёй маці і паклікаў сваёй ласкаю, пажадаў аб’явіць ува мне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго сярод язычнікаў, я не пачаў адразу раіцца з целам і крывёю і не пайшоў у Ерузалем да Апосталаў, маіх папярэднікаў, а пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.

Пасля, праз тры гады, я пайшоў у Ерузалем наведаць Кефаса і прабыў у яго пятнаццаць дзён. Нікога ж іншага з Апосталаў я не бачыў, акрамя Якуба, брата Пана. У тым, што я пішу вам, Бог мне сведка, няма маны. Пасля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Цыліцыі. Касцёлам Хрыстовым у Юдэі я не быў вядомы асабіста, яны толькі чулі, што той, хто быў іх ганіцелем, цяпер прапаведуе веру, якую некалі нішчыў. І праслаўлялі Бога за мяне.

Ерузалемскі Сабор

Затым, праз чатырнаццаць гадоў я зноў пайшоў у Ерузалем з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта. А прыйшоў я пад уплывам аб’яўлення і прадставіў ім Евангелле, якое прапаведую язычнікам; асобна для тых, хто мае пашану, каб не аказалася, што я бягу ці бегаў дарэмна. Але нават Ціт, што быў са мною, які быў грэкам, не быў змушаны да абразання. Фальшывым жа братам, якія закраліся, каб парушыць нашую свабоду, якую маем у Езусе Хрысце, і каб мы трапілі зноў у няволю, мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас.

Тыя, хто мае пашану, — а кім калісьці былі, мяне не цікавіць, бо не зважае Бог на аблічча чалавека, — дык тыя, што маюць пашану, мне не пярэчылі. Але наадварот, убачыўшы, што мне даручана абвяшчэнне Евангелля сярод неабрэзаных, як Пятру — сярод абрэзаных (бо той, хто дапамагаў Пятру ў апостальстве абрэзаных, дапамагаў і мне сярод язычнікаў), і калі Якуб, Кефас і Ян, якіх лічаць стаўпамі, даведаліся пра дадзеную мне ласку, яны падалі мне і Барнабе правіцу на знак супольнасці, каб нам ісці да язычнікаў, а ім — да абрэзаных, каб толькі мы помнілі пра ўбогіх, і менавіта гэта я старанна рабіў.

Спрэчка Паўла і Пятра ў Антыёхіі

Калі Кефас прыбыў у Антыёхію, дык я адкрыта выказаў яму сваю нязгоду, таму што ён заслугоўваў дакору. Бо перш, чым некаторыя прыбылі ад Якуба, ён еў разам з язычнікамі. Калі ж тыя з’явіліся, пачаў аддаляцца і адасабляцца, баючыся абрэзаных. І крывадушнічалі разам з ім таксама іншыя юдэі, так што нават Барнабу звяла іхняя крывадушнасць. Але, убачыўшы, што яны збочылі са шляху евангельскай праўды, я сказаў Кефасу перад усімі: «Калі ты, будучы юдэем, жывеш па-язычніцку, а не па-юдэйску, то чаму прымушаеш язычнікаў жыць па-юдэйску?» Мы па прыродзе юдэі, а не грэшнікі сярод язычнікаў. Ведаючы, што чалавек апраўдваецца не дзякуючы захаванню Закону, а толькі праз веру ў Езуса Хрыста, мы паверылі ў Хрыста Езуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз захаванне Закону; бо праз Закон не апраўдаецца ніякае цела.

Апраўданне праз веру

Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, самі аказаліся грэшнымі, ці ж Хрыстус — слуга граху? Канешне, не! Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам. Праз Закон я памёр для Закону, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом. І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне. Не адкідаю ласкі Божай. А калі апраўданне дасягаецца праз Закон, то Хрыстус памёр дарэмна.

ЗАКОН І ВЕРА

Неразумныя галаты

О неразумныя галаты, перад вачыма якіх быў накрэслены вобраз укрыжаванага Езуса Хрыста, хто зачараваў вас? Толькі пра адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі паводле Закону вы атрымалі Духа, ці праз паслухмянасць адносна веры? Ці вы такія неразумныя, каб распачатае Духам завяршыць цяпер целам? Няўжо марна вы столькі перацярпелі? Можа і сапраўды марна! Ці той, хто дае вам Духа і здзяйсняе між вамі знакі, робіць гэта праз учынкі паводле Закону або праз паслухмянасць веры?

Вера Абрагама

Так, Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць. Дык ведайце, што тыя, хто верыць, гэта сыны Абрагама. І Пісанне, якое прадбачыла, што Бог праз веру апраўдае язычнікаў, ужо Абрагаму абвясціла добрую навіну: «У табе благаслаўлёныя будуць усе народы». Таму тыя, хто верыць, будуць благаслаўлёныя разам з верным Абрагамам. Тыя, хто спадзяецца на ўчынкі паводле Закону, знаходзяцца пад праклёнам, бо напісана: «Пракляты кожны, хто не трымаецца ўсяго, што напісана ў кнізе Закону». А што дзякуючы Закону ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта відавочна, бо справядлівы з веры жыць будзе. Закон жа не з веры, але той, хто выконвае наказы Закону, той жыць будзе дзякуючы ім. Хрыстус адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшы праклёнам за нас, бо напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве», каб благаслаўленне Абрагама праз Хрыста Езуса пашырылася на язычнікаў, каб мы атрымалі праз веру абяцанага Духа.

Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае і не змяняе. Вось жа Абрагаму і ягонаму патомству былі дадзены абяцанні. Не сказана: «І нашчадкам», быццам многім, але як аднаму: «І патомству твайму», якім ёсць Хрыстус. Таму кажу: Запавету, зацверджанага Богам, не адмяняе Закон, дадзены праз чатырыста трыццаць гадоў, каб скасаваць абяцанне. Калі ж спадчына з Закону, то не з абяцання. Абрагама ж адарыў Бог праз абяцанне.

Роля Закону

Нашто тады Закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не з’явіцца патомак, якому даручана абяцанне, перададзенае праз анёлаў у рукі пасрэдніка. Той, хто адзін, не мае пасрэдніка, а Бог адзін. Ці ж Закон працівіцца абяцанням Божым? Канешне, не. Калі б дадзены быў Закон, які мог бы даць жыццё, то сапраўды, справядлівасць вынікала б з Закону. Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне было дадзена веруючым праз веру ў Езуса Хрыста.

Перш чым прыйшла вера, мы былі замкнёныя пад вартаю Закону да таго часу, калі належала аб’явіцца веры. Таму Закон стаў нашым выхаваўцам, які вядзе да Хрыста, каб мы апраўдаліся дзякуючы веры. Калі ж прыйшла вера, мы ўжо непадуладныя выхаваўцу. Усе вы сыны Божыя праз веру ў Езуса Хрыста. Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся. Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе. Калі ж вы Хрыстовыя, то вы патомства Абрагама і, паводле абяцання, спадкаемцы.

Божае ўсынаўленне

Дык кажу вам: пакуль спадкаемца дзіця, ён нічым не адрозніваецца ад слугі, хоць ён і гаспадар над усім, але падпарадкоўваецца да вызначанага айцом часу апекунам і распарадчыкам. Так і мы, пакуль былі дзецьмі, служылі стыхіям свету. Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону, каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону, каб мы атрымалі ўсынаўленне. А паколькі вы сыны, Бог паслаў у вашыя сэрцы Духа Сына свайго, які ўсклікае: «Абба, Ойча!» Таму ты ўжо не слуга, а сын, а калі сын, то і спадкаемца Божы.

Перасцярога перад адступніцтвам

Але тады, калі не ведалі вы Бога, вы служылі тым, якія па сутнасці не былі багамі. Цяпер жа, калі вы ўжо пазналі Бога і самі пазнаныя Богам, чаго вяртаецеся да бяссільных і марных стыхіяў, якім зноў хочаце служыць? Вы зважаеце на дні, месяцы, часы і гады. Баюся, ці не дарма я працаваў для вас?

Стаўленне Паўла да галатаў

Браты, прашу вас, будзьце такімі, як я, бо і я такі, як вы. Вы мяне нічым не пакрыўдзілі. Ведаеце, што першы раз я абвяшчаў вам Евангелле, калі быў хворы. У выпрабаванні вашым з прычыны маёй хваробы вы не адкінулі мяне, але прынялі як Божага анёла, як Езуса Хрыста.

Дык дзе ж вашая радасць? Сведчу вам, што калі б было можна, вы вырвалі б свае вочы і аддалі мне. Ці ж я стаў для вас ворагам, кажучы вам праўду? Яны рупяцца аб вас не з добрых меркаванняў, але хочуць адлучыць вас ад мяне, каб вы рупіліся аб іх. Добра ж рупіцца аб добрым заўсёды, а не толькі тады, калі я прысутны сярод вас. Дзеці мае, я зноў нараджаю вас у пакутах, пакуль вобраз Хрыста не сфармуецца ў вас. Хацеў бы быць у вас цяпер і змяніць мой голас, бо сам не ведаю, што з вамі рабіць.

ЗАКОН І СВАБОДА

Два запаветы: Агар і Сара

Скажыце мне, вы, якія хочаце жыць пад Законам, ці ж вы не чуеце Закону? Напісана, што ў Абрагама было два сыны: адзін ад нявольніцы, другі ад свабоднай. Але той, што ад нявольніцы, нарадзіўся паводле цела, а той, што ад свабоднай — з абяцання. У гэтым ёсць алегорыя: гэта два запаветы. Адзін, на гары Сінай, які нараджае для няволі, — гэта Агар. Бо Агар — гэта гара Сінай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерузалему, таму што ён зняволены са сваімі сынамі.

А Ерузалем, што ўгары, свабодны, ён — нашая маці. Бо напісана:

«Узвесяліся, бясплодная, што не нараджала; усклікні і закрычы, якая не цярпела родаў, таму што ў пакінутай больш дзяцей, чым у той, што мае мужа».

Вы ж, браты, так як Ісаак, дзеці абяцання. Але як і тады той, што нарадзіўся паводле цела, пераследаваў таго, які паводле духа, так і цяпер. А што кажа Пісанне? «Выгані нявольніцу і яе сына, бо не будзе спадкаемцам сын нявольніцы разам з сынам свабоднай». Таму, браты, мы дзеці не нявольніцы, але свабоднай.

Сутнасць хрысціянскай свабоды

Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі. Вось я, Павел, кажу вам: калі вы дасцё сябе абрэзаць, Хрыстус вам нічым не дапаможа. Яшчэ сведчу кожнаму чалавеку, які прымае абразанне, што ён павінен выконваць увесь Закон. Вы, што апраўдваеце сябе Законам, аддаляецеся ад Хрыста і адпалі ад ласкі. Мы ж у Духу з надзеяй чакаем апраўдання праз веру. Таму што ў Хрысце Езусе не мае моцы ні абразанне, ні адсутнасць абразання, але вера, якая дзейнічае праз любоў.

Трыванне ў праўдзе

Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе? Пераконванне гэтае не ад таго, які вас кліча. Малая закваска квасіць усё цеста. Наконт вас я ўпэўнены ў Пану, што вы не будзеце думаць інакш. А хто бунтуе вас, той будзе асуджанны, хто б ён не быў. Браты, калі я і далей абвяшчаю абразанне, то чаму надалей мяне пераследуюць? Бо тады знікла б згаршэнне крыжа. О, каб былі скалечаныя тыя, якія вас бунтуюць!

Свабода і любоў

Вы, браты, пакліканыя да свабоды. Толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму.

Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе. Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб не пазабівалі вы адзін аднаго!

Учынкі цела і плады Духа

Я кажу: паступайце паводле Духа і не выконвайце жаданняў цела. Бо жаданні цела супярэчаць Духу, а Дух супярэчыць целу, таму што яны супрацьстаяць адзін аднаму, каб вы не маглі рабіць таго, што хацелі б. Калі кіруе вамі Дух, то вы не пад Законам. Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, звады, ерасі, нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага. А плод Духа — гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону. А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з жаданнямі і пажадлівасцю. Калі мы жывем паводле Духа, то і паступаем паводле Духа.

Не будзем шукаць пустой славы, дражнячы і ненавідзячы адзін аднаго.

Належнае стаўленне да сябе і іншых

Браты, калі б і правініўся чалавек у нечым, вы, што трываеце ў Духу, настаўляйце яго з далікатнасцю, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці. Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы. Калі хто думае, што ён лепшы, а не з’яўляецца такім, той ашуквае самога сябе. Няхай кожны ацэньвае свае чыны, і тады толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым. Кожны ж панясе свой уласны цяжар.

Няхай той, каго навучаюць, дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае. Не падманвайце сябе: Бог не дазволіць насміхацца з сябе; бо што чалавек пасее, тое і пажне. Хто сее ў сваім целе, той з цела пажне знішчэнне, а хто сее ў Духу, той з Духа пажне вечнае жыццё. Не спыняймася рабіць дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем. Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш — блізкім па веры.

ЗАКАНЧЭННЕ

Заключныя настаўленні і благаслаўленне

Гляньце, якімі вялікімі літарамі я напісаў вам уласнаручна. Тыя, што хочуць падабацца вам целам, змушаюць вас да абразання, каб толькі пазбегнуць пераследу за крыж Хрыста. А тыя, што абразаюцца, самі не выконваюць Закон, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца абразаннем вашага цела. Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету. Бо ні абразанне нічога не значыць, ні адсутнасць абразання, але новае стварэнне. І над усімі, хто будзе паступаць паводле гэтага правіла, — спакой і міласэрнасць, а таксама над Ізраэлем Божым.

Урэшце, няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на сваім целе раны Езуса.

Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.