Библия › Каталіцкі › Да Эфесцаў
Прывітанне
Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
ТАЯМНІЦА ЗБАЎЛЕННЯ І КАСЦЁЛА
Гімн Божаму Провіду
Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным. У Ім мы маем адкупленне Ягонаю крывёю, дараванне правінаў паводле багацця ласкі Ягонай, якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні, дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў у Ім для спаўнення паўнаты часу, каб аднавіць усё ў Хрысце: тое, што на нябёсах і на зямлі.
У Ім мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення сваёй волі, каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы. У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, Евангелле пра збаўленне вашае, і паверылі, былі пазначаныя пячаццю абяцанага Духа Святога, які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай велічы.
Малітва аб пазнанні моцы Хрыста
Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых, не перастаю дзякаваць за вас, успамінаючы вас у сваіх малітвах, каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага, якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай, якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах, вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаванне, і за ўсялякае імя, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым. Усё паклаў пад ногі Ягоныя і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла, які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім.
Празмерная любоў Бога да сваіх грэшных сыноў
І вы былі мёртвымі з-за праступкаў і грахоў вашых, у якіх вы калісьці жылі згодна са звычаямі гэтага свету, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непаслухмянасці. Сярод іх мы ўсе таксама калісьці жылі паводле імкненняў нашага цела, выконваючы жаданні цела і думак, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія. А Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю. Ён уваскрасіў і пасадзіў нас на нябёсах у Хрысце Езусе, каб паказаць у наступных вяках нязмернае багацце сваёй ласкі праз дабрыню да нас у Хрысце Езусе. Вы ж збаўлены ласкаю праз веру. І гэта не ад вас, гэта Божы дар. І не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся. Мы — Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы паступалі згодна з імі.
З’яднанне язычнікаў і юдэяў у Хрысце
Таму памятайце, што калісьці вы, язычнікі, якіх завуць «неабрэзанымі» тыя, што называюцца абрэзанымі з прычыны знаку, зробленага рукою на целе, былі ў той час без Хрыста, адкінутымі ад ізраэльскага грамадства і чужымі запавету абяцання. Вы не мелі надзеі і былі бязбожнікамі ў свеце. Цяпер у Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі дзякуючы крыві Хрыста. Ён — спакой наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці, што падзяляў, зруйнаваў у сваім целе. А Закон запаведзяў знішчыў навучаннем, каб з двух стварыць у сабе аднаго новага чалавека, усталёўваючы спакой, і ў адным целе зноў прымірыць з Богам адных і другіх праз крыж, забіўшы ў сабе тую варожасць. Прыйшоўшы, Ён абвясціў спакой вам, якія далёка, і спакой тым, якія блізка. Бо праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.
Таму вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены будынак вырастае як святая святыня ў Пану. У Ім і вы разам будуецеся, каб быць жыллём Бога ў Духу.
Павел — Апостал народаў
Таму я, Павел, вязень Езуса Хрыста дзеля вас, язычнікаў... Вы напэўна чулі пра ўдзяленне ласкі Божай, дадзенай мне дзеля вас, бо праз аб’яўленне была адкрыта мне таямніца, пра што я ўжо коратка пісаў. Чытаючы, можаце даведацца пра маё разуменне таямніцы Хрыста, якая не была адкрыта сынам чалавечым у мінулых пакаленнях, так як цяпер адкрылася святым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа, што і язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі і членамі аднаго цела, і саўдзельнікамі абяцання ў Езусе Хрысце праз Евангелле, слугою якога я стаўся дзякуючы дару ласкі Божай, дадзенай мне дзеяннем Ягонай сілы. Мне, найменшаму сярод усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць язычнікам Евангелле пра невычэрпнае багацце Хрыста і адкрыць усім, чым ёсць спаўненне таямніцы, спрадвеку схаванай у Богу, Стварыцелю ўсяго, каб цяпер праз Касцёл стала вядомай княствам і ўладам на нябёсах бясконцая Божая мудрасць, паводле спрадвечнага плану, які здзейсніўся ў Езусе Хрысце, Пану нашым. У Ім мы маем адвагу і доступ да Айца ў надзеі праз веру ў Яго. Таму прашу, не падайце духам з прычыны майго ўціску за вас, бо гэта вашая хвала.
Малітва Паўла за Касцёл
Таму я схіляю калені мае перад Айцом, ад якога бярэ сваю назву кожны род на нябёсах і на зямлі, каб Ён вам даў, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Ягоным Духам дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў вашых сэрцах, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй Божай паўнатою.
Даксалогія
А таму, хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім або пра што думаем, Яму хвала ў Касцёле і ў Хрысце Езусе ва ўсе пакаленні ад веку да веку. Амэн.
ЖЫЦЦЁ, ЗГОДНАЕ З ПАКЛІКАННЕМ
Заклік да еднасці
Малю вас я, вязень у Пану, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе спакою. Адно ёсць цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін ёсць Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх.
Розныя харызмы для будавання Касцёла
Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару. Таму і сказана: «Узышоўшы на вышыні, паланіў палонных і даў людзям дары».
А што азначае «ўзышоўшы», калі не тое, што Ён сышоў да ніжэйшых частак зямлі. Той, хто сышоў, ёсць і тым, хто ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.
Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты. Каб мы больш не былі дзецьмі, якіх хістае і захапляе кожны вецер вучэнняў, каб людскім падманам, хітрым штукарствам увесці ў зман. Будучы шчырымі ў любові, ва ўсім будзем узрастаць да таго, хто з’яўляецца Галавою, — да Хрыста. З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнага асобнага члена, атрымлівае ўзрастанне для будавання самога сябе ў любові.
Стары і новы чалавек
Кажу гэта і сведчу ў Пану, каб вы больш не жылі, як жывуць язычнікі ў марнасці свайго розуму, з зацьмёным мысленнем, адчужаныя ад Божага жыцця праз няведанне, якое караніцца ў іх, праз упартасць іхніх сэрцаў. Яны, стаўшы нячулымі, аддаліся распусце, робячы нячыстае з усёй прагнасцю.
Не гэтаму вы навучыліся ад Хрыста, калі сапраўды чулі пра Яго і вучыліся ў Ім паводле праўды, якая ёсць у Езусе, але таму, каб адкінуць ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі. Таму дазвольце аднавіцца Духу ў вашым розуме і апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды. Дзеля таго адкіньце падман, гаварыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы — члены адзін аднаго. Гневайцеся, але не грашыце, няхай сонца не заходзіць у гневе вашым. І не давайце месца д’яблу. Хто краў, няхай больш не крадзе, лепш няхай працуе, здабываючы сваімі рукамі даброты, каб меў чым дапамагчы патрабуючаму. Усякае ліхое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае дзеля збудавання, каб прынесла ласку тым, хто слухае. Не засмучайце Святога Духа Божага, якім вы пазначаны на дзень адкуплення.
Усякая горыч, раздражненне, гнеў, крык і блюзнерства няхай будуць выдалены ад вас разам з усякай злосцю. Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам.
Адзнакі новага жыцця: любоў і чыстасць
Дык вось, наследуйце Бога, як дзеці ўмілаваныя, і паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас і аддаў сябе за нас як дар і ахвяру Богу на прыемны пах.
А распуста, і ўсялякая нячыстасць, і сквапнасць няхай нават не згадваюцца сярод вас, як гэта належыць святым. Таксама і непрыстойнасць, і пустаслоўе, і вульгарнасць нягожыя для вас. Наадварот, няхай лепш будзе падзяка. Вы павінны ведаць, што ніякі распуснік, або нячысты, ці сквапны, гэта значыць ідалапаклоннік, не мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.
Дзеці святла
Няхай ніхто не зводзіць вас марнымі словамі, бо праз гэта прыходзіць Божы гнеў на непаслухмяных сыноў. Не будзьце ж іх супольнікамі. Калісьці вы былі цемрай, а цяпер вы святло ў Пану. Паступайце, як дзеці святла. Бо плод святла ёсць ва ўсялякай дабрыні, справядлівасці і праўдзе. Імкніцеся да таго, што даспадобы Пану. Не бярыце ўдзел у бясплённых справах цемры, а лепш выкрывайце іх. Бо пра тое, што яны робяць патаемна, нават сорамна казаць. А ўсё, што выкрываецца праз святло, становіцца яўным, бо ўсё, што становіцца яўным, ёсць святло. Таму сказана: «Прачніся, які спіш, і ўваскрэсні, і Хрыстус асветліць цябе».
Глядзіце дакладна, як паступаеце, не як неразумныя, а як мудрыя. Выкарыстоўвайце час, бо дні ліхія. Не будзьце ж неразважнымі, але пазнавайце, што ёсць воляй Пана. І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста, але напаўняйцеся Духам, настаўляючы саміх сябе псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, спяваючы і праслаўляючы Пана ў вашых сэрцах. Дзякуйце заўсёды за ўсё Богу і Айцу ў імя Пана нашага Езуса Хрыста. Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай.
ПРЫНЦЫПЫ СЯМЕЙНАГА ЖЫЦЦЯ
Хрысціянскае сужэнства
Жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, як Пану, бо муж — галава жонкі, як і Хрыстус — Галава Касцёла. Ён — Збаўца цела. Таму, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца ва ўсім мужам.
Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго, ачысціўшы купеллю вады і словам, каб ён з’явіўся перад Ім слаўным Касцёлам, які не мае плямы, ці заганы, ці чаго-небудзь падобнага, і каб ён быў святы і беззаганны. Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, але корміць і даглядае яго, як і Хрыстус свой Касцёл, бо мы члены Ягонага цела. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Вялікая таямніца гэтая, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла! Дык няхай кожны з вас любіць сваю жонку так, як самога сябе, а жонка няхай паважае мужа.
Бацькі і дзеці
Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва. Шануй бацьку свайго і маці — гэта першая запаведзь у абяцанні, каб добра было табе і каб доўга ты жыў на зямлі. І вы, бацькі, не раздражняйце вашых дзяцей, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана.
Гаспадары і нявольнікі
Нявольнікі, слухайцеся вашых гаспадароў паводле цела з бояззю і трымценнем, у прастаце вашага сэрца, як Хрыста. Служыце не толькі для вока, каб спадабацца людзям, але як Хрыстовыя нявольнікі, выконваючы Божую волю ад душы, служачы рупліва, як Пану, а не як людзям. Ведайце, што кожны, нявольнік ён ці свабодны, калі зробіць нешта добрае, атрымлівае тое ж ад Пана.
І вы, гаспадары, рабіце з імі тое самае: перастаньце пагражаць, ведаючы, што і над вамі, і над імі ёсць у нябёсах Пан, які не зважае на асобу.
Барацьба са злом
Нарэшце, мацуйцеся ў Пану магутнасцю Ягонай сілы. Апраніцеся ва ўсю Божую зброю, каб вы маглі супрацьстаяць подступам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры гэтага свету, супраць нябесных духаў злосці.
Дзеля гэтага прыміце ўсю Божую зброю, каб вы маглі супрацьстаяць у ліхі дзень і, усё адолеўшы, выстаяць. Таму станьце, падперазаўшы свае сцёгны праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога; і шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць Божае слова. Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць свае вусны, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам у кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.
Заключныя прывітанні
Тыхік, умілаваны брат і верны слуга ў Пану, пра ўсё раскажа вам, каб вы ведалі пра мяне і што я раблю. Я паслаў яго да вас, каб вы ведалі, што ў нас робіцца, і каб ён падбадзёрыў вашыя сэрцы.
Спакой вам, браты, і любоў з вераю ад Бога Айца і Пана Езуса Хрыста. Ласка з усімі, якія любяць Пана нашага Езуса Хрыста незнішчальнай любоўю. Амэн.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019