Прывітанне
1 Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе:
2 ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
ТАЯМНІЦА ЗБАЎЛЕННЯ І КАСЦЁЛА
Гімн Божаму Провіду
3 Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах
4 і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові.
5 Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі,
6 дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным.
7 У Ім мы маем адкупленне Ягонаю крывёю, дараванне правінаў паводле багацця ласкі Ягонай,
8 якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні,
9 дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў у Ім
10 для спаўнення паўнаты часу, каб аднавіць усё ў Хрысце: тое, што на нябёсах і на зямлі.
11 У Ім мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення сваёй волі,
12 каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы.
13 У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, Евангелле пра збаўленне вашае, і паверылі, былі пазначаныя пячаццю абяцанага Духа Святога,
14 які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай велічы.
Малітва аб пазнанні моцы Хрыста
15 Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых,
16 не перастаю дзякаваць за вас, успамінаючы вас у сваіх малітвах,
17 каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго
18 і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага, якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых
19 і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай,
20 якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах,
21 вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаванне, і за ўсялякае імя, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым.
22 Усё паклаў пад ногі Ягоныя і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла,
23 які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім.
Пасланне да Эфесцаў, 1 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.