Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Да Рымлянаў 1 Пасланне да Рымлянаў 1 раздзел

УСТУП

Прывітанне

1 Павел, слуга Езуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны дзеля абвяшчэння Евангелля Бога,
2 якое перад гэтым было абяцана праз Яго прарокаў у святых Пісаннях,
3 пра Ягонага Сына, які целам паходзіў з роду Давіда і адкрыўся як Божы Сын у моцы,
4 паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Пана нашага,
5 праз якога мы атрымалі ласку і апостальства, каб у імя Ягонае зрабіць паслухмянымі веры ўсе народы,
6 сярод якіх і вы, пакліканыя Езусам Хрыстом.
7 Усім, хто знаходзіцца ў Рыме, умілаваным Бога, пакліканым святым: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
Падзяка і малітва

8 Найперш дзякую Богу майму праз Езуса Хрыста за ўсіх вас, бо вашая вера абвяшчаецца па ўсім свеце.
9 Маім сведкам ёсць Бог, якому служу ў маім духу праз Евангелле Ягонага Сына, што я пастаянна ўспамінаю пра вас.
10 Кожную хвіліну ў сваіх малітвах прашу, каб мне — калі будзе на гэта Божая воля — пашчасціла калі-небудзь прыйсці да вас.
11 Прагну пабачыць вас, каб пераказаць вам духоўны дар дзеля вашага ўмацавання,
12 але больш, каб парадавацца разам з вамі дзеля ўзаемнага суцяшэння праз супольную веру, вашую і маю.
13 Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што я шмат разоў збіраўся прыйсці да вас, каб які-небудзь плён сабраць і ў вас, як і сярод іншых народаў, але аж дагэтуль меў перашкоды.
14 Я даўжнік грэкаў і чужаземцаў, мудрых і неразумных.
15 Таму таксама вельмі прагну і вам, жыхарам Рыма, абвяшчаць Евангелле.
ЗБАЎЛЕННЕ ПРАЗ ВЕРУ
Моц Евангелля

16 Я не саромеюся Евангелля, бо гэта моц Божая для збаўлення кожнага, хто верыць, спярша юдэя, а потым і грэка.
17 Бо ў ім адкрываецца Божая справядлівасць з веры для веры, як напісана: «Праведны жыць будзе вераю».
Язычнікі і Божы гнеў

18 Гнеў жа Божы аб’яўляецца з неба супраць усялякай бязбожнасці і несправядлівасці людзей, якія стрымліваюць праўду несправядлівасцю.
19 Бо тое, што можна ведаць пра Бога, відавочнае сярод іх, таму што Бог адкрыў ім.
20 Ад стварэння свету Яго нябачныя рысы — адвечная Яго моц і Боскасць — бачныя ў заўважальных чынах, таму няма ім апраўдання.
21 Яны ж, пазнаўшы Бога, не як Бога праслаўлялі Яго і дзякавалі Яму, але сталі нікчэмнымі ў сваіх разважаннях, і зацямнілася іх неразумнае сэрца.
22 Называючы сябе мудрымі, яны сталі неразумнымі
23 і славу нятленнага Бога замянілі на вобраз тленнага чалавека, птушак, чатырохногіх і паўзуноў.
24 Таму і аддаў іх Бог праз пажадлівасць іхніх сэрцаў нячыстасці, каб яны самі зняславілі свае целы.
25 Яны замянілі праўду Божую на фальш і пачалі пакланяцца і служыць стварэнню, а не Стварыцелю, які благаслаўлёны навекі. Амэн.
26 Таму выдаў іх Бог ганебным страсцям. Іх жанчыны змянілі згоднае з натурай жыццё на тое, што супраць натуры.
27 Таксама і мужчыны, пакідаючы натуральнае сужыццё з жанчынай, запалалі пажадлівасцю адзін да аднаго. Мужчыны з мужчынамі чынячы нягоднае, самі на сябе наклікалі належную кару за вычварэнне.
28 А паколькі не палічылі патрэбным мець пазнанне Бога, выдаў іх Бог няздольнаму розуму, каб чынілі неадпаведнае.
29 Яны поўныя ўсялякай несправядлівасці, нягоднасці, прагнасці, злосці, напоўненыя зайздрасцю, забойствам, спрэчкай, подступам, зласлівасцю, абмовай.
30 Яны паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, пыхлівыя, самахвалы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,
31 неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любові, бязлітасныя.
32 Яны ведаюць наказ Бога, што той, хто так чыніць, варты смерці, аднак не толькі самі так робяць, але і згаджаюцца з тымі, хто так робіць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Пасланне да Рымлянаў, 1 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Да Рымлянаў 1 раздзел в переводах:
Да Рымлянаў 1 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Комментарии Мартина Лютера
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Иоанна Златоуста
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.