Прывілеі Ізраэля
1 Я кажу праўду ў Хрысце, не хлушу, і пацвярджае маё сумленне ў Духу Святым,
2 што смутак мой вялікі і няспынна пакутуе маё сэрца.
3 Бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест маіх братоў, родных мне паводле цела,
4 ізраэльцянаў, якім належыць усынаўленне, і хвала, і запаветы, і ўстанаўленне законаў, і Божае служэнне, і абяцанні.
5 Да іх належаць айцы, і з іх паводле цела — Хрыстус, Бог над усімі, благаслаўлёны навекі. Амэн.
Ізраэль паводле цела і паводле духа
6 Гэта не азначае, што слова Божае не збылося. Бо не ўсе тыя, што ад Ізраэля, — Ізраэль,
7 і не ўсе, што паходзяць ад Абрагама, яго дзеці, але ад Ісаака будзе тваё патомства.
8 Гэта значыць, што не цялесныя дзеці з’яўляюцца дзецьмі Божымі, але дзеці абяцання лічацца патомствам.
9 А слова абяцання такое: «У той жа час прыйду, і ў Сары будзе сын».
10 І не толькі яна, але і Рэбэка зачала ад Ісаака, айца нашага.
11 Калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага ці дрэннага (каб пастанова Божая заставалася ў выбранні,
12 не з учынкаў, але ад таго, хто кліча), сказана было ёй: «Старэйшы будзе ў няволі ў малодшага»,
13 як і напісана: «Якуба я палюбіў, а Эзава ўзненавідзеў».
Свабода і міласэрнасць Бога
14 Што ж скажам? Няўжо няпраўда ў Бога? Канешне, не!
15 Бо Ён кажа Майсею: «Памілую таго, каго памілую, і злітуюся над тым, над кім літуюся».
16 Таму не ад таго, хто жадае, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, які мае міласэрнасць.
17 Бо Пісанне кажа фараону: «Дзеля таго Я і ўстанавіў цябе, каб паказаць на табе Маю сілу, і каб Маё імя было абвешчана па ўсёй зямлі».
18 Таму літуецца над кім хоча, і каго хоча, робіць жорсткім.
19 Ты скажаш мне: «За што ж яшчэ вінаваціць? Хто стане супраць Яго волі?»
20 Чалавеча, сапраўды, хто ты, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зробленае таму, хто зрабіў: «Чаму ты мяне гэтак зрабіў?»
21 Ці не мае ўлады ганчар над глінаю, каб з таго ж месіва зрабіць адно начынне для пачэснага ўжытку, а другое — для непачэснага?
22 Калі Бог, хочучы паказаць гнеў і выявіць сваю магутнасць, з вялікай доўгацярплівасцю бярог начынні гневу, што падаваліся на загубу,
23 каб даць пазнаць багацце сваёй славы над начыннямі міласэрнасці, якія Ён раней падрыхтаваў для славы,
24 таксама перад намі, якіх паклікаў не толькі з юдэяў, але і з язычнікаў?
25 Як і праз Осію кажа:
«Не Мой народ назаву Маім народам, і нялюбую — умілаванай.
26 І станецца, што на месцы, дзе было сказана ім: “Вы не Мой народ”, сынамі Бога Жывога яны будуць названыя».
27 А Ісая ўсклікае да Ізраэля: «Хоць бы лічба сыноў Ізраэля была як марскі пясок, толькі рэшта будзе збаўлена.
28 Бо канчаткова і хутка здзейсніць Пан сваё слова на зямлі».
29 І, як прарочыў Ісая:
«Калі б Пан Магуццяў не пакінуў нам патомства, то мы былі б, як Садома, і падобнымі сталіся б да Гаморы».
Ізраэль і Евангелле
30 Што ж скажам? Што язычнікі, якія не шукалі справядлівасці, атрымалі справядлівасць дзякуючы веры.
31 А Ізраэль, шукаючы Закону справядлівасці, не дасягнуў яго.
32 Чаму? Бо шукалі не з веры, а з учынкаў. І спатыкнуліся аб камень спатыкнення,
33 як напісана:
«Вось кладу на Сіёне камень спатыкнення і камень спакусы; але кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».
Пасланне да Рымлянаў, 9 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.