Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Рымлянам 9 Рымлянам 9 раздзел

1 Праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
2 што вялікі смутак мой і няспынны боль у сэрцы маім,
3 бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,
4 якія ёсьць Ізраільцяне, якіх ёсьць усынаўленьне, і слава, і запаветы, і даньне законаў, і служэньне, і абяцаньні,
5 якіх і бацькі, і з якіх Хрыстос паводле цела, Які ёсьць над усімі Бог, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн.
6 Але ня так, што слова Божае ня споўнілася. Бо ня ўсе тыя, што з Ізраіля, Ізраіль,
7 і ня ўсе тыя, якія насеньне Абрагама, дзеці [ягоныя], але: «У Ісааку будзе названае насеньне табе».
8 Гэта значыць, ня дзеці цела ёсьць дзеці Божыя, але дзеці абяцаньня лічацца за насеньне.
9 Бо слова абяцаньня гэткае: «У гэту пару прыйду, і ў Сары будзе сын».
10 І ня толькі, але і Рэбэка зачала за адзін раз ад Ісаака, бацькі нашага.
11 Бо калі яны яшчэ не былі нарадзіўшыся і не зрабілі нічога добрага ці ліхога, каб вызначэньне Божае заставалася паводле выбраньня, не праз учынкі, але праз Таго, Хто кліча,
12 сказана было ёй: «Большы будзе служыць меншаму»,
13 як напісана: «Якуба Я палюбіў, а Эзава зьненавідзеў».
14 Дык што скажам? Няўжо няправеднасьць у Бога? Няхай ня станецца!
15 Бо Ён кажа Майсею: «Зьлітуюся над тым, над кім зьлітуюся, і зьяўлю міласэрнасьць таму, каму зьяўлю міласэрнасьць».
16 Таму [выбраньне залежыць] не ад таго, хто хоча, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, Які літуецца.
17 Бо Пісаньне кажа фараону: «Дзеля таго Я падняў цябе, каб зьявіць на табе сілу Маю і каб імя Маё было абвешчана на ўсёй зямлі».
18 Дзеля гэтага над кім хоча, літуецца, а каго хоча, закамяняе.
19 Дык ты скажаш мне: «Што Ён яшчэ вінаваціць? Бо хто супрацьстане пастанове Яго?»
20 Наадварот, чалавеча! Хто ты такі, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зьлепленае таму, хто зьляпіў: «Навошта ты мяне гэтак зрабіў?»
21 Ці ня мае ўлады ганчар над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адно начыньне на пашану, а другое — на ганьбу?
22 Што, калі Бог, хочучы зьявіць гнеў і зрабіць вядомай магутнасьць Сваю, з вялікай доўгацярплівасьцю ашчаджаў начыньні гневу, прыгатаваныя на загубу,
23 каб таксама зрабіць вядомым багацьце славы Сваёй над начыньнямі міласэрнасьці, якія Ён загадзя прыгатаваў на славу,
24 і над намі, якіх паклікаў ня толькі з Юдэяў, але і з паганаў?
25 Як і ў Осіі Ён кажа: «"Ня Мой народ" назаву Маім народам, і "Нялюбую" — улюбёнай.
26 І будзе, што на месцы, дзе сказана было ім: “Вы — ня Мой народ”, — там будуць названыя сынамі Бога Жывога».
27 А Ісая крычыць пра Ізраіль: «Хаця б лічба сыноў Ізраіля была, як пясок марскі, рэштка будзе збаўлена;
28 бо, сканчваючы слова і прысьпешваючы ў праведнасьці, хутка зьдзейсьніць Госпад слова на зямлі».
29 І як раней сказаў Ісая: «Калі б Госпад Магуцьцяў не пакінуў нам насеньня, мы сталіся б, як Садом, і былі б падобнымі да Гаморы».
30 Дык што скажам? Пагане, якія не імкнуліся да праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць праз веру.
31 А Ізраіль, які імкнуўся да закону праведнасьці, не дасягнуў закону праведнасьці.
32 Чаму? Бо не праз веру, але праз учынкі закону. Бо яны спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,
33 як напісана: «Вось, Я кладу на Сыёне камень спатыкненьня і скалу згаршэньня; і кожны, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Пасланьне да Рымлянаў Апостала Паўла, 9 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Рымлянам 9 раздзел в переводах:
Рымлянам 9 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Комментарии Мартина Лютера
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Иоанна Златоуста
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.