Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Данііла, 1 Данііла, 1 глава

1 У трэці год валадараньня Егаякіма, валадара Юды, прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, да Ерусаліму і аблёг яго.
2 І аддаў Госпад у руку ягоную Егаякіма, валадара Юды, і частку начыньняў Дому Божага, і ён занёс іх у зямлю Шынэар у дом бога свайго, і ўнёс начыньні гэтыя ў скарбніцу бога свайго.
3 І сказаў валадар Ашпэназу, начальніку эўнухаў сваіх, каб ён прывёў з сыноў Ізраіля і з насеньня валадарскага і княскага
4 юнакоў, якія ня маюць у сабе аніякай заганы, [маюць] добры выгляд, разумеюць усякую мудрасьць, і кемлівыя ў навучаньні, і здольныя да ведаў, каб яны мелі сілу стаяць у палацы валадарскім і каб навучыць іх кнігам і мове халдэйскай.
5 І вызначыў ім валадар на кожны дзень ежу валадара і віно, якое сам піў, каб гадаваць іх так тры гады, каб пасьля заканчэньня іх яны сталі перад абліччам валадара.
6 І былі сярод іх з сыноў Юды Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя.
7 І даў ім начальнік эўнухаў імёны, Даніілу даў [імя] Бэльтэшацар, Ананію — Шадрах, Мішаэлю — Мэшах, а Азарыі — Авэд-Нэго.
8 І пастанавіў Данііл у сэрцы сваім, што ён ня будзе апаганьвацца ежаю валадара і віном, якое той піў; і ён прасіў начальніка эўнухаў, каб яму не апаганіцца.
9 І даў Бог Даніілу міласэрнасьць і спагаду перад абліччам начальніка эўнухаў.
10 І сказаў начальнік эўнухаў Даніілу: «Я баюся пана майго, валадара, які вызначыў для вас ежу і напоі. Бо калі ён убачыць, што абліччы вашыя марнейшыя, чым у [іншых] юнакоў вашага веку, тады вы наразіце на небясьпеку галаву маю перад валадаром».
11 І сказаў Данііл наглядчыку, якога начальнік эўнухаў паставіў над Даніілам, Ананіем, Мішаэлем і Азарыем:
12 «Выспрабуй, калі ласка, слугаў тваіх дзён дзесяць; і няхай даюць нам гародніну, і мы будзем есьці, і ваду, і мы будзем піць.
13 І паглядзіш на выгляд наш і выгляд юнакоў, якія ядуць ежу валадара; і паводле таго, што ўбачыш, рабі са слугамі тваімі».
14 І ён паслухаў іх у гэтай справе, і выспрабоўваў іх дзесяць дзён.
15 І ў канцы дзесяці дзён выгляд іхні выяўвіўся лепшым і цела [іхняе было] здаравейшым, чым у юнакоў, якія елі ежу валадара.
16 І сталася, што наглядчык забіраў ад іх ежу і віно, якое яны мелі піць, і даваў ім гародніну.
17 І гэтым чатыром юнакам Бог даў веды і разуменьне кожнай кнігі і мудрасьці, а Данііл разумеў усякія відзежы і сны.
18 І пасьля заканчэньня дзён, калі валадар сказаў прывесьці іх, начальнік эўнухаў прывёў іх перад аблічча Навухаданосара.
19 І гаварыў з імі валадар, і не знайшлося сярод іх усіх [такіх], як Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя. І яны сталі перад абліччам валадара.
20 І ў-ва ўсіх справах мудрасьці і разуменьня, пра што валадар пытаўся ў іх, ён знайшоў іх у дзесяць разоў [лепшымі] за ўсіх варажбітоў і астролягаў, якія [былі] ў-ва ўсім валадарстве ягоным.
21 І Данііл быў [там] да першага году валадара Кіра.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Данііла, 1 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.