Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Міхея 1 Міхея 1 раздзел

1 Слова ГОСПАДА, якое было да Міхея з Марэшэты ў дні Ётама, Ахаза і Эзэкіі, валадароў Юды, якое ён бачыў адносна Самарыі і Ерусаліму.
2 Пачуйце, усе народы, прыхілі вуха, зямля і ўсё, што напаўняе яе! І няхай будзе Госпад ГОСПАД як сьведка супраць вас, Госпад са сьвятыні Сваёй сьвятой.
3 Бо, вось, ГОСПАД выходзіць з месца Свайго, і зыходзіць, і крычыць на вышынях зямлі.
4 І горы топяцца прад Ім, і даліны расьцякаюцца, як воск перад абліччам агню, як воды, якія ільюцца па схілах.
5 За правіну Якуба [адбываецца] ўсё гэта і за грахі дому Ізраіля. Якая правіна Якуба? Ці ж не Самарыя? І якія ўзгоркі ў Юды? Ці ж не Ерусалім?
6 І Я зраблю Самарыю як купу друзу ў полі, як [месца], каб садзіць вінаград, і скіну ў даліну камяні ейныя, і падмуркі ейныя агалю.
7 І ўсе балваны ейныя будуць пабітыя, і ўсе платы [за распусту] ейную будуць спалены агнём, і ўсе ідалы ейныя зраблю пустэчаю, бо яна сабрала іх за плату за распусту, і на плату за распусту яны вернуцца.
8 З гэтае прычыны я лямантую і галашу, хаджу босы і голы; учыню лямант, як цмокі, і жалобу, як страусы.
9 Бо раны ейныя невылечныя, бо прыйшло [гэта] да Юды, дакранаецца да брамы народу Майго, да Ерусаліму.
10 Не абвяшчайце [гэта] ў Гаце і плачам ня плачце; у Бэт-Леафры качайцеся ў пыле.
11 Ідзі сабе, жыхарка Шафіру, у голасьці і ганьбе; ня выйдзе жыхарка Цаанану; лямант Гаэцэлю ня дасьць вам спыніцца ў ім.
12 Бо чакала дабра жыхарка Мароту, але ліха зыйшло ад ГОСПАДА да брамы Ерусаліму.
13 Запражы дрыгантаў у калясьніцу, жыхарка Ляхішу. Ты — пачатак грэху для дачкі Сыёну, бо ў цябе знойдзены правіны Ізраіля.
14 Дзеля гэтага дасі ліст разводны для Марэшэт-Гату; дамы Ахзіва — падман для валадароў Ізраіля.
15 Яшчэ спадкаемцу прывяду да цябе, жыхарка Марэшы. Аж да Адуляму пойдзе слава Ізраіля.
16 Пастрыжыся і пагаліся з прычыны сыноў асалоды тваёй; пашыр лысіну тваю, як у арла, бо яны пойдуць у палон ад цябе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Міхея, 1 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.