Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Захарыі 1 Захарыі 1 раздзел

1 У восьмым месяцы, у другім годзе Дарыя было слова ГОСПАДА да Захарыі, сына Бэрэхіі, сына Іддо, прарока, кажучы:
2 «Загневаўся гневам ГОСПАД на бацькоў вашых.
3 І ты скажы ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Павярніцеся да Мяне, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і Я павярнуся да вас, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
4 Ня будзьце як бацькі вашыя, да якіх клікалі прарокі, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Адвярніцеся, прашу, ад шляхоў сваіх злых і ад учынкаў сваіх злых; але яны ня слухалі і не зважалі на Мяне, кажа ГОСПАД”.
5 Бацькі вашыя, дзе яны? І прарокі ці жывуць вечна?
6 Толькі словы Мае і пастановы Мае, якія Я загадаў слугам Маім прарокам, ці не дасягалі бацькоў вашых? І яны навярнуліся, і сказалі: “Як ГОСПАД Магуцьцяў думаў зрабіць нам паводле шляхоў нашых і паводле ўчынкаў нашых, так і зрабіў нам”».
7 У дваццаць чацьвёрты дзень адзінаццатага месяца, гэта месяц Шэват, у другім годзе Дарыя было слова ГОСПАДА да Захарыі, сына Бэрэхіі, сына Іддо, прарока, кажучы:
8 «Я бачыў у гэтую ноч; і вось, муж едзе на кані чырвоным, ён стаіць паміж міртаў, якія ў нізіне, а за ім коні чырвоныя, рудыя і белыя.
9 І я сказаў: “Што гэта, Госпадзе мой?” І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: “Я пакажу табе, што гэта”.
10 І адказаў муж, які стаяў паміж міртаў, і сказаў: “Гэта тыя, якіх паслаў ГОСПАД абыйсьці зямлю”.
11 І адказалі яны анёлу ГОСПАДА, які стаяў паміж міртаў, і сказалі: “Мы абыйшлі зямлю, і вось, уся зямля заселеная і ў супакоі”.
12 І адказаў анёл ГОСПАДА, і сказаў: “ГОСПАДЗЕ Магуцьцяў, калі Ты зьлітуешся над Ерусалімам і над гарадамі Юды, на якія Ты гневаешся ўжо семдзясят гадоў?”
13 І адказаў ГОСПАД анёлу, які гаварыў са мною, словы добрыя, словы пацяшальныя.
14 І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: “Клікай, кажучы: "Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я раўную пра Ерусалім і пра Сыён рэўнасьцю вялікай.
15 І гневам вялікім Я гневаюся на народы, якія ў супакоі, бо Я загневаўся крыху, а яны дапамагалі [рабіць] зло"”.
16 Дзеля гэтага кажа ГОСПАД: “Я зьвярнуся да Ерусаліму з літасьцю. Дом Мой будзе адбудаваны ў ім, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і меральны шнур будзе расьцягнуты над Ерусалімам”.
17 І зноў клікай, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Зноўку напоўняцца гарады Мае дабром, і зноў пацешыць ГОСПАД Сыён, і выбярэ ізноў Ерусалім”.
18 І ўзьняў я вочы мае, і ўбачыў, і вось, чатыры рогі.
19 І я сказаў анёлу, які гаварыў са мною: “Што гэта?” І ён сказаў мне: “Гэта рогі, якія раскідалі Юду, Ізраіля і Ерусалім”.
20 І паказаў мне ГОСПАД чатырох рамесьнікаў.
21 І я сказаў: “Што яны прыходзяць рабіць?” І Ён сказаў, кажучы: “Гэта рогі, якія раскідалі Юду, так што ніхто не падняў галавы сваёй. А яны прыйшлі, каб стрывожыць іх, каб скрышыць рогі народаў, якія паднялі рог супраць зямлі Юды, каб раскідаць яе”.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Захарыі, 1 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.