1 Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і захаваныя Ісусам Хрыстом:
2 літасьць вам, і супакой, і любоў няхай памножацца!
3 Улюбёныя! Прыкладаючы ўсякую дбайнасьць, каб пісаць вам пра агульнае збаўленьне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам напамін — змагацца за веру, аднойчы перададзеную сьвятым.
4 Бо паўбіваліся некаторыя людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага на распусту абяртаюць і адзінага Валадара, Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста, выракаюцца.
5 Я хачу нагадаць вам, якія аднойчы гэта даведаліся, што Госпад, вызваліўшы народ з зямлі Эгіпецкае, тых, што не паверылі, пасьля загубіў,
6 і анёлаў, якія не захавалі свае ўлады, але пакінулі сваё жытло, у вечных путах пад цемраю на суд вялікага дня трымае.
7 Як Садом і Гамора і вакалічныя гарады, якія падобна да іх жылі ў распусьце і за іншым целам хадзілі, падпаўшы пад кару вечнага агню, пастаўленыя за прыклад, —
8 гэтаксама будзе і з гэтымі летуценьнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць панаваньне і блюзьняць супраць славы.
9 Міхал арханёл, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесьці блюзьнерскага прысуду, але сказаў: «Няхай забароніць табе Госпад».
10 А гэтыя блюзьняць супраць таго, чаго ня ведаюць; а што паводле прыроды ведаюць, як бязмоўныя жывёлы, тым сябе зьнішчаюць.
11 Гора ім, бо яны пайшлі шляхам Каіна, паддаліся падману нагароды Білеама, і ва ўпартасьці загінулі, як Карах.
12 Яны — небясьпека на вашых вячэрах любові; банкетуючы з вамі, пасуцца бяз страху; гэта хмары бязводныя, якія ветрам носяцца; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памёршыя, з корнем павырываныя;
13 лютыя хвалі марскія, якія пеняцца сорамам сваім; зоркі, што блукаюць, для якіх змрок цемры навекі захаваны.
14 Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: «Вось, ідзе Госпад з дзясяткамі тысячаў сьвятых Сваіх,
15 [каб] учыніць суд над усімі і дакарыць усіх бязбожнікаў іхніх за ўсе ўчынкі бязбожнасьці іх, якімі бязбожнае чынілі, і за ўсе жорсткасьці, што гаварылі на Яго бязбожныя грэшнікі».
16 Гэта наракальнікі, якія нічым не задавальняюцца, якія ходзяць паводле пажаданьняў сваіх; і вусны іхнія гавораць пыхліва, і яны зважаюць на аблічча дзеля карысьці.
17 Але вы, улюбёныя, памятайце словы, раней сказаныя апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста:
18 яны казалі вам, што ў апошні час зьявяцца лаяльнікі, якія ходзяць паводле сваіх бязбожных пажаданьняў.
19 Гэта тыя, якія адлучаюць сябе ад іншых, душэўныя, але ня маюць духа.
20 А вы, улюбёныя, будуючы сябе найсьвяцейшай верай вашаю, молячыся ў Духу Сьвятым,
21 захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы ласкі ад Госпада нашага Ісуса Хрыста ў жыцьцё вечнае.
22 І над аднымі літуйцеся з развагаю,
23 а другіх ратуйце, выхопліваючы з агню, дакарайце са страхам, ненавідзячы нават вопратку, целам апаганеную.
24 А Таму, Які можа захаваць вас ад упадку і паставіць перад славаю Сваёю беззаганнымі і ў радасьці,
25 адзінаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму, праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, слава і веліч, сіла і ўлада цяпер і на ўсе вякі. Амэн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паўсюднае пасланьне Апостала Юды, 1 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Юды 1 раздзел в переводах:
Юды 1 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.