Біблія » Пераклад Антонія Бокуна

2 Карыньцянам 1 раздзел

1 Павал, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, — царкве Божай, што ў Карыньце, з усімі сьвятымі, якія ва ўсёй Ахаі:
2 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага пацяшэньня,
4 Які пацяшае нас у кожным прыгнёце нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, якія ў-ва ўсялякім прыгнёце, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас!
5 Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовыя, гэтак праз Хрыста памнажаецца і пацяшэньне нашае.
6 А калі мы сьціснутыя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня, якое зьдзяйсьняецца праз перажываньне тых самых пакутаў, якія і мы церпім. Калі мы пацешаныя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня.
7 І надзея нашая на вас цьвёрдая, бо мы ведаем, што вы супольнікі як пакутаў, так і пацяшэньня.
8 Бо мы ня хочам, каб вы, браты, ня ведалі пра наш прыгнёт, які стаўся нам у Азіі, бо бязьмерна цяжка было нам і па-над сілу, так што мы згубілі надзею застацца жывымі.
9 Але мы мелі самі ў сабе прысуд сьмяротны, каб спадзявацца не на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
10 Які і выбавіў нас ад так вялікай сьмерці, і выбаўляе, на Якога спадзяемся, што і яшчэ выбаўляць будзе
11 пры дапамозе і вашай малітвы за нас, каб за дараванае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.
12 Бо пахвала́ нашая гэткая — сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў прастаце і шчырасьці Божай, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі ў сьвеце, а асабліва, у вас.
13 Бо мы пішам вам ня што іншае, але тое, што вы чытаеце ці пазнаяцё, а спадзяюся, што да канца спазнаеце,
14 як вы часткова і даведаліся ад нас, што мы — пахвала́ вашая, як і вы — нашая, у дзень Госпада Ісуса.
15 І з гэтай пэўнасьцю я хацеў прыйсьці да вас раней, каб вы другі раз мелі ласку,
16 і праз вас прайсьці ў Македонію, і зноў з Македоніі прыйсьці да вас, а вы правялі б мяне ў Юдэю.
17 Маючы гэткую пастанову, ці я лёгкадумна зрабіў? Ці тое, што я пастанаўляю, паводле цела пастанаўляю, каб было ў мяне «Так, так» і «Не, не»?
18 Верны ж Бог, што слова нашае да вас не было «Так» і «Не»!
19 Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, Якога мы ў вас абвяшчалі, і я, і Сілуан, і Цімафей, ня быў «Так» і «Не», але было ў Ім «Так».
20 Бо ўсе абяцаньні Божыя ў Ім «Так» і ў Ім «Амэн», на славу Богу праз нас.
21 А Той, Які зацьвердзіў нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,
22 Які і запячатаў нас, і даў зару́ку Духа ў сэрцы нашыя.
23 Прызываю Бога ў сьведкі на душу́ маю́, што, шкадуючы вас, я дагэтуль не прыйшоў у Карынт;
24 не таму, што мы пануем над вераю вашай, але мы супрацоўнікі ў радасьці вашай, бо ў веры вы стаіцё.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Другое пасланьне да Карыньцянаў Апостала Паўла, 1 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017

СТАНЬТЕ НАШИМ «АНГЕЛОМ»

2 Карыньцянам 1 раздзел в переводах:
2 Карыньцянам 1 раздзел, комментарии:
  1. Комментарии Баркли
  2. Новой Женевской Библии
  3. Толкование Иоанна Златоуста
  4. Учебной Библии МакАртура
  5. Комментарии Жана Кальвина
  6. Комментарии МакДональда
  7. Толкование Мэтью Генри
  8. Толковая Библия Лопухина
  9. Толкование Далласской семинарии
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Толкования Августина
  16. Комментарии Скоуфилда


2007–2023. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.