Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Даніэля 1 Даніэля 1 раздзел

1 У трэці год царавання цара Юдэйскага Ёакіма падышоў Набукаданосар, цар Бабілонскі, пад Ерузалім і абклаў яго;
2 і Госпад аддаў у яго рукі цара Юдэйскага Ёакіма, і частку пасудзін дома Божага, і іх забраў ён у зямлю Сэнаар, у дом багоў сваіх, і памясціў пасудзіны ў дом скарбоўні багоў сваіх.
3 І цар загадаў Асфаназу, кіраўніку сваіх еўнухаў, каб прывёў з ізраэльцаў і з роду царскага, і з правіцеляў
4 юнакоў без аніякай заганы, прыгожых выглядам і вывучаных ва ўсякай мудрасці, маючых веды, і выхаваных, і здатных да службы ў царскім палацы, і каб навучыць іх кнігам і мове халдэйцаў.
5 І цар выдзеліў ім штодзённую порцыю ад страў царскіх і ад віна, якое сам піў, каб былі яны ўзгадаваны праз тры гады і пасля служылі цару.
6 Такім чынам, з сыноў юдэйскіх былі сярод іх Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя.
7 І наглядчык еўнухаў надаў ім імёны: Даніэлю — Балтасар, і Ананію — Сэдрак, Місаэлю — Місак, і Азарыю — Абдэнага.
8 Даніэль жа рашыў у сэрцы сваім, каб не апаганьвацца стравамі царскімі, ані віном, якое цар піў, ды папрасіў наглядчыка еўнухаў, каб не апаганьвацца.
9 А абдарыў Бог Даніэля ласкаю і міласэрнасцю перад наглядчыкам еўнухаў,
10 і кіраўнік еўнухаў сказаў Даніэлю: «Баюся я гаспадара майго, цара, калі ўбачыць ён вашы твары худзейшымі, чым у іншых юнакоў у вашых гадах; калі гэтак, то вы выставіце маю галаву на небяспеку перад царом».
11 І Даніэль сказаў вартаўніку, якога паставіў кіраўнік еўнухаў над Даніэлем, Ананіем, Місаэлем і Азарыем:
12 «Прашу, аддай нас, паслугачоў тваіх, дзесяцідзённаму выпрабаванню: хай даюць нам гародніну есці і ваду піць;
13 і ўбачыш, як мы выглядаем і як выглядаюць юнакі, якія ядуць стравы царскія, і зробіш з паслугачамі сваімі паводле таго, што ўбачыш».
14 Ён, выслухаўшы гэтыя словы, выставіў іх на дзесяцідзённае выпрабаванне.
15 Па дзесяці ж днях аблічча іх было лепшым і здаравейшым, чым у юнакоў, якія елі ежу царскую.
16 А вартаўнік браў іх ежу і віно і падаваў ім гародніну.
17 І надзяліў Бог гэтых чатырох юнакоў ведамі і ўменнем ва ўсякім пісанні і мудрасці, Даніэль жа меў разуменне ўсякіх з’яў і сноў.
18 Дык калі прайшоў час, што ўстанавіў цар, каб іх прадставіць, наглядчык еўнухаў прывёў іх да Набукаданосара.
19 І калі цар размаўляў з імі, нельга было знайсці паміж іх усіх нікога, роўнага Даніэлю, Ананію, Місаэлю і Азарыю; ды сталі на службу пры цару.
20 І ўсякае слова мудрасці і разумення, якое ён атрымаў ад іх, цар знайшоў у іх дзесяцікратна лепшым, чым словы ўсіх прадказальнікаў і варажбітоў, якія былі ва ўсім яго царстве.
21 А прабываў там Даніэль аж да першага года цара Кіра.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Даніэля, 1 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.