1 Каб збылося слова Госпада, сказанае Ярэміем, узбудзіў Госпад дух Кіра, цара персаў, у першы год царавання яго, які на ўсё царства сваё разаслаў загад, пісьмова абвяшчаючы:
2 «Вось што кажа Кір: “Усе царствы зямлі даў мне Госпад, Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць дом Яму ў Ерузаліме, што ў Юдэі.
3 Калі ёсць хто з вас з народа Яго, дык хай Бог яго будзе з ім, і хай ідзе ён у Ерузалім, які ў Юдэі, і збудуе дом Госпаду, Богу Ізраэля: гэта той Бог, што ў Ерузаліме.
4 І ўсім, хто застаўся ва ўсіх месцах, дзе яны пражываюць, хай дапамогуць ім людзі іх мясцовасці, срэбрам, і золатам, і маёмасцю, і жывёлаю, а таксама добраахвотнымі ахвярамі для святыні Божай, што ў Ерузаліме”».
5 Ды сабраліся кіраўнікі родаў Юды і Бэньяміна, і святары, і левіты дый кожны, чый дух Бог абудзіў, каб ісці на будаванне святыні Госпада, што была ў Ерузаліме.
6 І ўсе тыя, што жылі побач, узмацнілі рукі іх, прыносячы срэбраны і залаты посуд, маёмасць, жывёлу ды каштоўнасці, апрача ахвяраў добраахвотных.
7 А цар Кір вынес посуд святыні Госпадавай, які Набукаданосар вывез з Ерузаліма і які змясціў у храме бога свайго;
8 а аддаў іх Кір, цар персаў, праз руку скарбніка Мітрыдата, які перадаў іх Сасабасару, князю юдэйскаму.
9 І вось лік іх: залатых чараў — трыццаць, срэбраных чараў — тысяча, нажоў — дваццаць дзевяць,
10 келіхаў залатых — трыццаць, таксама келіхаў срэбраных — чатырыста дзесяць і іншага посуду надта многа;
11 усяго пасудзін залатых і срэбраных — пяць тысяч чатырыста. Гэтае ўсё прынёс Сасабасар з тымі, што прыйшлі з перасялення бабілонскага ў Ерузалім.
Кніга Эздры, 1 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.