1 Такім чынам, вось кіраўнікі пакаленняў і радаводы тых, хто ў валадаранне цара Артаксэркса выйшаў са мною з Бабілона:
2 З сыноў Пінхаса: Гэрсом. З сыноў Ітамара: Даніэль. З сыноў Давіда — Гатус, сын Сэхэніі.
3 З сыноў Пароса: Захарыя, і з ім палічана было сто пяцьдзесят чалавек.
4 З сыноў Пагатмааба: Эліёэнай, сын Зараі, і з ім дзвесце чалавек.
5 З сыноў Зэта: Сахэнія, сын Яхазіэля, і з ім трыста чалавек.
6 З сыноў Адзіна: Абэд, сын Ёнатана, і з ім пяцьдзесят чалавек.
7 З сыноў Элама: Есая, сын Аталіі, і з ім семдзесят чалавек.
8 З сыноў Сафаціі: Забадзія, сын Міхаэля, і з ім восемдзесят чалавек.
9 З сыноў Ёаба: Абдзія, сын Ягіэля, і з ім дзвесце васемнаццаць чалавек.
10 З сыноў Бані: Сэламіт, сын Ёсфіі, і з ім сто шэсцьдзесят чалавек.
11 З сыноў Бэбая: Захарыя, сын Бэбая, і з ім дваццаць восем чалавек.
12 З сыноў Азгада: Ёханан, сын Экцэтана, і з ім сто дзесяць чалавек.
13 З сыноў Аданікама прыйшлі малодшыя, і вось іх імёны: Эліпалет, і Егіэль, і Сямэя, і з імі шэсцьдзесят чалавек.
14 З сыноў Бэгвая: Утай, сын Закхура, і з ім семдзесят чалавек.
15 Сабраў жа я іх каля ракі, што ўпадае ў Агаву, і мы там затрымаліся на тры дні. Я агледзеў народ і святароў; і не знайшоў там сыноў Леві.
16 Дзеля таго выправіў я Эліязэра, і Арыэля, і Сямэю, і Ёярыба, і Эльнатана, і Натана, і Захарыю, і Масалу, — мудрых кіраўнікоў.
17 І паслаў іх затым да Эда, кіраўніка ў мясцовасці Хасфіі, і праз іх вусны загадаў, што маюць сказаць Эду і братам яго, каб прывялі яны нам паслугачоў для дома Бога нашага.
18 І прывялі яны нам праз руку Бога нашага, добрага да нас, мужа самага мудрага спаміж сыноў Махалі, сына Леві, сына Ізраэля, на імя Сэрэбія, ды сыноў яго і братоў яго лікам васемнаццаць,
19 і Гасабію, і з ім Есая з сыноў Мэрары, ды сыноў яго і братоў яго лікам дваццаць,
20 і паміж нявольнікаў, якіх Давід і князі далі на службу левітам, — дзвесце дваццаць чалавек; усе яны запісаны па імёнах.
21 І там, каля ракі Агавы, абвясціў я пост, каб упакорыліся мы перад Богам нашым і папрасілі ў Яго шчаслівую дарогу нам, і дзецям нашым, і ўсёй уласнасці нашай.
22 Пасаромеўся бо я прасіць у цара войска і конніцу, каб баранілі яны нас у дарозе ад непрыяцеля, бо мы сказалі цару: «Рука Бога нашага будзе сцерагчы ўсіх, хто просіць Яго ласкавасці, і моц Яго, і сіла Яго — супраць усіх, хто ад Яго адварочваецца».
23 І пасцілі мы, і прасілі Бога нашага пра гэта, і Ён пачуў нас.
24 І выбраў я паміж кіраўнікоў святароў дванаццаць: Сэрэбію, Гасабію, і з імі дзесяць братоў іх,
25 і адважыў я ім срэбра, і золата, і пасудзіны — ахвяры для дома Бога нашага, што прынёс цар, і дарадчыкі яго, і кіраўнікі яго, і ўсе з Ізраэля тыя, хто быў там.
26 І адважыў у рукі іх шэсцьсот пяцьдзесят талентаў срэбра і сто срэбраных пасудзін, якія каштавалі сто талентаў золата
27 і дваццаць залатых келіхаў, якія каштавалі па тысячы драхм, і дзве пасудзіны з найлепшай бліскучай медзі цаною, як золата.
28 І сказаў я ім: «Вы пасвячоны Госпаду, і пасудзіны гэтыя святыя: і срэбра, і золата пасвячоны Госпаду, Богу бацькоў вашых;
29 пільнуйце і сцеражыце гэта, аж пакуль не адважыце гэта перад кіраўнікамі святароў і левітаў, а таксама перад галовамі пакаленняў Ізраэля ў Ерузаліме, у сховішчах дома Госпадава».
30 А святары і левіты ўзялі адважаныя срэбра, і золата, і пасудзіны, каб занесці іх у Ерузалім, у дом Бога нашага.
31 І выправіліся мы ад ракі Агавы ў дванаццаты дзень першага месяца, каб дабрацца ў Ерузалім; і рука Бога нашага супачыла на нас, і Ён вызваліў нас у дарозе ад рукі ворага і таго, хто схаваўся ў падкопах,
32 і прыбылі мы ў Ерузалім, і затрымаліся там на тры дні.
33 А на чацвёрты дзень у доме Бога нашага адважылі мы ўсё па ліку і вазе: срэбра, і золата, і пасудзіны — на рукі Мэрамота, сына Урыі, святара, і з ім быў Элеязэр, сын Пінхаса, і з імі былі Ёзабад, сын Ешуа, і Наадзія, сын Бэнуя, — левіты;
34 і была запісана вага ўсяго адважанага.
35 У той час тыя, хто прыйшоў з няволі, сыны перасялення, прынеслі Богу Ізраэля ахвяры цэласпалення: дванаццаць цялят за ўвесь народ Ізраэля, дзевяноста шэсць бараноў, семдзесят два ягняці, дванаццаць казлоў за грэх, — усё гэта ў цэласпаленне Госпаду.
36 А аддалі царскія распараджэнні сатрапам цара і кіраўнікам за ракою, і тыя дапамаглі народу і дому Божаму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эздры, 8 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.