1 Слова Госпада, сказанае Сафоніі, сыну Кусі, сыну Гадаліі, сыну Амарыі, сыну Эзэкіі, у днях Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага.
2 «Усё вынішчу да рэшты з паверхні зямлі, — кажа Госпад, —
3 знішчу людзей і жывёлу, знішчу птушак паднебных і рыб марскіх. І загінуць бязбожнікі, і знішчу людзей з аблічча зямлі, — кажа Госпад.
4 І падыму руку Сваю супраць Юды і супраць усіх жыхароў Ерузаліма; і вынішчу з гэтага месца астаткі Баала, і імёны храмавых служкаў разам са святарамі,
5 і тых, якія пакланяюцца войску нябеснаму на дахах, і тых, якія схіляюцца і прысягаюць Госпадам і прысягаюць Мількомам,
6 і тых, якія адварочваюцца ад Госпада, і тых, якія не шукаюць Госпада і не пытаюцца пра Яго».
7 Змоўкніце перад абліччам Госпада Бога, бо блізка дзень Госпада; бо Госпад прыгатаваў ахвяру, асвяціў Сваіх пакліканых.
8 І станецца ў дзень ахвяры Госпадавай: «Я спашлю пакаранне на князёў і на сыноў царскіх, і на ўсіх, якія апранаюцца ў чужаземнае адзенне;
9 і ў той дзень пакараю кожнага, хто пыхліва пераскоквае праз парог і хто напаўняе дом гаспадара свайго злачыннасцю і падманам.
10 І будзе ў той дзень, — кажа Госпад, — гоман ад брамы Рыбнай і галашэнне ад Новага горада, і вялікае разбурэнне з боку ўзгоркаў.
11 Галасіце, жыхары Пілі, бо выбіты быў увесь народ ханаанскі, знішчаны былі ўсе, апранутыя ў срэбра.
12 І будзе ў той час: Я з паходнямі абшукаю Ерузалім і пакараю людзей, якія сядзяць у брудзе сваім і кажуць у сэрцах сваіх: “Не зробіць Госпад добрага, не зробіць і благога”.
13 І стане маёмасць іх здабычай, і дамы іх — пустыняй; і пабудуюць яны дамы — і жыць у іх не будуць, і завядуць вінаграднікі — і піць віна з іх не будуць».
14 Блізка вялікі дзень Госпадаў, блізка і вельмі скора прыйдзе; голас дня Госпада жудасны; ад яго перапалохаецца адважны.
15 Дзень той будзе днём гневу, днём трывогі і прыгнёту, днём спусташэння і разбурэння, днём цемры і змроку, днём хмары і буры,
16 днём трубы і крыку ваеннага супраць гарадоў умацаваных і супраць вежаў высокіх.
17 «І буду Я мучыць людзей, і будуць яны хадзіць, як сляпыя, бо зграшылі супраць Госпада; і будзе размецена кроў іх, як пыл, і цела іх — як гной».
18 Ані срэбра іх, ані золата іх не зможа вызваліць іх у дзень гневу Госпадавага; агонь руплівасці Яго спаліць усю зямлю, бо даканае Ён знішчэнне, знішчэнне раптоўнае ўсіх жыхароў зямлі.
Кніга Сафоніі, 1 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.