1 Гэта галовы [дамоў] бацькоў сваіх і радавод тых, што ўзыйшлі са мною з Бабілону ў валадараньне Артаксэркса валадара:
2 з сыноў Пінхаса — Гершом; з сыноў Ітамара — Даніэль; з сыноў Давіда — Хаттуш;
3 з сыноў Шэханіі, з сыноў Пароша — Захарыя, і з ім запісаных у радаводзе мужчынаў сто пяцьдзясят;
4 з сыноў Пахат-Маава — Элегаэнай, сын Зэрахіі, і з ім дзьвесьце мужчынаў;
5 з сыноў Шэханіі — сын Яхазіэля, і з ім трыста мужчынаў;
6 з сыноў Адына — Евэд, сын Ёнатана, і з ім пяцьдзясят мужчынаў;
7 з сыноў Эляма — Ешая, сын Аталіі, і з ім семдзясят мужчынаў;
8 з сыноў Шэфатыі — Зэвадыя, сын Міхаэля, і з ім восемдзясят мужчынаў;
9 з сыноў Ёава — Абадыя, сын Ехіэля, і з ім дзьвесьце васямнаццаць мужчынаў;
10 з сыноў [Бані] — Шэляміт, сын Ёсіфіі, і з ім сто шэсьцьдзясят мужчынаў;
11 з сыноў Бэвая — Захарыя, сын Бэвая, і з ім дваццаць восем мужчынаў;
12 з сыноў Азгада — Ёханан, сын Гакатана, і з ім сто дзесяць мужчынаў;
13 з сыноў Аданікама — апошнія, імёны якіх гэткія: Эліфэлет, Еіэль і Шэмая, і з імі шэсьцьдзясят мужчынаў;
14 з сыноў Бігвая — Утай і Завуд, і з імі семдзясят мужчынаў.
15 І я сабраў іх каля ракі, што ўпадае ў Агаву, і мы стаялі табарам там тры дні; і я агледзеў народ і сьвятароў, але сыноў Левія там не знайшоў.
16 І паслаў я па Эліэзэра, Арыэля, Шэмаю, Эльнатана, Ярыва, Эльнатана, Натана, Захарыю і Мэшуляма — галоўных; і па Ёярыва і Эльнатана — кемлівых;
17 І накіраваў іх да Іддо, галоўнага ў мясцовасьці Касіфія, і ўклаў у вусны іхнія словы да Іддо і братоў ягоных нэтынэяў у мясцовасьці Касіфія, каб яны прывялі нам служыцеляў для Дому Бога нашага.
18 І прывялі яны да нас, бо добрая рука Божая [была] над намі, мужа разумнага з сыноў Махлі, сына Левія, сына Ізраіля, і Шэрэвію з сынамі ягонымі, і братоў ягоных — васямнаццаць,
19 і Хашавію, і з ім Ешаю з сыноў Мэрары, братоў ягоных і сыноў ягоных — дваццаць;
20 і з нэтынэяў, якіх даў Давід і князі на служэньне лявітаў, — дзьвесьце дваццаць нэтынэяў, усе запісаныя па імёнах.
21 І я абвясьціў там пост каля ракі Агавы, каб мы скарыліся перад абліччам Бога нашага і прасілі ў Яго шляху простага для нас і для дзяцей нашых, і для ўсёй маёмасьці нашай,
22 бо я саромеўся прасіць у валадара войска і коньнікаў, каб абаранялі нас ад ворага ў дарозе, бо мы сказалі валадару, кажучы: «Рука Бога нашага на дабро для ўсіх, хто шукае Яго, а моц Ягоная і гнеў Ягоны — на ўсіх, хто пакідае Яго».
23 І мы посьцілі, і прасілі Бога нашага пра гэта; і Ён даў нам упрасіць Сябе.
24 І я аддзяліў дванаццаць князёў над сьвятарамі — Шэрэвію, Хашавію і дзесяць братоў іхніх з імі,
25 і адважыў ім срэбра, і золата, і начыньне, падараванае для Дому Бога нашага, якое ахвяравалі валадар і дарадцы ягоныя, і князі ягоныя, і ўвесь Ізраіль, які быў там.
26 І я адважыў на рукі іхнія срэбра шэсьцьсот пяцьдзясят талентаў і начыньня срэбнага — сто талентаў, і золата — сто талентаў,
27 і келіхаў залатых — дваццаць на тысячу дукатаў, і начыньні з медзі бліскучай, добрай — два, дарагія як золата.
28 І сказаў я ім: «Вы — сьвятасьць для ГОСПАДА, і начыньні — сьвятасьць, а срэбра і золата — дабраахвотныя ахвяры для ГОСПАДА, Бога бацькоў вашых.
29 Чувайце і пільнуйце [гэта], аж пакуль адважыце [яго] перад князямі сьвятароў і лявітаў і перад князямі [дамоў] бацькоў Ізраіля ў Ерусаліме, у пакоях Дому ГОСПАДА».
30 І ўзялі сьвятары і лявіты вагу срэбра і золата, і начыньні, каб прынесьці ў Ерусалім, у Дом Бога нашага.
31 І вырушылі мы ад ракі Агавы ў дванаццаты дзень першага месяца, каб ісьці ў Ерусалім. І рука Бога нашага была над намі, і ўратавала нас ад рукі ворага і ад засады на шляху.
32 І прыйшлі мы ў Ерусалім, і былі там тры дні.
33 У чацьвёрты дзень адважылі мы срэбра і золата, і начыньне ў Доме Бога нашага на руку Мэрэмота, сына Урыі, сьвятара, а з ім [быў] Элеазар, сын Пінхаса, і з імі — Ёзавад, сын Ешуа, і Наадыя, сын Біннуя, лявіты,
34 усё лікам і вагою. І запісана была ўся тая вага ў той самы час.
35 Тыя, што прыйшлі з палону, сыны выгнаньня, склалі цэласпаленьне для Бога Ізраіля — дванаццаць бычкоў за ўсяго Ізраіля, дзевяноста шэсьць бараноў, семдзясят сем ягнятаў і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх, усё на цэласпаленьне для ГОСПАДА.
36 І яны аддалі загады валадара цівунам валадарскім і ваяводам Зарэчча, і яны дапамагалі народу і Дому Божаму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эзры, 8 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.