1 І прыйшоў сёмы месяц, і сыны Ізраіля [былі] ў гарадах, і сабраўся народ, як адзін чалавек, у Ерусаліме.
2 І ўстаў Ешуа, сын Ёцадака, і браты ягоныя, сьвятары, і Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і браты ягоныя; і пабудавалі ахвярнік Бога Ізраіля, каб ахвяроўваць на ім цэласпаленьні, як напісана ў Законе Майсея, чалавека Божага.
3 І паставілі ахвярнік на падмурку ягоным, хоць [былі] ў страху ад народу зямлі гэтай, і склалі на ім цэласпаленьні для ГОСПАДА, цэласпаленьні ранішнія і вечаровыя.
4 І справілі Сьвята Намётаў, як напісана, і [складалі] цэласпаленьні штодзённыя лікам паводле пастановы, як павіннасьць кожнага дня [вымагала].
5 А пасьля гэтага — цэласпаленьне заўсёднае, і на маладзік, і на ўсе ўрачыстыя сьвяты ГОСПАДА, і для кожнага, хто ахвяруе дабраахвотную ахвяру ГОСПАДУ.
6 З першага дня сёмага месяца пачалі складаць цэласпаленьні для ГОСПАДА. Але для Сьвятыні ГОСПАДА не былі яшчэ закладзены [падмуркі].
7 І далі яны срэбра мулярам і цесьлярам, і ежу, і пітво, і алей для Сідонцаў і Тырыянаў, каб прывезьлі дрэвы кедровыя з Лібану да мора Яфскага з дазволу Кіра, валадара Пэрсаў.
8 І ў другім годзе пасьля прыходу іхняга да Дому Божага ў Ерусалім, у другі месяц, пачалі [будаваць] Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і Ешуа, сын Ёцадака, і рэшта братоў іхніх, сьвятары і лявіты, і ўсе, што ўзыйшлі з палону ў Ерусалім, і паставілі лявітаў ад дваццаці гадоў і вышэй кіраваць працамі ў Доме ГОСПАДА.
9 І сталі Ешуа, сыны ягоныя і браты ягоныя, Кадміэль і сыны ягоныя, сыны Юды, як адзін [чалавек], каб кіраваць выкананьнем працаў у Доме Божым, [разам з] сынамі Хэнадада, сынамі іхнімі і братамі іхнімі, лявітамі.
10 І заклалі будаўнікі падмурак Сьвятыні ГОСПАДА, і паставілі сьвятароў у шатах іхніх з трубамі, а лявітаў, сыноў Асафа, — з цымбаламі, каб хвалілі ГОСПАДА паводле пастановы Давіда, валадара Ізраіля.
11 І адказалі яны хвалою і праслаўленьнем ГОСПАДА, бо добры Ён, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная для Ізраіля. І ўвесь народ усклікаў голасам вялікім, хвалячы ГОСПАДА за закладзены падмурак Дому ГОСПАДА.
12 І шмат хто са сьвятароў і лявітаў, і галоваў [дамоў] бацькоў, старых, якія бачылі першы Дом [Божы], калі падмуркі Дому гэтага былі закладзены перад вачыма іхнімі, плакалі голасам вялікім; а шмат хто ўсклікаў голасам узьнесеным з радасьцю.
13 І ня мог народ адрозьніць голасу гуканьня радасьці ад голасу плачу народу, бо народ гукаў ускліканьнем вялікім, і гук быў чуваць далёка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эзры, 3 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.