1 І ўжо надышоў сёмы месяц, і сыны Ізраэля жылі ў сваіх гарадах. Такім чынам, сабраўся ўвесь народ, як адзін чалавек, у Ерузаліме.
2 І ўстаў Ешуа, сын Ёсэдэка, і браты яго святары, і Зарабабэль, сын Салаціэля, і яго браты, і збудавалі ахвярнік Богу Ізраэля, каб складаць на ім цэласпаленні, як напісана ў законе Майсея, чалавека Божага.
3 А паставілі ахвярнік на яго падножжах, бо адчувалі пагрозу ад суседніх народаў, і на ім складалі цэласпаленні Госпаду зранку і ўвечары.
4 І адсвяткавалі свята палатак, як напісана, і складалі ахвяры штодзень па парадку, адпаведна пастанове на кожны дзень;
5 і, акрамя штодзённага цэласпалення, складалі таксама ахвяры ў дні маладзіка і ва ўсе ўрачыстасці, што былі пасвячоны Госпаду, і заўсёды, калі хто даваў добраахвотную ахвяру для Госпада.
6 З першага дня сёмага месяца пачалі складаць цэласпаленні Госпаду, але для святыні Божай не быў яшчэ пакладзены падмурак.
7 А грошы далі каменябойцам і майстрам, таксама ежу, і пітво, і аліўкавы алей сідонцам і тырцам, каб яны даставілі дрэва кедравае з Лібана да Ёпэ з дазволу Кіра, цара персаў.
8 А на другі год па прыбыцці сваім да святыні Божай у Ерузаліме, у другім месяцы, Зарабабэль, сын Салаціэля, і Ешуа, сын Ёсэдэка, і астатнія браты іх, святары і левіты, і ўсе, што вярнуліся з няволі ў Ерузалім, узяліся за справу і паклікалі левітаў ад дваццаці гадоў і вышэй наглядаць за работай пры будове святыні Госпадавай.
9 І сталі Ешуа, і сыны яго, і браты яго, Кадмігэль, Бэнуй і Адовія, як адзін чалавек, кіраваць тымі, што працавалі пры будове святыні Божай; і таксама сыны Гэнадада, з сынамі сваімі і братамі сваімі — левітамі.
10 Такім чынам, калі заклалі падмурак святыні Госпадавай, сталі святары ў шатах сваіх з трубамі і левіты, сыны Асафа, з цымбаламі, каб славіць Бога па загадзе Давіда, цара Ізраэльскага.
11 І заспявалі гімны і падзякі Госпаду: «Бо добры Ён, бо вечная міласэрнасць Яго для Ізраэля». Таксама ўвесь народ голасна ўсклікаў, славячы Госпада дзеля закладкі падмуркаў святыні Госпадавай.
12 Таксама многія старыя паміж святароў, і левітаў, і кіраўнікоў родаў, якія сваімі вачамі бачылі першую святыню на гэтым месцы, моцна плакалі; і многія галосна ўсклікалі з радасцю.
13 І не мог ніхто адрозніць крык тых, хто радаваўся, ад ляманту народа, бо народ падняў вялікі крык, і шум яго быў чутны далёка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эздры, 3 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.