1 А ворагі Юды і Бэньяміна пачулі, што сыны няволі будуюць святыню Госпаду, Богу Ізраэля;
2 і, прыйшоўшы да Зарабабэля і да кіраўнікаў родаў, сказалі ім: «Мы будзем будаваць разам з вамі, бо, як і вы, мы звяртаемся да Бога вашага і складаем Яму ахвяры ад дзён Асархадона, цара асірыйцаў, які прывёў нас сюды».
3 І Зарабабэль, і Ешуа, і іншыя кіраўнікі родаў Ізраэля сказалі ім: «Не належыць нам з вамі будаваць дом Богу нашаму, але мы самі пабудуем самастойна дом Госпаду, Богу Ізраэля, як загадаў нам Кір, цар персаў».
4 Такім чынам, сталася, што пачаў народ зямлі той аблытваць рукі народа юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве.
5 І падкупілі супраць іх дарадчыкаў [цара], каб перашкодзіць намеру іх, ва ўсе дні Кіра, цара персаў, і аж да валадарання Дарыя, цара персаў.
6 А ў цараванне Асуэра, у пачатку яго царавання, напісалі яны абвінавачанне на жыхароў Юдэі і Ерузаліма.
7 І ў дні Артаксэркса напісалі Бэсэлам, Мітрыдат і Табэль ды іншыя, што былі ў нарадзе іх, Артаксэрксу, цару персаў; ліст жа абвінавачвання быў напісаны літарамі сірыйскімі і складзены на сірыйскай мове.
8 Кіраўнік Рэгум і пісар Самсай напісалі цару Артаксэрксу адзін ліст супраць Ерузаліма такога зместу:
9 «Рэгум, кіраўнік, і Самсай, пісар, ды іншыя іх таварышы: суддзі і кіраўнікі, урадоўцы персідскія, эрэкэйцы, бабілонцы, сузанэхэйцы, гэта значыць эламіты,
10 ды з іншых народаў людзі, якіх вялікі і слаўны Асэнапар перасяліў і пасяліў у супакоі ў гарадах Самарыі і ў другіх гарадах за ракою».
11 Вось копія ліста, які паслалі яны да яго: «Цару Артаксэрксу — паслугачы твае, людзі, што жывуць за ракою. Такім чынам,
12 хай ведае цар, што юдэі, якія прыйшлі ад цябе да нас, прыбылі ў Ерузалім, бунтарны і найгоршы горад, які адбудоўваюць, папраўляючы муры яго і ўжо заклалі падмуркі.
13 Цяпер хай цар ведае, што калі той горад будзе адбудаваны і муры яго адноўлены, то яны не дадуць ані падатку, ані даніны, ані харчоў, і гэта ўрэшце прынясе цару шкоду.
14 А як мы, памятаючы пра соль, якую мы елі ў царскім палацы, лічым, што не выпадае нам бачыць знявагу для цара, таму дасылаем цару паведамленне,
15 каб пашукаў ты ў хроніках бацькоў тваіх, і знайшоў у гэтых хроніках, і даведаўся, што гэты горад бунтарны і шкоду прынёс царам і правінцыям, і што падымаюцца ў ім бунты з даўніх часоў; дзеля таго і зруйнаваны быў гэты горад.
16 Таму паведамляем мы цару, што калі гэты горад будзе адбудаваны і муры яго адноўлены, то ты не будзеш мець уладання за ракою».
17 Цар даслаў адказ: «Кіраўніку Рэгуму, і пісару Самсаю, і іншым, што ўваходзілі ў нараду тых, хто жыў у Самарыі і на зямлі за ракою: “Супакой вам!
18 Вось жа, ліст, які прыслалі вы нам, выразна быў прачытаны перада мною.
19 І мною быў выдадзены загад, і шукалі, і знайшлі, што гэты горад ад даўніх часоў паўставаў супраць цароў і што падымаліся ў ім бунты і паўстанні;
20 і цары ў Ерузаліме былі наймагутнейшыя, і яны валадарылі над усёй краінай, што за ракою, і яны бралі падатак, і даніну, і таксама харчы.
21 Ды цяпер загадайце, каб гэтыя людзі спыніліся і каб горад гэты не будаваўся, калі толькі такі загад не будзе дадзены мною.
22 Глядзіце, не занядбайце гэта выканаць, і каб не ўзрасло зло супраць цароў”».
23 Такім чынам, копія загаду цара Артаксэркса была прачытана перад кіраўніком Рэгумам і пісарам Самсаем і іх дарадчыкамі; ды яны спешна выправіліся ў Ерузалім да юдэяў і пад пагрозай сілы забаранілі далейшую працу іх.
24 Тады спынілася праца пры доме Госпада ў Ерузаліме і не праводзілася аж да другога года царавання Дарыя, цара персаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эздры, 4 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.