Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Даніэля 5 Даніэля 5 раздзел

1 Цар Балтасар зрабіў для тысячы сваіх магнатаў вялікі баль і ў прысутнасці тысячы іх піў віно.
2 Дык калі ўжо Балтасар быў п’яны, загадаў прынесці срэбраныя і залатыя пасудзіны, якія бацька яго, Набукаданосар, нарабаваў са святыні ў Ерузаліме, каб маглі з іх піць цар, і магнаты, і жонкі яго, і наложніцы.
3 Дык прынеслі залатыя і срэбраныя пасудзіны, забраныя са святыні ў Ерузаліме; і пілі з іх цар, і яго магнаты, і яго жонкі ды наложніцы:
4 пілі яны і хвалілі багоў сваіх залатых і срэбраных, медных, жалезных, і драўляных, і каменных.
5 У той жа час з’явіліся пальцы рукі чалавечай і напісалі за падсвечнікам на паверхні сцяны царскага палаца; цар жа бачыў пальцы рукі, што пісала.
6 І зараз жа твар цара змяніўся, і думкі яго ўстрывожылі яго, сцёгнавыя суставы яго саслабелі, і калені яго пачалі трэсціся.
7 Дык крыкнуў цар уголас, каб прывялі варажбітоў, халдэяў і астролагаў, і сказаў: «Кожны, хто прачытае пісанне гэтае і выясніць мне яго сэнс, будзе апрануты ў пурпур, і будзе насіць залаты ланцуг на шыі ды будзе валадарыць як трэці ў маім царстве».
8 Тады ўзяліся ўсе мудрацы царскія, і не змаглі ані прачытаць пісання, ані выясніць сэнс цару,
9 дык Балтасар моцна ўстрывожыўся, і твар яго змяніўся ў яго, ды і магнатаў яго ахоплівала трывога.
10 З прычыны ж прызыву цара і яго магнатаў у дом балю прыйшла царыца; і прамовіла царыца гэтыя словы: «Цару, вечна жыві! Не палохайся думак сваіх ды хай твар твой не змяняецца.
11 У тваім царстве ёсць чалавек, які мае ў сабе духа святых багоў; у часы бацькі твайго знойдзены ў ім веды, і розум, і мудрасць, падобная да мудрасці багоў; бо і бацька твой, Набукаданосар, паставіў яго кіраўніком варажбітоў, чараўнікоў, халдэйцаў і гаруспікаў;
12 бацька твой, о цару, бо былі знойдзены ў ім дух вялікі, і разважлівасць, і розум, і выясненне сноў, і выяўленне таямніц, і вырашэнне складаных спраў, — значыць, у Даніэлю, якому цар даў імя Балтасар. Дык вось цяпер хай пазавуць Даніэля, і хай ён выясніць сэнс».
13 Дык прывялі Даніэля да цара; звярнуўшыся да яго, цар сказаў: «Ці гэта ты, Даніэль, адзін з сыноў палону з Юды, якога прывёў цар, мой бацька?
14 Пачуў я пра цябе, што маеш божага духа і што знойдзены ў цябе веды, і розум, і мудрасць надзвычайная.
15 І зараз прыйшлі да мяне мудрацы і варажбіты, каб прачытаць пісанне гэтае і выясніць мне яго сэнс, і не змаглі выясніць сэнс гэтага слова.
16 А пачуў я пра цябе, што ўмееш даваць выясненні невядомага і разгадваць складанасці; дык калі патрапіш прачытаць пісанне і вызначыць мне яго сэнс, будзеш апрануты ў пурпур і будзеш насіць залаты ланцуг на шыі сваёй, ды будзеш валадарыць, як трэці, ў царстве маім».
17 Тады адазваўся Даніэль і сказаў у прысутнасці цара: «Дары свае захавай сабе, і падарункі свае дай іншаму; пісанне ж прачытаю табе, цару, і выясненне яго выяўлю табе.
18 О цару, найвышэйшы Бог даў твайму бацьку Набукаданосару валадарства, і веліч, і хвалу, і пашану.
19 І з прычыны велічы, дадзенай яму, усе народы, і пакаленні, і мовы баяліся яго і дрыжэлі перад ім; забіваў ён, каго хацеў, і караў, каго хацеў; і каго хацеў — узвышаў, а каго хацеў — упакорваў.
20 А калі яго сэрца ўбілася ў пыху, і дух яго ўзброіўся ганарыстасцю, ён скінуты быў з царскага пасада свайго і была адабрана ў яго слава яго;
21 і быў выгнаны ён з паміж людзей, але і яго сэрца памешчана было сярод звяроў, і пражываў ён з дзікімі асламі, таксама еў ён траву, як валы, і цела яго наталялася расой з неба, аж пакуль не пазнаў, што Узвышні Бог валадарыць над царствам людзей і што Ён, каго хоча, ставіць над імі.
22 Таксама ты, яго сын, Балтасар, не ўпакорыў свайго сэрца, нягледзячы на тое, што ты ведаў пра гэта ўсё,
23 але падняўся ты супраць Госпада Неба, і прынесены былі да цябе пасудзіны Яго дома, і ты, і твае магнаты, і твае жонкі ды твае наложніцы пілі з іх віно; усхваліў ты таксама багоў срэбраных і залатых, і медных, жалезных, і драўляных, і каменных, якія ані бачаць, ані чуюць, ані разумеюць; Бога ж, Які валодае ў руцэ Сваёй тваім дыханнем і ўсімі дарогамі тваімі, — не ўшанаваў.
24 Таму паслаў Ён пальцы гэтай рукі, і таму напісана было гэтае пісанне.
25 А вось такое пісанне, што было запісана: манэ, манэ, тэцэль, парэс.
26 І гэтакі сэнс слова: манэ — Бог палічыў тваё цараванне і вызначыў яму канец;
27 тэцэль — паважылі цябе на шалях, і аказаўся ты вельмі лёгкі;
28 парэс — тваё царства падпала дзяленню і аддадзена яно мідзянам і персам».
29 Тады па загадзе Балтасара апранулі Даніэля ў пурпур, і павесілі на шыю яго залаты ланцуг, і абвясцілі аб ім, што мае ён валадарыць у царстве яго як трэці.
30 Той самай ноччу цар халдэйскі Балтасар быў забіты.
31 І Дарый мідзянін, маючы шэсцьдзесят два гады, атрымаў царства.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Даніэля, 5 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.