Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Даніэля 13 Даніэля 13 раздзел

1 * У Бабілоне пражываў адзін чалавек на імя Ёакім;
2 і ён узяў жонку на імя Зузана, дачку Гэльцыі, вельмі прыгожую і богабаязную:
3 бацькі бо яе былі справядлівыя і выхавалі дачку сваю згодна з законам Майсея.
4 Ёакім жа быў вельмі багаты і меў зямлю блізка ад свайго дома; і прыходзіла да яго многа юдэяў, бо яго паважалі больш за ўсіх.
5 І ў тым годзе выбралі двух старых паміж людзей на суддзяў, аб якіх сказаў Госпад: «Выйшла злачыннасць з Бабілона з пасярод суддзяў-старцаў, якія лічыліся за правадыроў народа».
6 Яны ж наведвалі дом Ёакіма, і да іх прыходзілі ўсе, якія мелі справы судовыя.
7 Калі ж каля поўдня людзі разыходзіліся, прыходзіла Зузана і праходжвалася па зямлі свайго мужа.
8 І абодва старыя бачылі яе штодзень, калі яна прыходзіла і гуляла, і ахапіла іх пажадлівасць,
9 і страцілі свой розум, і адвярнулі свае вочы, каб не глядзець больш у неба і не звяртаць увагу на справядлівыя суды.
10 Такім чынам, абодва былі ахоплены страсцю да яе і хавалі ўзаемна перад сабою сваё мучэнне;
11 саромеліся бо прызнацца ў сваёй пажадлівасці, жадаючы легчы з ёю,
12 ды так стараліся штодзень яе пабачыць. І сказаў адзін аднаму:
13 «Вяртаемся дамоў, бо ўжо пара палуднаваць». Ды разышліся кожны ў свой бок.
14 І паколькі абодва звярнулі з дарогі, то сустрэліся на гэтым самым месцы, і, пытаючыся ўзаемна пра прычыну, прызналіся ў сваёй пажадлівасці; і тады дагаварыліся супольна аб часе, калі змогуць спаткаць яе адну.
15 Сталася ж, калі чакалі зручнага дня, аднойчы выйшла Зузана, як і ў папярэднія дні, толькі з дзвюма служанкамі, жадаючы пакупацца ў садзе; было бо вельмі спякотна.
16 І не было там нікога, за выключэннем двух старых, якія, схаваўшыся, за ёй наглядалі.
17 І сказала яна служанкам: «Прынясіце мне аліўкавага алею і духмянасцей, і дзверы саду замкніце, каб магла я пакупацца».
18 І зрабілі, як яна загадала, і, замкнуўшы дзверы саду, выйшлі бакавымі дзвярамі, каб прынесці тое, што ім было загадана: і не ведалі, што старыя схаваліся ўнутры.
19 Калі ж служанкі выйшлі, абодва старыя падняліся і пабеглі да яе, кажучы:
20 «Бачыш, дзверы саду замкнёны, і ніхто нас не бачыць, і мы жадаем цябе; дык згадзіся з намі.
21 Бо калі адмовішся, засведчым супраць цябе, што быў з табою юнак і дзеля гэтага адаслала ты служанак ад сябе».
22 Уздыхнула Зузана і сказала: «Трапіла я ў цяжкую сітуацыю з усіх бакоў: бо калі гэта зраблю — пагражае мне смерць; калі ж не зраблю — не ўцяку ад вашых рук;
23 але лепш мне нявіннай трапіць у вашы рукі, чым грашыць перад абліччам Госпада».
24 Ды закрычала Зузана моцным голасам; крыкнулі ж таксама абодва старыя супраць яе,
25 і адзін з іх пабег адчыніць дзверы саду.
26 Дык калі дамашнія паслугачы пачулі крык у садзе, пабеглі праз бакавыя дзверы, каб паглядзець, што з ёй сталася.
27 Калі ж старыя расказалі сваё, паслугачы вельмі збянтэжыліся, ніколі бо такіх слоў не чулі пра яе.
28 І на наступны дзень, калі сабраўся народ у мужа яе Ёакіма, прыбылі і два старыя, поўныя ліхіх намераў адносна Зузаны, каб яе асудзіць на смерць;
29 ды сказалі людзям: «Пашліце па Зузану, дачку Хэльцыі, жонку Ёакіма»; і паклікалі яе.
30 Ды прыйшла са сваімі бацькамі, і дзецьмі, ды ўсімі сваімі сваякамі.
31 Зузана ж была вельмі далікатная і прыгожая абліччам.
32 І крывадушнікі загадалі ёй, каб яна агалілася, — бо была яна апранутая, — каб палюбавацца яе прыгажосцю.
33 Такім чынам, усе яе блізкія, а таксама ўсе, што яе бачылі, — плакалі.
34 А два старыя, падняўшыся з натоўпу, усклалі рукі на яе галаву;
35 яна, плачучы, паглядзела ў неба: бо сэрца яе было поўнае надзеі ў Госпадзе.
36 І старыя сказалі: «Калі прагульваліся мы адны ў садзе, яна ўвайшла з дзвюма служанкамі, і замкнула дзверы саду, і адправіла служанак;
37 і прыйшоў да яе юнак, які схаваўся, і лёг з ёю.
38 Затым мы, знаходзячыся ў канцы саду і бачачы злачынства, падбеглі да іх.
39 І ўбачылі мы іх разам. І яго не змаглі мы схапіць, бо быў дужэйшы за нас і, адчыніўшы дзверы, уцёк.
40 Калі ж мы яе схапілі, спыталі, кім быў той юнак, і не захацела нам назваць. Мы сведкі гэтае справы».
41 Паверыў ім натоўп як старцам і суддзям народа, і асудзілі яе на смерць.
42 Закрычала ж Зузана моцным голасам і сказала: «Спрадвечны Божа, Ты пазнаеш тое, што скрытае, Ты ведаеш усё, перш чым станецца,
43 Ты ведаеш, што вынеслі фальшывае сведчанне супраць мяне; і вось, я паміраю, хоць не зрабіла нічога з таго, у чым яны крывадушна мяне вінавацяць».
44 Госпад жа выслухаў яе просьбу.
45 І калі вялі яе на смерць, узбудзіў Бог Святы Дух у юнаку на імя Даніэль;
46 і крыкнуў ён моцным голасам: «Чысты я ад яе крыві!»
47 І ўвесь народ звярнуўся да яго, пытаючыся: «Што значаць гэтыя словы, якія ты сказаў?»
48 Ён, стаўшы сярод іх, сказаў: «Ці ж вы такія неразумныя, сыны Ізраэля?! Не разабраўшыся ці праўды не пазнаўшы, асуджаеце дачку Ізраэля!
49 Вярніцеся на суд, бо яны сказалі фальшывае сведчанне супраць яе».
50 Такім чынам, увесь народ хутка вярнуўся; ды сказалі старыя яму: «Хадзі і сядай паміж нас, і дакажы нам, бо Бог даў табе гонар старшынства!»
51 І Даніэль сказаў людзям: «Аддзяліце іх далёка адзін ад аднаго, і я рассуджу іх».
52 Такім чынам, калі былі яны ўжо аддзелены адзін ад аднаго, паклікаў ён аднаго з іх і сказаў яму: «Састарэўся ты ў пераваротнасці, цяпер выходзяць наверх грахі твае, якіх дапускаўся раней,
53 выдаючы несправядлівыя прысуды, асуджаючы бязвінных і вызваляючы вінаватых, хоць Госпад сказаў: “Нявіннага і справядлівага не забівай”.
54 Дык цяпер, калі ты яе ўбачыў, скажы, пад якім дрэвам ты бачыў іх, калі яны размаўлялі між сабою?» Ён адказаў: «Пад масцікавым дрэвам».
55 А Даніэль сказаў: «Правільна салгаў на галаву сваю; вось бо анёл Божы, атрымаўшы прысуд ад Бога, раздзярэ цябе напалам!»
56 І, адаслаўшы яго, загадаў прывесці другога і сказаў яму: «Семя хананейскае, а не Юды, прыгажосць звяла цябе і пажадлівасць перавярнула сэрца тваё.
57 Так рабілі вы з дочкамі ізраэльскімі, і яны, баючыся, займаліся з вамі, але не, дачка Юды стрымала вашу разбэшчанасць.
58 Дык цяпер скажы мне, пад якім дрэвам заўважыў ты іх, калі яны размаўлялі між сабой?» Ён адказаў: «Пад дубам».
59 А Даніэль сказаў яму: «Правільна салгаў і ты на галаву сваю; чакае бо цябе анёл Божы, трымаючы меч, каб рассячы цябе папалам і вас загубіць».
60 Такім чынам, увесь сход загаманіў моцна і дабраславіў Бога, Які збаўляе тых, хто ўскладае надзею на Яго.
61 Ды накінуліся на двух старых — бо даказаў ім Даніэль вуснамі іх, што сказалі яны фальшывае сведчанне, — і зрабілі з імі, як яны зло рабілі блізкім.
62 Так што зрабілі яны паводле закону Майсеевага; і забілі іх, і ў дзень той зберажона была непавінная кроў.
63 Хэльцыя ж і яго жонка хвалілі Бога за дачку сваю Зузану разам з мужам яе Ёакімам ды ўсімі сваякамі, бо нічога не даказалі ў ёй ганебнага.
64 Даніэль жа з таго дня і ў будучым праславіўся ў сваім народзе.

Зноскі:

1 * Далейшыя, аж да канца Кнігі, вершы дапоўнены адпаведна з каталіцкай і праваслаўнай традыцыяй.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Даніэля, 13 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.