Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Данііла 5 Данііла 5 раздзел

1 Бэльшацар валадар справіў банкет вялікі для магнатаў сваіх і перад вачыма тысячы піў віно.
2 Бэльшацар сказаў, калі пакаштаваў віна, каб прынесьлі начыньне залатое і срэбнае, якое вынес Навухаданосар, бацька ягоны, са сьвятыні, што ў Ерусаліме, каб пілі з іх валадар, магнаты ягоныя, жонкі ягоныя і наложніцы ягоныя.
3 Тады прынесьлі начыньні залатыя, якія былі ўзятыя са сьвятыні, з Дома Божага, што ў Ерусаліме, і пілі з іх валадар, магнаты ягоныя, жонкі ягоныя і наложніцы ягоныя.
4 Пілі віно і хвалілі багоў залатых і срэбных, мядзяных, жалезных, драўляных і каменных.
5 У той момант зьявіліся пальцы рукі чалавечай і пісалі насупраць сьвечніка на тынку сьцяны палацу валадара, і валадар бачыў пясьць рукі, якая пісала.
6 Тады ў валадара зьмяніўся выгляд, і думкі ягоныя ўстрывожылі яго, вязі сьцёгнаў ягоных саслабелі, і калені ягоныя біліся адно аб адно.
7 Крыкнуў валадар моцна, каб прывялі астролягаў, Халдэяў і варажбітоў. Адказаў валадар і сказаў мудрацам Бабілонскім: «Кожны чалавек, які прачытае гэты надпіс і патлумачыць мне значэньне ягонае, будзе апрануты ў пурпур, і залаты ланцуг [будзе] на шыі ягонай, і трэцім у валадарстве ён будзе панаваць».
8 Тады прыйшлі ўсе мудрацы валадара, але не маглі прачытаць надпісу і паведаміць валадару значэньне ягонае.
9 Тады валадар Бэльшацар вельмі ўстрывожыўся, і выгляд ягоны зьмяніўся, і магнаты ягоныя былі зьбянтэжаныя.
10 З прычыны словаў валадара і магнатаў ягоных валадарка ўвайшла ў дом банкетаваньня. Адказала валадарка і сказала: «Валадару, жыві на вякі! Няхай не трывожаць цябе думкі твае, і выгляд твой няхай не зьмяняецца!
11 Ёсьць муж у валадарстве тваім, у якім Дух Сьвятога Бога. І ў дні бацькі твайго знойдзены былі ў ім сьвятло і розум, і мудрасьць, як мудрасьць Божая, і валадар Навухаданосар, бацька твой, валадару, прызначыў яго начальнікам чараўнікоў, астролягаў, Халдэяў і вяшчуноў.
12 Бо надзвычайны дух і веданьне, і разуменьне, каб тлумачыць сны, вырашаць загадкі і разьвязваць вузлы былі знойдзены ў ім, у Даніілу, якога валадар назваў імем Бэльтэшацар. Цяпер няхай паклічуць Данііла, і ён патлумачыць значэньне [напісанага]».
13 Тады Данііл быў прыведзены да валадара. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Ці ты той Данііл з сыноў выгнаньня Юдэйскага, якога валадар, бацька мой, прывёў з Юдэі?
14 І я чуў пра цябе, што Дух Божы ў табе, і сьвятло, і розум, і мудрасьць незвычайная знойдзены ў табе.
15 І цяпер былі прыведзены да мяне мудрацы і астролягі, каб прачыталі гэты надпіс і паведамілі мне значэньне ягонае, але яны не змаглі значэньне слова гэтага патлумачыць мне.
16 І я чуў пра цябе, што ты можаш тлумачыць значэньне [сноў] і разьвязваць вузлы. Цяпер, калі можаш прачытаць гэты надпіс і паведаміць мне значэньне ягонае, ты будзеш апрануты ў пурпур, і ланцуг залаты [будзе] на шыі тваёй, і трэцім у валадарстве будзеш панаваць».
17 Адказаў Данііл і сказаў валадару: «Няхай дары твае будуць табе, а падарункі твае дай іншаму! Але надпіс я прачытаю для валадара і паведамлю табе значэньне ягонае.
18 Ты — валадар. Бог Найвышэйшы даў Навухаданосару, бацьку твайму, валадарства і веліч, і славу, і маестат.
19 Дзякуючы велічы, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і мовы трымцелі і жахаліся перад ім. Каго хацеў, таго забіваў, і каго хацеў, таго пакідаў жывым; і каго хацеў, таго вывышаў, і каго хацеў, таго паніжаў.
20 Але калі сэрца ягонае ўзвысілася і дух ягоны вырас у пыхлівасьці, ён быў скінуты з пасаду валадарства свайго, і слава ягоная была забраная ад яго,
21 і ад сыноў чалавечых быў ён выгнаны, і сэрца ягонае стала падобным да зьвярынага, і з дзікімі асламі [было] жытло ягонае, кармілі яго травой, як валоў, і раса нябесная мачыла цела ягонае, пакуль ён не даведаўся, што Бог Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і ставіць над ім, каго хоча.
22 А ты, сын ягоны, Бэльшацар, не скарыў сэрца твайго, хоць ты ведаў усё гэта.
23 І ты падняўся супраць Госпада Нябеснага, і начыньні Дому Ягонага прынесьлі да цябе, і ты, і магнаты твае, і жонкі твае, і наложніцы твае пілі віно з іх, і ты ўслаўляў багоў срэбных і залатых, мядзяных, жалезных, драўляных і каменных, якія ня бачаць і ня чуюць, і ня ведаюць, а Бога, у руцэ Якога дыханьне тваё і ў Якога ўсе шляхі твае, ты не праславіў.
24 Дзеля гэтага была пасланая ад Яго пясьць рукі, і гэты надпіс быў напісаны.
25 І гэты надпіс, які напісаны: “Мэнэ, Мэнэ, Тэкел, Упарсін”.
26 Вось значэньне словаў: “Мэнэ” — палічыў Бог валадарства тваё і [прызначыў] канец яму.
27 “Тэкел” — ты ўзважаны на шалях і знойдзены недастатковым;
28 “Пэрэс” — падзелена валадарства тваё і дадзена Мідзянам і Пэрсам».
29 Тады сказаў Бэльшацар, і апранулі Данііла ў пурпур, і ланцуг залаты [ўсклалі] на шыю ягоную, і абвясьцілі пра яго, што ён будзе панаваць як трэці ў валадарстве.
30 У тую ноч быў забіты Бэльшацар, валадар Халдэйскі.
31 І Дарый Мідзянін атрымаў валадарства, маючы шэсцьдзясят два гады.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Данііла, 5 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.