1 Праўду кажу ў Хрысьце́, не маню, сьве́дчыць мне́ сумле́ньне мае́ ў Духу Сьвятым,
2 што вялікі для мяне́ сум і мука няўстанная сэрцу майму:
3 бо я хаце́ў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне́ це́лам,
4 якія ёсьць Ізраільцяне, каторых ёсьць усынаўле́ньне, і слава, і запаведзі, і да́ньне законаў, і служэньне, і прырачэньні,
5 каторых і айцы, ды з іх Хрыстос це́лам, Каторы ёсьць над усімі Бог, багаслаўлены наве́кі, амін.
6 Але ня тое, каб слова Божае ня выпаўнілася. Бо ня ўсе́ тыя Ізраільцяне, што́ ад Ізраіля,
7 і ня ўсе́ дзе́ці затым, што яны ад насе́ньня Аўраамавага, але (сказана): у Ізааку назаве́цца насе́ньне табе́ (Быцьцё 21:12).
8 Гэта значыць: не цяле́сныя дзе́ці ёсьць дзе́ці Божыя, але дзе́ці прырачэньня прызнаюцца за насе́ньне.
9 А слова прырачэньня гэткае: у той жа час прыду, і ў Сары будзе сын (Быцьцё 18:10).
10 І не адно гэтае, але й Равэка, што зачала за адзін раз ад Ізаака, айца нашага;
11 бо, калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага ці благога (каб пастанова Божая ў выбраньні аставалася не з учынкаў, але ад Таго, Хто кліча),
12 сказана было ёй: большы будзе ў няволі ў ме́ншага (Быцьцё 25:23),
13 як і напісана: Якуба Я палюбіў, а Ізава зьне́навідзеў (Малахія 1:2−3).
14 Што-ж скажам? Няўжо-ж няпраўда ў Бога? Няхай ня станецца!
15 Бо Ён кажа Майсе́ю: памілую, каго мілую, і зьлітуюся, над кім літуюся (Выхад 33:19).
16 Дык не ад таго, хто жадае, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, Які мілуе.
17 Бо Пісаньне кажа Фараону: дзеля таго самага Я й паставіў цябе́, каб паказаць у табе́ сілу Маю, і каб імя Мае́ было абвяшча́на па ўсе́й зямлі (Выхад 9:16).
18 Дык над кім хоча, зьмілуецца, а каго хоча, жорсткім робіць.
19 Ты скажаш мне́: За што-ж яшчэ вінаваціць? бо хто стане насупраць волі Ягонае?
20 А ты хто, чалаве́ча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зробленае зрабіўшаму: на што ты мяне́ гэтак зрабіў?
21 Ці ня ўладны ганчар пад глінаю, каб з таго-ж ме́сіва зрабіць адно начыньне дзеля пашаннасьці, а другое дзеля не́пашаннасьці?
22 Што-ж, калі Бог, хочучы паказаць гне́ў і выявіць магутнасьць Сваю, з вялікай доўгацярплівасьцяй ашчаджаў начыньні гне́ву, гатовыя на загубу,
23 каб разам зьявіць багацьце славы Свае́й над начыньнямі міласэрдзя, якія Ён прыпас на славу,
24 дый над намі, якіх паклікаў ня толькі з Юдэяў, але й із паганаў?
25 Як і ў Осіі кажа: Ня мой народ назаву Маім народам, і нялюбую — умілаванай (Осія 2:23);
26 і станецца, што на ме́сцы, гдзе́ сказана Ім: вы ня мой народ, — там сынамі Бога Жывога названы будуць (Осія 1:10).
27 А Ісая кліча аб Ізраілю: Хаця-б лічба сыноў Ізраілявых была, як пясок у моры, (толькі) астача спасе́цца:
28 бо, канчаючы слова і прысьпяшаючы справядлівасьць, хутка зьдзе́йсьніць Госпад слова на зямлі (Ісая 10:22−23).
29 І, як прапрарочыў Ісая: калі-б Госпад Саваоф не пакінуў нам насе́ньня, то мы былі-б, як Садом, і падобнымі сталіся-б да Гамо́ры (Ісая 1:9).
30 Што-ж скажам? Пагане, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад ве́ры.
31 А Ізраіль, шукаючы закону праведнасьці, не дасягнуў закону праведнасьці.
32 Чаму? бо ня з ве́ры, а з дзе́л закону; бо спаткнуліся аб камень спаткне́ньня,
33 як напісана: вось кладу ў Сыоне камень спаткненьня і камень спакусы; але кожны, хто ве́руе ў Яго, ня будзе асаромлены (Ісая 28:16; 8:14).
Пасланьне Паўлы да Рымлянаў, 9 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.