1 Пётра, Апостал Ісуса Хрыста, выбраным захаджэнцам, расьцярушаным у Поньце, Галятыі, Каппадокіі, Азіі й Вітыніі,
2 згодна з прадведаньнем Бога Айца, праз асьвячэньне ад Духа, дзеля паслухмянасьці й акрапленьня крывёю Ісуса Хрыста: няхай памножыцца вам ласка і мір!
3 Багаслаўлены Бог і Ацец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які праз вялікую ласку Сваю адрадзіў нас ускрасеньнем Ісуса Хрыста з мёртвых дзеля жывое надзеі,
4 дзеля спадчыны нятленнае, бяз сказы, што не завяне й захавана на нябёсах для вас,
5 сілаю Божаю праз веру аховываных дзеля выбаўленьня, што гатова адкрыцца ў астатні час!
6 З гэтага цешцеся, крыху цяпер (калі трэба) ад розных спакусаў патужыўшы,
7 каб выпрабаваная вера вашая, шмат каштаўнейшая за гібнучае, хоць і агнём прабаванае золата, аказалася на хвалу і чэсьць і славу ў адкрыцьці Ісуса Хрыста,
8 Якога, ня бачыўшы, любіце і, хоць ня гледзячы на яго, але веручы ў Яго, радуецеся радасьцю нявымоўнаю і найслаўнейшаю,
9 дасягаючы нарэшце вераю вашаю збаўленьня душ.
10 Гэтага то збаўленьня шукалі й дапытываліся прарокі, якія прадвяшчалі вызначаную вам ласку,
11 даходзячы, на калі і ў які час паказваў у іх Дух Хрыстовы, прадвяшчаючы мукі Хрыстовыя і славу за імі.
12 Ім было адкрыта, што ня ім, а нам служыла абвешчанае вам сягоньня тымі, якія нясьлі вам добрую весьць праз Духа Сьвятога, пасланага з нябёсаў, у што навет Ангелы жадаюць пранікнуць.
13 Дзеля гэтага, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага, чувайце й да канца спадзявайцеся на ласку, што прыносіцца вам у адкрыцьці Ісуса Хрыста.
14 Як послухмяныя дзеці, ня кіруйцеся ранейшымі вашымі пажаданьнямі ў няведаньні вашым;
15 але, па прыкладу паклікаўшага вас сьвятога, і самі будзьце сьвятымі ў-ва ўсіх учынках.
16 Бо напісана: будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты. (Лявіт 19:2)
17 І калі называеце Айцом Таго, Хто судзіць кожнага паводле дзела яго, ня ўзіраючыся на аблічча ягонае, дык са страхам праводзьце час бытаваньня вашага,
18 ведаючы, што не трухлеючым серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцьця, данага вам ад айцоў,
19 але многацэннаю крывёю Хрыста, як чыстага агняці бяз сказы,
20 празначанага яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўшагася ў апошнія часы дзеля вас,
21 паверыўшых праз Яго ў Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб была вера ваша й надзея на Бога.
22 Паслухмянасьцяй праўдзе праз Духа ачысьціўшы душы вашыя дзеля некрывадушнае любві братняе, заўсёды любеце адзін аднаго ад чыстага сэрца,
23 як адроджаныя ня з тлеючага насеньня, але з нятленнага, праз слова Бога Жывога і прабываючага давеку.
24 Бо ўсякае цела, як трава, і ўсякая слава чалавечая, як цьвет на траве: засохла трава, і цьвет яе апаў;
25 але слова Госпадавае трывае давеку. А гэта й ёсьць тое слова, якое вам абвешчана. (Ісая 40:6−8)
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Першае Пасланьне Пётры, 1 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991