1 Адкрыцьце Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў рабам Сваім, што мусіць стацца ў хуткім часе, і даў знак, паслаўшы праз Ангела Свайго рабу Свайму Іоану,
2 які пасьведчыў слова Божае і сьведчаньне Ісуса Хрыста, ды тое, што сам бачыў.
3 Шчасьлівы, хто чытае і хто слухае словы прароцтва ды захоўвае напісанае ў ім: бо час блізкі.
4 Іоан да сямёх цэркваў, што ў Азіі: ласка на вас і мір ад Таго, што есьць і што быў і што прыдзе, ды ад сямёх духаў, што перад пасадам Ягоным,
5 і ад Ісуса Хрыста, сьведкі верыгоднага, першака із мёртвых і павадыра цароў зямных; Яму, палюбіўшаму нас ды ў крыві Сваёй абмыўшага нас ад грахоў нашых,
6 (ды зрабіў нас царамі й сьвяшчэньнікамі Богу і Айцу Свайму), хвала і дзяржава на вечныя вякі. Амін.
7 Вось, ідзе з хмарамі, і ўгледзіць Яго кожнае вока і тыя, што пракалолі Яго; і загалосяць перад Ім усе роды зямлі. Але, амін.
8 Я ёсьць Альфа і Омэга, пачатак і канец, кажа Госпад, Які ёсьць і быў і прыдзе, Уседзяржыцель.
9 Я Іоан, і брат ваш і таварыш у горы і ў царстве і ў цярпеньні Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Патмос, дзеля слова Божага і сьведчаньня Ісуса Хрыста.
10 Я быў у духу ў дзень Гасподні і пачуў ззаду за мной вялікі голас, як-бы трубы, мовячы:
11 Я ёсьць Альфа і Омэга, Першы й Апошні; і: што бачыш, напішы ў кнігу ды пашлі цэрквам, што ў Азіі: у Эфэс і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыатыру, і ў Сарды, і ў Філядэльфію, і ў Ляодыкію.
12 І я павярнуўся, каб пабачыць голас, што гутарыў са мною, і, павярнуўшыся, угледзіў сем залатых сьветачаў
13 і сярод сямёх сьветачау — падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў доўгую шату і падперазанага праз грудзі залатым паясом;
14 а галава й валасы ў Яго белыя, як белая воўна, як сьнег; і вочы ў Яго, як полымя агністае;
15 і ногі ў Яго падобныя да медзі, быццам у печы распаленыя; і голас у Яго быццам гук водаў многіх;
16 і меў Ён у правай руцэ сваёй сем зорак; і із вуснаў Ягоных выходзіў меч двусечны востры; і аблічча ў Яго быццам сонца сьвеціць у сіле сваёй.
17 І, калі я ўгледзіў Яго, я паваліўся к нагам Ягоным, быццам мёртвы; і Ён паклаў на мяне Сваю правіцу, мовячы да мяне: Не палохайся: Я ёсьць Першы і Апошні ды Жывы;
18 і быў Я мёртвы і вось жыву на вечныя вякі; амін. І маю ключы пекла і сьмерці.
19 Напішы, што ўбачыў ды што ёсьць і што мае стацца пасьля гэтага:
20 тайна сямёх зорак, што бачыў ты ў правіцы Маёй, ды сем сьветачаў залатых: сем зорак — Ангелы сямёх цэркваў, а сем сьветачаў, што ты бачыў, ёсьць сем цэрквау.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Адкрыцьце Іоана Багаслова, 1 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991