1 Дык вось няма цяпер ніякага асуджэньня тым, што ў Хрысьце Ісусе не паводле цела, але паводле духа ходзяць,
2 бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе звольніў мяне ад закону грэху й сьмерці.
3 Як закон, аслаблены целам, быў бяссільны, дык Бог, паслаўшы Сына Свайго ў кшталце цела грахоўнага і дзеля грэху, асудзіў грэх у целе,
4 каб апраўданьне закону выпаўнілася ў нас, каторыя ня водле цела, але водле духа ходзім.
5 Бо тыя, што водле цела жывуць, аб цялесным думаюць; а тыя, што водле духа, — аб духоўным.
6 Бо думкі цялесныя ёсьць сьмерць, а думкі духоўныя — жыцьцё і мір,
7 бо цялесныя думкі ёсьць варожасьць да Бога: бо не пакараюцца закону Божаму дый ня могуць.
8 Тыя-ж, што жывуць водле цела, Богу дагадзіць ня могуць.
9 Але вы ня ў целе, а ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі-ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той і не Ягоны.
10 Калі-ж у вас Хрыстос, дык цела мёртва дзеля грэху, а дух жывы дзеля праведнасьці.
11 Калі-ж Дух Таго, Хто ўскрасіў із мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, Хто ўскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашы сьмяротныя целы Духам Сваім, што жыве ў вас.
12 Дык вось, браты, мы даўжнікі ня цела, каб жыць водле цела;
13 бо, калі жывецё водле цела, то памрэцё; а калі духам цялесныя ўчынкі забіваеце, жыць будзеце.
14 Бо ўсе, Духам Божым ведзеныя, ёсьць Сыны Божыя;
15 бо вы ня прынялі духа няволі ізноў на страх, але прынялі Духа ўсынаўленьня, у якім і клічам: Авва, Ойча!
16 Гэты самы Дух сьведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя,
17 а калі дзеці, дык і насьледнікі: насьледнікі Божыя, насьледнікі супольне з Хрыстом, калі і церпім з Ім мукі, дык каб з Ім і ўславіцца.
18 Бо думаю, што мукі цяперашняга часу недастойныя тае славы, што мае выявіцца ў нас.
19 Бо надзея стварэньня чакае адкрыцьця сыноў Божых,
20 бо стварэньне пакарылася марнасьці не самахоць, але па волі пакарыўшага, у надзеі,
21 што й само стварэньне вызвалена будзе з няволі тленьня на волю славы дзяцей Божых.
22 Бо ведаем, што ўсё стварэньне разам стогне й мучыцца дагэтуль,
23 дый ня толькі яно, але й мы самі, што маем зачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, ждучы ўсынаўленьня, выкупленьня цела нашага.
24 Бо мы вызвалены надзеяй. Надзея-ж бачаная ня ёсьць надзея; бо калі хто бачыць, дык чаго яму й спадзявацца?
25 Але, калі спадзяемся таго, чаго ня бачым, дык чакаем цярпліва.
26 Гэтак сама й Дух дапамагае ў слабасьцях нашых; бо мы ня ведаем, аб чым маліцца, як трэба, але Сам Дух стараецца за нас стагнаньнямі нявымоўнымі.
27 Хто-ж выведывае сэрцы, Той ведае, якая думка ў Духа, бо Ён стараецца за сьвятых па волі Божай.
28 Дый ведаем, што тым, хто любіць Бога, пакліканым па Яго пастанове, усё памагае на дабро;
29 бо, каго Ён наперад пазнаў, тым наперад і празначыў быць падобнымі да абраза Сына Свайго, каб Ён быў першаком між многімі братамі;
30 а каго наперад празначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і уславіў.
31 Дык што-ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас?
32 Той, які Сына Свайго пе пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як не даруе і нам з Ім усяго?
33 Хто будзе абвінавачваць выбраных Божых? Бог, які апраўдывае.
34 Хто асуджае? Хрыстос, які памёр, але-ж і ўваскрос. Ён і праваруч Бога, Ён і просіць за нас.
35 Хто адлучыць нас ад любві Божае? Гора, ці ўціск, ці перасьледаваньне, ці голад, ці нагата, ці небясьпека, ці меч? Водле напісанага:
36 За Цябе забіваюць нас кожны дзень; лічаць нас за авечкі, ахвяраваныя на зарэз. (Псальм 43:23)
37 Але ўсё гэтае перамагаем праз Палюбіўшага нас.
38 Бо я пэўны, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні ангелы, ні ўлады, ні сілы, ні цяперашняе, ні будучае,
39 ні вышыня, ні глыбіня, ні другое якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любві Божае, што ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Пасланьне Паўлы да Рымлянаў, 8 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991