Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Да Рымлянаў 8 Да Рымлянаў 8 раздзел

1 Такім чынам — няма сёньня ніякай асуды тым, хто ў Ісусе Хрысьце жыве не паводле плоці, а паводле духу,
2 бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закона грэху і сьмерці.
3 Як закон, аслаблены плоцьцю, быў бясьсільны, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падабенстве плоці грахоўнай у ахвяру за грэх, і асудзіў грэх у плоці,
4 каб апраўданьне закона спраўдзілася ў нас, хто не паводле плоці жыве, а паводле Духа.
5 Бо, хто жыве паводле плоці, пра плоцкае думае, а хто жыве паводле Духа — пра духоўнае.
6 Помыслы плоцкія — сьмерць, а помыслы Духа — жыцьцё і мір,
7 бо помыслы плоці — гэта варожасьць да Бога; бо закону Божаму не ўпакорваюцца, ды і ня могуць.
8 А таму тыя, што жывуць паводле плоці, Богу дагадзіць ня могуць.
9 Але вы не паводле плоці жывяце, а паводле Духа, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны.
10 А калі Хрыстос у вас, дык цела мёртвае для грэху, а дух жывы для праведнасьці.
11 Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрэсіў Хрыста зь мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.
12 Дык вось, браты, мы не даўжнікі плоці, каб жыць паводле плоці;
13 бо, калі жывяце паводле плоці, дык памраце, а калі Духам нішчыце ўчынкі плоцкія, жыць будзеце;
14 бо ўсе, каго водзіць Дух Божы, — сыны Божыя;
15 бо вы не прынялі Духа рабства, каб зноў жыць у страху, а прынялі Духа ўсынаўленьня, Якім заклікаем: Авва, Войча!
16 Гэты самы Дух сьведчыць духу нашаму, што мы — дзеці Божыя.
17 А калі дзеці, дык і спадкаемцы Божыя, супольныя спадкаемцы Хрыстовыя, калі толькі зь Ім пакутуем, каб зь Ім і праславіцца.
18 Бо думаю, што цяперашнія часовыя пакуты нічога ня вартыя ў параўнаньні з тою славаю, якая адкрыецца ў нас.
19 Бо стварэньне з надзеяй чакае сыноў Божых, —
20 таму што стварэньне скарылася марнасьці не па добрай волі, а па волі таго, хто ўпакорыў (яго), спадзяючыся,
21 што і само стварэньне вызвалена будзе з рабства тленьня ў свабоду славы дзяцей Божых.
22 Бо ведаем, што ўсе стварэньні енчаць і пакутуюць дагэтуль;
23 і ня толькі яны, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ў сабе енчым, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.
24 Бо мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі бачыць, ня ёсьць надзея; бо, калі хто бачыць, дык навошта ж яму і спадзявацца?
25 Але калі спадзяёмся на тое, чаго ня бачым, тады чакаем цярпліва.
26 Гэтак сама і Дух мацуе (нас) у нямогласьцях нашых; бо мы ня ведаем, за што маліцца, як трэба, а Сам Дух заступаецца за нас уздыханьнямі нявымоўнымі.
27 А Той, Хто выпрабоўвае сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён рупіцца за сьвятых, па волі Божай.
28 Пры гэтым ведаем, што тым, хто любіць Бога, хто пакліканы па Ягонай пастанове, усё спрыяе на добрае;
29 бо каго Ён наперад уведаў, тым і наканаваў (быць) падобнымі да вобраза Сына Свайго, каб Ён быў першародны сярод многіх братоў;
30 а каго Ён наканаваў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў.
31 Што ж сказаць на гэта? Калі Бог за нас, хто супроць нас?
32 Той, Хто Сына Свайго не пашкадаваў, а аддаў Яго за ўсіх нас, як зь Ім не даруе нам і ўсяго?
33 Хто будзе вінаваціць выбранцаў Божых? Бог апраўдае іх.
34 Хто асуджае? Хрыстос (Ісус) памёр, але і ўваскрэс: Ён і праваруч Бога, Ён і заступнік за нас.
35 Хто адлучыць нас ад любові Божай: скруха, ці ўціск, ці ганеньне, ці голад, ці галеча, ці небясьпека, ці меч? як напісана:
36 «за Цябе забіваюць нас кожнага дня; лічаць нас за авечак, на зарэз асуджаных».
37 Але ўсё гэта пераадольваем сілаю Таго, Хто палюбіў нас.
38 Бо я ўпэўнены, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні анёлы, ні Пачаткі, ні Сілы, ні сёньняшняе, ні будучае,
39 ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Пасланьне да Рымлянаў, 8 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Да Рымлянаў 8 раздзел в переводах:
Да Рымлянаў 8 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Комментарии Мартина Лютера
  8. Серия комментариев МакАртура
  9. Толкования Августина
  10. Толкование Иоанна Златоуста
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Библия говорит сегодня
  16. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.