Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Абакума 1 Абакума 1 раздзел

1 Прарочая ўява, якую бачыў прарок Абакум.
2 Дакуль, Госпадзе, я буду заклікаць — і Ты ня чуеш, буду лямантаваць Табе пра насільле — і Ты не ратуеш?
3 Навошта даеш мне бачыць зладзейства і глядзець на гароты? Рабунак і насільле перад мною, і паўстае варожасьць і падымаецца разлад.
4 Ад гэтага закон страціў сілу, і суду правільнага няма: як што бязбожны адольвае праведнага, дык і суд адбываецца перакручаны.
5 Паглядзеце паміж народамі і ўважліва ўгледзьцеся, і вы моцна зьдзівіцеся; бо Я ўчыню ў дні вашыя такую дзею, якой вы не паверылі б, калі б вам расказалі.
6 Бо вось, Я падыму Халдэяў, народ жорсткі і неацугляны, які ходзіць па шырынях зямлі, каб завалодаць селішчамі, якія яму не належаць.
7 Страшны і грозны ён; ад яго самога паходзіць суд ягоны і ўлада ягоная.
8 Хутчэйшыя за барсаў коні яго і баржджэйшыя за ваўкоў; скача ў розныя бакі коньніца ягоная; здалёку прыходзяць верхаўцы ягоныя, прылятаюць як арол, што кідаецца на здабычу.
9 Вось ён ідзе на рабунак; памкнуўшы аблічча сваё наперад, ён забірае палонных, як пясок.
10 І з цароў ён зьдзекуецца, і князі служаць яму пасьмешышчам; з усякае крэпасьці ён сьмяецца: насыпае абложны вал і бярэ яе.
11 Тады пышыцца дух ягоны, і ён ходзіць і буяніць; сіла ягоная — бог ягоны.
12 Але ці ж ня Ты здавён Гасподзь Бог мой, Сьвяты мой? мы не памром! Ты, Госпадзе, толькі дзеля суду папусьціў яго. Скала мая! дзеля пакараньня Ты назначыў яго.
13 Чыстым вачам Тваім неўласьціва глядзець на зладзействы, і глядзець на ўціскі Ты ня можаш. Дзеля чаго ж Ты глядзіш на зладзеяў, і маўчыш, калі бязбожнік паглынае таго, хто праведнейшы за яго,
14 і пакідаеш людзей, як рыбу ў моры, як паўзуноў, у якіх няма валадароў?
15 Усіх іх цягне вудаю, хапае ў сетку сваю і забірае іх у нераты свае, і ад таго радуецца і трыюмфуе.
16 За тое прыносіць ахвяры сеткі сваёй і кадзіць нерату свайму, бо ад іх тлустая частка яго і раскошная ежа ягоная.
17 Няўжо дзеля гэтага ён павінен спаражняць сваю сетку і няспынна пабіваць народы бязь літасьці?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Абакума, 1 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.