Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ісуса сына Нава 1 Ісуса сына Нава 1 раздзел

1 Пасьля сьмерці Майсея, раба Гасподняга, Гасподзь сказаў Ісусу, сыну Нава, слузе Майсееваму:
2 Майсей, раб Мой, памёр; дык вось, устань, перайдзі церазь Ярдан гэты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я даю ім, сынам Ізраілевым.
3 Любое месца, на якое ступяць ступакі ног вашых, Я даю вам, як Я сказаў Майсею:
4 ад пустыні і Лівана гэтага да ракі вялікай, ракі Еўфрата, усю зямлю Хэтэяў; і да вялікага мора на захад сонца будуць межы вашыя.
5 Ніхто ня ўстоіць перад табою: не адступлюся ад цябе і не пакіну цябе.
6 Будзь цьвёрды і мужны; бо ты народу гэтаму перадаеш у валоданьне зямлю, якую Я прысягаўся бацькам іхнім даць ім;
7 толькі будзь цьвёрды і вельмі мужны, і старанна захоўвай і выконвай увесь закон, які наказаў табе Майсей, раб Мой; ня ўхіляйся ад яго ні направа, ні налева, каб чыніць разумна ва ўсіх пачынаньнях тваіх.
8 Хай не адыходзіць гэтая кніга закона ад вуснаў тваіх: а павучайся ў ёй дзень і ноч, каб дакладна выконваць усё, што ў ёй напісана: тады ты мецьмеш посьпех на шляхах тваіх і будзеш дзеяць разумна.
9 Вось Я загадваю табе: будзь цьвёрды і мужны, ня бойся і не жахайся; бо з табою Гасподзь Бог твой усюды, куды ні пойдзеш.
10 І даў Ісус наказ наглядчыкам народу і сказаў:
11 прайдзеце па табары і дайце наказ народу і скажэце: назапашвайце сабе ежы на дарогу, бо праз тры дні вы пройдзеце за Ярдан гэты, каб прыйсьці ўзяць зямлю, якую Гасподзь Бог бацькоў вашых дае вам у спадчыну.
12 А племю Рувімаваму, Гадаваму і палавіне племя Манасіінага Ісус сказаў:
13 успомніце, што наказаў вам Майсей, раб Гасподні, кажучы: Гасподзь Бог ваш супакоіў вас і даў вам зямлю гэтую;
14 жонкі вашыя, дзеці вашыя і быдла ваша няхай застануцца ў зямлі, якую даў вам Майсей за Ярданам; а вы ўсе, хто можа змагацца, узброіўшыся, ідзеце перад братамі вашымі і пасабляйце ім.
15 пакуль Гасподзь не супакоіць братоў вашых, як і вас; пакуль і яны не атрымаюць у спадчыну зямлю, якую Гасподзь Бог ваш дае ім; тады вернецеся ў спадчыну вашую і валодайце зямлёю, якую Майсей, раб Гасподні, даў вам за Ярданам на ўсход сонца.
16 Яны адказалі Ісусу кажучы: усё, што ні загадаеш нам, зробім, і куды ні пашлеш нас, пойдзем;
17 як слухалі мы Майсея, так будзем слухаць і цябе: толькі Гасподзь Бог твой хай будзе з табою, як Ён быў з Майсеем;
18 кожны, хто ўсупрацівіцца загаду твайму і не паслухаецца слоў тваіх ва ўсім, што ты ні загадаеш яму, будзе аддадзены сьмерці. Толькі будзь цьвёрды і мужны!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ісуса сына Нава, 1 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.