Библия » Беларускі пераклад Васіля Сёмухі

Ісуса сына Нава 4 раздзел

1 Калі ўвесь народ перайшоў празь Ярдан, Гасподзь сказаў Ісусу:
2 вазьмеце сабе з народу дванаццаць чалавек, па адным чалавеку з племя,
3 і дайце ім загад і скажэце: вазьмеце сабе адсюль, зь сярэдзіны Ярдана, дзе стаялі ногі сьвятароў нерухома, дванаццаць камянёў, і перанясеце іх з сабою, і пакладзеце іх на начлезе, дзе начавацьмеце гэтай ночы.
4 Ісус заклікаў дванаццаць чалавек, якіх назначыў з сыноў Ізраілевых, па адным чалавеку з племя,
5 І сказаў ім Ісус: ідзеце перад каўчэгам Госпада Бога вашага ў сярэдзіну Ярдана і пакладзеце на плячо сваё кожны па адным камені, па ліку плямёнаў сыноў Ізраілевых,
6 каб яны былі ў вас знакам; калі спытаюцца ў вас у будучым сыны вашыя і скажуць: "навошта ў вас гэтыя камяні?"
7 вы скажаце ім: "у памяць таго, што вада Ярдана падзялілася перад каўчэгам запавета Госпада; калі ён пераходзіў празь Ярдан, тады вада Ярдана падзялілася"; такім чынам камяні гэтыя будуць сынам Ізраілевым помнікам навекі.
8 І зрабілі сыны Ізраілевыя так, як загадаў Ісус: узялі дванаццаць камянёў зь Ярдана, як казаў Гасподзь Ісусу, па ліку плямёнаў сыноў Ізраілевых, і перанесьлі іх з сабою на начлег, і паклалі іх там.
9 І дванаццаць камянёў паставіў Ісус сярод Ярдана на месцы, дзе стаялі ногі сьвятароў, якія несьлі каўчэг запавета. Ён там і да сёньня.
10 Сьвятары, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, стаялі сярод Ярдана, пакуль не закончана было ўсё, што Гасподзь загадаў народу – так, як наказваў Майсей Ісусу; а народ тым часам сьпешна пераходзіў.
11 Калі ўвесь народ перайшоў, тады перайшоў і каўчэг запавета Гасподняга, і сьвятары перад народам;
12 і сыны Рувіма і Гада і палавіна племя Манасіінага перайшлі ўзброеныя паперадзе сыноў Ізраілевых, як ім казаў Майсей.
13 Каля сарака тысяч узброеных на бітву перайшло перад Госпадам на раўніны Ерыхонскія, каб біцца.
14 У той дзень праславіў Гасподзь Ісуса на вачах ва ўсяго Ізраіля, і пачалі баяцца яго, як баяліся Майсея ва ўсе дні жыцьця ягонага.
15 І сказаў Гасподзь Ісусу, кажучы:
16 загадай сьвятарам, якія нясуць каўчэг сьведчаньня, выйсьці зь Ярдана.
17 Ісус загадаў сьвятарам і сказаў: выйдзіце зь Ярдана.
18 І калі сьвятары, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, выйшлі зь Ярдана, дык, як толькі ступакі ног іхншіх крануліся сухога, вада Ярдана памкнулася па сваім месцы і пайшла, як учора і заўчора, паверх усіх берагоў сваіх,
19 І выйшаў народ зь Ярдана на дзясятым дні першага месяца і атабарыўся ў Галгале, на ўсходнім баку Ерыхона.
20 І дванаццаць камянёў, якія ўзялі яны зь Ярдана, Ісус паставіў у Галгале
21 і сказаў сынам Ізраілевым: калі спытаюцца ў будучым сыны вашыя ў бацькоў сваіх: "што азначаюць гэтыя камяні?",
22 скажэце сынам вашым: "Ізраіль перайшоў празь Ярдан гэты па сухім";
23 бо Гасподзь Бог ваш высушыў воды Ярдана дзеля вас, пакуль вы не перайшлі яго, гэтак сама, як Гасподзь Бог ваш зрабіў з Чэрмным морам, якое высушыў перад вамі, пакуль мы не перайшлі яго,
24 каб усе народы зямлі даведаліся, што рука Гасподняя моцная, і каб вы баяліся Госпада Бога вашага ва ўсе дні.
Нашли ошибку в тексте? Выделите её и нажмите: Ctrl + Enter

Кніга Ісуса сына Нава, 4 раздзел

Обратите внимание. Номера стихов – это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте, возможно вы будете приятно удивлены.


2007-2020, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите: bible-man@mail.ru.
Рекомендуем хостинг, которым пользуемся сами – Beget. Стабильный. Недорогой.