Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ешуа 4 Кніга Ешуа 4 раздзел

1 Калі ўвесь народ пераправіўся праз Ярдан, сказаў Госпад да Ешуа:
2 «Выберыце дванаццаць мужчын з народа, па адным з кожнага пакалення,
3 і загадайце ім, каб узялі з сярэдзіны рэчышча Ярдана, дзе моцна стаялі ногі святароў, дванаццаць камянёў; іх панесяце з сабою і пакладзяце ў месцы для лагера, дзе раскладзецеся вы пераначаваць».
4 І Ешуа паклікаў дванаццаць мужчын, якіх выбраў з сыноў Ізраэля, па адным з кожнага пакалення,
5 і сказаў ім: «Пойдзеце перад каўчэгам Госпада, Бога вашага, на сярэдзіну Ярдана, і хай кожны прынясе на плячах сваіх па адным камені паводле ліку пакаленняў сыноў Ізраэля,
6 каб гэта было знакам паміж вас. Калі сыны вашы ў будучыні запытаюцца ў вас: “Што значаць гэтыя камяні?” —
7 вы адкажаце ім: “Воды Ярдана сышлі перад каўчэгам запавету Госпада, калі ён перапраўляўся праз яго; дзеля таго пакладзены камяні гэтыя як памятка сынам Ізраэля аж навечна”».
8 Дык сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў ім Ешуа; прынеслі з сярэдзіны рэчышча Ярдана дванаццаць камянёў, як Ешуа загадаў Госпад, паводле ліку пакаленняў сыноў Ізраэля, і прынеслі ў месца, дзе яны расклаліся лагерам. Там іх паклалі.
9 Таксама іншых дванаццаць камянёў паклаў Ешуа на сярэдзіне рэчышча Ярдана, дзе стаялі святары, якія неслі каўчэг запавету; і яны там знаходзяцца па сённяшні дзень.
10 Святары, якія неслі каўчэг, стаялі на сярэдзіне Ярдана, аж пакуль не было выканана ўсё, што Госпад загадаў Ешуа абвясціць народу ўсё, згодна з тым, што загадаў Майсей Ешуа. І народ паспешна перапраўляўся.
11 І калі ўсе пераправіліся, тады перайшоў і каўчэг Госпада; і святары сталі наперадзе народа.
12 Таксама сыны Рубэна і Гада і палова пакалення Манасы ішлі, узброеныя, наперадзе сыноў Ізраэля, як ім загадаў Майсей;
13 каля сарака тысяч узброеных ваяроў прайшло перад абліччам Госпада на раўніны Ерыхонскія, каб ваяваць.
14 У той дзень узвялічыў Госпад Ешуа перад усім Ізраэлем, каб баяліся яго, як баяліся Майсея ва ўсе дні жыцця яго.
15 І сказаў Госпад да Ешуа:
16 «Загадай святарам, якія неслі каўчэг запавету, каб выйшлі з Ярдана!»
17 Ён загадаў ім, кажучы: «Выйдзіце з Ярдана».
18 І, калі яны выйшлі, несучы каўчэг запавету Госпада, і пачалі ісці па сухой зямлі, вярнуліся воды ў рэчышча сваё і цяклі, як раней, ва ўсіх сваіх берагах.
19 А ў дзесяты дзень першага месяца народ выйшаў ад Ярдана і стаў лагерам у Галгале, на ўсход ад Ерыхона.
20 Таксама дванаццаць камянёў, якія былі ўзяты з рэчышча Ярдана, Ешуа паставіў у Галгале.
21 І сказаў сынам Ізраэля: «Калі спытаюцца сыны вашы ў будучым у бацькоў сваіх і скажуць ім: “Што азначаюць гэтыя камяні?” —
22 навучыце іх і скажыце: “Па сухім рэчышчы перайшоў Ізраэль гэтую раку Ярдан”,
23 бо Госпад, Бог ваш, высушыў ваду гэтую на вачах вашых, пакуль вы не перайшлі, як раней учыніў на Чырвоным моры, якое высушыў перад намі, пакуль мы праз яго не перайшлі,
24 каб усе народы на зямлі пазналі наймагутнейшую руку Госпада і каб вы ва ўсе дні баяліся Госпада, Бога вашага».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ешуа, 4 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.