Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ешуа 9 Кніга Ешуа 9 раздзел

1 Пачуўшы пра гэта, усе цары, што жылі за Ярданам, у гарах, і ў Сэфэле, і на ўсім беразе Вялікага мора, таксама тыя, хто жыў аж да Лібана, — хетэі і амарэі, хананеі, феразеі, гівеі і евусеі, —
2 сабраліся разам, каб супольна ваяваць супраць Ешуа і Ізраэля, адзінадушна і з агульным для ўсіх жаданнем.
3 Аднак тыя, што жылі ў Габаоне, чуючы ўсё, што зрабіў Ешуа з Ерыхонам і Гаем,
4 і абдумаўшы хітрасць, узялі з сабою харчы, усклаўшы старыя мяхі на аслоў і старыя бурдзюкі для віна, падзёртыя і палатаныя,
5 і на нагах мелі падзёрты абутак, які быў сшыты абрэзкамі дзеля таго, каб паказаць яго старасць, і апрануліся ў старое адзенне; таксама хлеб падарожны быў сухі ды паламаны на кавалкі.
6 І прыбылі яны да Ешуа, які ў той час пражываў у лагеры ў Галгале, і сказалі яму і таксама ўсяму Ізраэлю: «Прыбылі мы з далёкай зямлі, жадаючы заключыць запавет з вамі». І ў адказ сказалі Ізраэльцы гівеям:
7 «А можа, вы сярод нас жывеце і мы не можам заключаць запавет з вамі?»
8 Яны ж сказалі Ешуа: «Паслугачы мы твае». Ешуа кажа ім: «Хто вы і адкуль прыбылі?»
9 Яны адказалі: «З вельмі далёкай зямлі прыбылі паслугачы твае ў імя Госпада, Бога твайго; бо чулі мы пра славу магутнасці Яго, пра ўсё, што ўчыніў Ён у Егіпце
10 і што зрабіў двум царам амарэйскім за Ярданам, Сэгону, цару Хесебона, і Огу, цару Басана, які быў у Астароце.
11 І сказалі нам старэйшыны і ўсе жыхары нашай зямлі: “Вазьміце ў рукі харчы ў дарогу, і ідзіце насустрач ім, і скажыце: “Паслугачы мы вашыя; заключыце з намі запавет”.
12 Вось хлеб: калі мы выходзілі з дамоў нашых, каб дабрацца да вас, узялі мы яго цёплым; цяпер жа зрабіўся ён сухі і пакрыты цвіллю,
13 бурдзюкі новыя мы налілі віном, а цяпер яны парваліся і паабмяклі; адзенне, у якое апрануліся, і абутак, які маем на нагах, дзеля працягласці даволі далёкай дарогі падзёрліся і ледзь трымаюцца».
14 Дык ізраэльцы пакаштавалі ежы іх і, што скажа Госпад, не запыталіся.
15 І заключыў Ешуа мір з імі, і, увайшоўшы ў запавет, прырок ім жыццё; таксама кіраўнікі супольнасці пацвердзілі гэта ім прысягаю.
16 А па трох днях па заключэнні запавету ізраэльцы пачулі, што яны жывуць у суседстве і сярод іх.
17 І сыны Ізраэля паднялі лагер і ў трэці дзень прыбылі ў іх гарады, якія называюцца Габаон, і Кафіра, і Бэрот, і Карыят-Ярым;
18 і сыны Ізраэля не пазабівалі іх, бо далі ім прысягу кіраўнікі супольнасці ў імя Госпада, Бога Ізраэля. Таму наракала ўся супольнасць супраць кіраўнікоў,
19 якія ім адказалі: «Прысягнулі мы ім у імя Госпада, Бога Ізраэля, і дзеля таго не можам іх чапаць.
20 Але зробім з імі так: захаваем іх, каб жылі, каб не ўзгарэўся супраць нас гнеў Госпада з-за таго, што мы парушылі прысягу;
21 але няхай яны жывуць так, каб секчы дровы і насіць ваду». Калі яны сказалі гэта,
22 Ешуа паклікаў жыхароў Габаона і сказаў ім: «Чаму захацелі вы нас ашукаць падступна, кажучы: “Мы ад вас вельмі далёка жывём”, калі сярод нас жывеце?
23 Таму будзеце вы пад праклёнам, і ніхто з вашага роду не перастане быць паслугачом, секчы дровы і насіць ваду ў дом Бога майго».
24 Яны адказалі: «Мы, паслугачы твае, даведаліся, што Госпад, Бог твой, загадаў слузе Свайму, Майсею, што аддасць вам усю зямлю і знішчыць усіх яе жыхароў; таму мы дужа баяліся дзеля жыцця нашага, напалоханыя страхам перад вамі, і таму так вырашылі зрабіць.
25 Цяпер жа мы ў руках тваіх: што табе здаецца добрым і справядлівым, рабі з намі».
26 Дык Ешуа зрабіў, як сказаў, і вызваліў іх ад рукі сыноў Ізраэля, каб не былі пазабіваныя.
27 І ў той дзень вырашыў ён, што яны будуць дапамагаць усяму народу і ахвярніку Госпада, секчы дровы і насіць ваду аж да цяперашняга часу на месцы, якое Госпад выбраў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ешуа, 9 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.