Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ешуа 17 Кніга Ешуа 17 раздзел

1 А такое выпала жэрабя пакаленню Манасы, — бо сам ён быў першародным Язэпа; Махір, першародны Манасы, бацькі Галаада, бо быў ён ваяром, атрымаў Галаад і Басан.
2 Сваю частку атрымалі таксама астатнія сыны Манасы па іх родах: сыны Абіязэра, і сыны Гэлека, і сыны Асрыэля, і сыны Сэхема, і сыны Хэфэра, і сыны Сэміда: гэта вось сыны Манасы, сына Язэпа, мужчыны, па родах іх.
3 А Салфаад, сын Хэфэра, сына Галаада, сына Махіра, сына Манасы, не меў сыноў, але толькі дачок, якія называліся: Маала, і Ноа, і Хэгла, і Мэлха, і Тэрса.
4 І яны прыйшлі да Элеязэра святара, і Ешуа, сына Нуна, і князёў, і сказалі: «Госпад загадаў Майсею, каб дадзена была нам уласнасць між братоў нашых». І далі ім па загадзе Госпада ўласнасць між братоў бацькі іх.
5 І выпалі Манасе дзесяць частак, апрача зямлі Галаад і Басан за Ярданам.
6 Бо дочкі Манасы атрымалі спадчыну між сыноў яго. А зямля Галаад выпала па жэрабі астатнім сынам Манасы.
7 І мяжа ў Манасы была ад Асэра: Махмэтат, што насупраць Сіхэма, і мяжа паварочвае ўправа на Ясіб ля ручая Тафуа.
8 Менавіта па жэрабі зямля Тафуа выпала Манасе; а горад Тафуа, які знаходзіцца каля межаў Манасы, належаў да сыноў Эфраіма.
9 І мяжа сыходзіць да ручая Кана. На поўдзень ад ручая знаходзяцца гарады Эфраіма, апроч тых, якія меў Эфраім сярод гарадоў Манасы. Мяжа Манасы знаходзіцца на поўнач ад ручая і выходзіць да мора,
10 так што на поўдні знаходзіцца ўласнасць Эфраіма, і на поўначы — Манасы, і мяжой іх з’яўляецца мора. І з племем Асэра мяжуюць яны на поўначы, і з племем Ісахара — на ўсходзе.
11 І была ў Манасы спадчына ў межах Ісахара і Асэра: Бэт-Сан з яго навакольнымі гарадамі, і Іблаам з яго навакольнымі гарадамі, і жыхары Дора з яго навакольнымі гарадамі, таксама жыхары Эн-Дора з яго навакольнымі гарадамі, і таксама жыхары Танаха з яго навакольнымі гарадамі, і жыхары Магеды з яго навакольнымі гарадамі, і трэцяя частка зямлі Нофэт.
12 І сыны Манасы не маглі авалодаць гэтымі гарадамі, але хананеі засталіся ў гэтай зямлі.
13 Калі ж сыны Ізраэля ўмацаваліся, яны пакарылі хананеяў і прымусілі плаціць ім падаткі, але не выгналі іх.
14 І гаварылі сыны Язэпа да Ешуа, кажучы: «Чаму ты даў мне ўласнасць па жэрабі і адну толькі частку, хоць я маю такое мноства людзей і дабраславіў мяне Госпад?»
15 І Ешуа адказаў ім: «Калі ты з’яўляешся вялікім народам, ідзі ў лес і выкарчуй сабе абшары ў зямлі феразеяў і рэфаімаў, калі ўладанне тваё на гары Эфраім цеснае для цябе».
16 Яму адказалі сыны Язэпа: «Гор нам не хапае, і ўсе хананеі, што пражываюць на раўніннай зямлі, маюць калясніцы жалезныя, як жыхары Бэт-Сана і сумежных з ім мясцовасцей, так і тыя, хто жыве на раўніне Езрагэль».
17 І сказаў Ешуа дому Язэпа, Эфраіму і Манасе: «Ты — народ вялікі і вельмі мужны; не будзе ў цябе адна толькі частка,
18 але ты пайдзі на гару, і высечы яе для сябе, і расчысці месца на пасяленне; і ты зможаш пашырыць межы твае, калі выганіш хананеяў, якія маюць жалезныя калясніцы і з’яўляюцца моцнымі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ешуа, 17 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.