Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ешуа 22 Кніга Ешуа 22 раздзел

1 Тады Ешуа паклікаў сыноў Рубэна і Гада і паловы пакалення Манасы
2 і сказаў ім: «Вы споўнілі ўсё, што вам загадаў Майсей, паслугач Госпадаў; мяне слухалі таксама ва ўсім, што я загадаў вам,
3 і не пакінулі вы братоў сваіх увесь гэты доўгі час аж да сённяшняга дня, пільнуючы ўладу Госпада, Бога вашага.
4 Бо, такім чынам, даў Госпад, Бог ваш, супакой братам вашым і цішыню, як паабяцаў ім; цяпер вяртайцеся і ідзіце ў палаткі вашыя і ў зямлю ўладання вашага, якую даў вам Майсей, паслугач Госпадаў, за Ярданам;
5 толькі вельмі старанна пільнуйце і на самай справе выконвайце прыказанні і закон, як загадаў вам Майсей, паслугач Госпадаў, каб любіць Госпада, Бога вашага, і хадзіць па ўсіх шляхах Яго, і спаўняць прыказанні Яго, і туліцца да Яго, і служыць Яму ўсім сэрцам і ўсёю душою сваёю».
6 І дабраславіў іх Ешуа, і адпусціў іх, і яны вярнуліся ў свае палаткі.
7 А палове пакалення Манасы Майсей даў уласнасць у Басане; і таму другой палове Ешуа даў частку між іншых братоў іх, на заходнім беразе Ярдана. І калі Ешуа адпусціў іх у іх палаткі і дабраславіў іх,
8 ён ім сказаў: «Вы вяртаецеся ў свае мясціны з вялікімі багаццямі, з мноствам жывёлы, срэбрам і золатам, меддзю, якую вы забралі ў ворагаў вашых, і жалезам, і вялікаю колькасцю адзення; падзяліце здабычу ад ворагаў паміж братамі вашымі».
9 І сыны Рубэна, і сыны Гада, і палова пакалення Манасы вярнуліся і пакінулі сыноў Ізраэля ў Сіло, што ў Ханаане, каб увайсці ў зямлю Галаад, зямлю ўладання свайго, якую атрымалі па загадзе Госпада праз Майсея.
10 І калі прыбылі яны ў ваколіцы Ярдана ў зямлі Ханаан, пабудавалі каля Ярдана ахвярнік, вялікі з выгляду.
11 Калі пачулі сыны Ізраэля, што сыны Рубэна і Гада і палова пакалення Манасы пабудавалі ахвярнік на зямлі Ханаан у ваколіцах Ярдана насупраць сыноў Ізраэля,
12 усе сабраліся ў Сіло, каб выступіць і ваяваць супраць іх.
13 І сыны Ізраэля між тым выправілі да іх у зямлю Галаад Пінхаса, сына Элеязэра святара,
14 і з ім дзесяць князёў, па адным з кожнага пакалення Ізраэля, кожны стаяў на чале роду ў родах Ізраэля.
15 Яны прыбылі да сыноў Рубэна і Гада, і паловы пакалення Манасы ў зямлю Галаад і сказалі ім:
16 «Гэта загадвае ўся супольнасць Госпада: “Што гэта за злачынства? Чаму пакінулі вы Госпада, Бога Ізраэля, пабудаваўшы сабе ахвярнік святатацкі, адступіўшыся ад шанавання Яго?
17 Ці не хапае вам граху з Пэгора, і пляма гэтага злачынства захоўваецца на нас аж да сённяшняга дня, і пакаранне сышло на супольнасць Госпадаву?
18 І вы сёння адступіліся ад Госпада і сталася так, што паднялі вы бунт супраць Госпада; і заўтра ўзгарыцца гнеў Яго на ўсю супольнасць Ізраэля.
19 Бо калі вы думаеце, што зямля вашага ўладання з’яўляецца нячыстай, перайдзіце ў зямлю ўладання Госпадава, дзе прабывае Госпад, і абжывіцеся ў нас; толькі не бунтуйце супраць Госпада і не прымушайце нас бунтаваць, будуючы ахвярнік, акрамя ахвярніка Госпада, Бога нашага.
20 Ці не Ахан, сын Зары, парушыў загад Госпада адносна праклёну, і гнеў Госпада не абярнуўся на ўсю супольнасць Ізраэля? І гэта быў адзін чалавек, хто зграшыў, хай бы толькі адзін і паміраў за сваё злачынства!”»
21 І сыны Рубэна, і сыны Гада, і палова пакалення Манасы адказалі князям, пасланцам Ізраэля:
22 «Наймацнейшы Госпад Бог, наймацнейшы Госпад Бог Сам ведае гэта, і Ізраэль павінен зразумець: калі мы з намерам бунту і двурушніцтва адносна Госпада пабудавалі гэты ахвярнік — не пашкадуе Ён нас, але зараз жа пакарае;
23 і калі зрабілі мы ахвярнік з той думкаю, каб адступіцца ад Госпада і ўскладаць на ім цэласпаленні і ахвяры, і ахвяры прымірэння, то хай Сам Госпад разбярэцца і рассудзіць;
24 і калі мы не зрабілі гэта больш з-за руплівасці і з-за думкі пра будучыню, кажучы: “Заўтра скажуць сыны вашыя сынам нашым: “Што маеце вы супольнага з Госпадам, Богам Ізраэля?
25 Госпад паставіў на рацэ Ярдан мяжу між намі і вамі, сыны Рубэна і сыны Гада, і таму вы не маеце ніякай часткі ў Госпада”; — і з гэтай нагоды сыны вашы адвернуць сыноў нашых ад страху Госпада.
26 Такім чынам, і добра падумалі, і сказалі: “Паставім сабе ахвярнік не на цэласпаленні і не на ахвярапрынашэнне,
27 але як сведчанне паміж намі і вамі, і паміж нашчадкамі нашымі і нашчадкамі вашымі, што мы будзем служыць Госпаду і што ў нас будзе права складаць цэласпаленні, і ахвяры, і ахвяры прымірэння; і што ні скажуць заўтра вашыя сыны сынам нашым: “Вы не маеце часткі ў Госпадзе”.
28 Калі б яны гэта хацелі сказаць, мы б адказалі ім: “Вось, бачыце падабенства ахвярніка Госпада, які зрабілі бацькі нашыя не на цэласпаленні, і не на ахвяры, але каб гэта было сведчаннем між намі і вамі”.
29 Далёкія мы ад гэтага злачынства, каб бунтаваць супраць Госпада і не ісці па Яго слядах, пабудаваўшы ахвярнік для цэласпаленняў, і ахвяраў, і ахвяраў крывавых, акрамя ахвярніка Госпада, Бога нашага, што ёсць перад скініяй Яго”».
30 Калі святар Пінхас і князі супольнасці і кіраўнікі дружын Ізраэля, што былі з ім, пачулі гэта, яны супакоіліся і вельмі ахвотна падтрымалі словы сыноў Рубэна, і Гада, і паловы пакалення Манасы;
31 Тады Пінхас, сын Элеязэра святара, сказаў ім: «Пераканаліся мы сёння, што з намі Госпад, бо вы не дапусцілі гэтага двурушніцтва адносна Госпада і збераглі сыноў Ізраэля ад рукі Госпада!»
32 І святар Пінхас, сын Элеязэра, і князі пакінулі сыноў Рубэна і сыноў Гада, і вярнуліся з зямлі Галаад у зямлю Ханаан, да сыноў Ізраэля, і прынеслі ім гэты адказ.
33 І спадабалася размова ўсім, хто слухаў, і ўславілі сыны Ізраэля Бога; і не гаварылі больш, каб ісці супраць іх ваяваць і каб спусташаць зямлю, якую абжылі сыны Рубэна і Гада.
34 І сыны Рубэна і сыны Гада назвалі ахвярнік, які пабудавалі, Эд, бо казалі: «Гэта сведка між намі, што Госпад ёсць Сам Бог».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ешуа, 22 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.